Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкі суд Наваполацку прызнаў Яўгена Канстанцінава вінаватым у дробным хуліганстве: у бойцы і нецэнзурнай лаянцы. Амаль двое сутак актывіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня — якраз тады, калі ў горадзе праходзіў «Марш нязгодных», у якім спадар Канстанцінаў меўся браць удзел.

Яўгена Канстанцінава абвінавацілі ў арганізацыі бойкі, якую ён апісвае так:

«17 чэрвеня каля майго пад’езду мяне сустрэлі двое невядомых і пачалі правакаваць на бойку. Гэта ўбачыла суседка ды крыкнула з вакна, што зараз выкліча міліцыю. Невядомыя сышлі, а міліцыя сапраўды неўзабаве зьявілася — аказваецца, каб забраць мяне ў пастарунак, бо на мяне на той час ужо нехта напісаў скаргу. У гарадзкім аддзеле падчас складаньня пратаколу мне наўпрост казалі: «Ты ж усё разумееш, гэта праз палітыку».

За пару дзён да затрыманьня ў Яўгена Канстанцінава правялі ператрус. Яго забралі з працы ды павезьлі ў пракуратуру, каб выпісаць ордэр, дзе было запісана, што ён падазраецца ў незаконным вырабе самагону — нібыта такая заява паступіла ад суседзяў.

Самагоннага апарата ў кватэры не знайшлі. Затое спадар, які напісаў на актывіста заяву пра бойку, прыйшоў на суд нецьвярозы. Судзьдзя не змагла дапытаць сьведку з боку абвінавачаньня, бо той ня змог адэкватна рэагаваць на пытаньні — і працэс мусілі перанесьці з 20 на 22 чэрвеня.

На думку Яўгена Канстанцінава, прычыны ператрусу, затрыманьня і суду — выключна палітычныя. Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбраў ён працаваў у камандзе экс-кандыдата Андрэя Саньнікава, а цяпер — адзін з актывістаў грамадзкага аб’яднаньня «Вольны рэгіён».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG