Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікаюць грамадзян Беларусі 22 чэрвеня а 19 гадзіне зноў, як і тыдзень таму, выйсьці на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў на маўклівую акцыю пратэсту. Улады арганізоўваюць у гэтых месцах рэпэтыцыі сьвяточных парадаў, а пракуратура і міліцыя пагражаюць патэнцыйным удзельнікам акцыі прыцягненьнем да адказнасьці.

Заклік выходзіць на вуліцы кожную сераду распаўсюджаны праз інтэрнэт-сайт «Вконтакте». Сёньня акцыя адбудзецца чацьвёрты раз. «Проста шпацыруйце, стойце — проста знаходзьцеся там. З кожным днём нас будзе рабіцца ўсё болей! Калі на плошчы будуць тысячы людзей, то гэта будзе паказчык таго, што можна прыступаць да больш актыўных дзеяньняў», — пішуць арганізатары.

Дзьве першыя «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» ў Менску і ў іншых гарадах прайшлі пры ўдзеле некалькі сотняў чалавек пад наглядам, але без умяшаньня спэцслужбаў. Мінулым разам менскія ўлады арганізавалі на Кастрычніцкай плошчы рэпэтыцыю з удзелам актывістаў БРСМ, абгарадзіўшы плошчу турнікетамі. Прыпынкі грамадзкага транспарту і мэтро ў цэнтры гораду ў гэты час не працавалі, а ходнікі блякавалі супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыі. Больш за тысячу чалавек скандавалі «ШОС», пляскалі ў ладкі, а легкавікі віталі людзей сыгналамі. Замест абвешчаных у інтэрнэце 30 хвілін акцыя доўжылася амаль дзьве гадзіны. Адным з удзельнікаў падзеі стаў Уладзімер Някляеў, які гэтак пракамэнтаваў «Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку»:

«Хаця б ужо праз тое, што беларусы першымі прыдумалі „Рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі“ — гэтага не было на пасьлясавецкай прасторы, то гэта ўжо важная рэч. А тое, што прыдумалі людзі маладыя, найбольш актыўныя — удвая добра. Калі таксама ўлічыць, што гэта дае плён, што гэта адназначна яднае людзей, а не разьядноўвае, што гэта адназначна працуе не на ўладу, не на рэжым, а супраць яго, бо ўсе, хто туды прыходзяць — яны ведаюць, чаму і дзеля чаго прыйшлі, — то гэта рэч ва ўсіх адносінах дадатная. Можна і такімі сродкамі змагацца, абы змагацца, абы ня быць абыякавымі».

Уладзімер Някляеў на «рэвалюцыі» 15 чэрвеня.

Яшчэ напярэдадні мінулай акцыі Генэральная пракуратура Беларусі папярэдзіла, што «асобы, вінаватыя ў арганізацыі або ўдзеле ў незаконных масавых мерапрыемствах, могуць быць прыцягнутыя да вызначанай законам адказнасьці». Падчас прэсавай канфэрэнцыі 17 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова «спыніць спробы дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі». А сёньня на афіцыйным сайце МУС зьявілася папярэджаньне, што «калі вы на „плошчы“, то вы — правапарушальнік з усімі наступствамі. Будзьце гатовыя да затрыманьня і штрафу». Далучыліся да супрацьстаяньня і гарадзкія адміністрацыі: на цэнтральных плошчах Віцебску, Берасьця, Бабруйску і іншых гарадоў сёньня заплянаваныя рэпэтыцыі сьвяточных парадаў. Такія захады ўладаў камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
«Акцыя „прасунутага“ кампутарнага пакаленьня моладзі не на жарт устрывожыла ўлады, бо яна бачыць, як менавіта з блогерскіх сацыяльных сетак распачыналіся забурэньні ў арабскіх дэспатыях. І вось гэтыя прэвэнтыўныя папярэджаньні сілавікоў — яны дзіўныя ўражаньні пакідаюць, бо выглядае, што рэжым стаў баяцца свайго народу — вось да такой фазы ён дайшоў. Вядома, будуць старацца здушваць ініцыятыву ўсяляк, але думаю, што цяжка ваяваць з сучаснымі тэхналёгіямі. І таксама цяжка супрацьстаўляць сябе ня тое што вузкай купцы партыйных прафэсійных рэвалюцыянэраў, а даволі шырокай плыні адукаванай моладзі. І яшчэ гэта паказвае, што ўсе гэтыя мільярды, укінутыя ў розныя БРСМы — змарнаваныя, бо моладзь усё роўна не жадае гэтага анахранічнага рэжыму».

Шэраг інтэрнэт-сайтаў таксама паведамляюць, што сёньня да вулічнай акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў Менску далучаюцца аўтамабілісты, якія плянуюць даяжджаць у цэнтар гораду, каб падтрымаць удзельнікаў акцыі сыгналамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG