Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль "Вольнае паветра" перанесены з-за недахопу міліцыі


Міжнародны фэстываль новага этна "Вольнае паветра", які меўся адбыцца 2 ліпеня на хутары Шаблі (Валожынскі раён Менскай вобласьці), перанесены на канец жніўня з-за недахопу супрацоўнікаў міліцыі, паведамілі ў прэс-службе фэстывалю.

Як сказаў арганізатар мерапрыемства Ўладзімер Шаблінскі, "перанос зьвязаны з тым, што міліцыя Валожынскага раёну ў сьвяточныя дні будзе задзейнічаная ў забесьпячэньні бясьпекі ў Менску і таму ня зможа працаваць на фэстывалі".

"Перанесьці мерапрыемства на нейкі невялікі тэрмін мы ня можам, бо графік запрошаных артыстаў, тэхнічных і бытавых службаў расьпісаны як мінімум на месяц наперад, — сказаў ён. — У выніку, каб забясьпечыць высокі ўзровень музычнай праграмы і абслугоўваньня на пляцоўцы, мы пераносім яго на канец жніўня. Кошт білетаў застанецца сымбалічным (20 тыс. рублёў. — БелаПАН.)".

Арганізатар растлумачыў, што новая дата правядзеньня фэстывалю і яго ўдакладненая праграма зьявіцца максымум праз два тыдні.

Фэстываль "Вольнае паветра", які неафіцыйна ўжо некалькі гадоў зьбірае разам беларускіх этнамузыкаў, сёлета набудзе прынцыпова новы фармат. Яго сутнасьць, як сказаў арт-дырэктар фэстывалю Аляксандар Багданаў, заключаецца ў тым, што на фэстывалі ня будзе хэдлайнэраў (самых чаканых удзельнікаў мерапрыемства). "Мы ня робім аднаго хэдлайнэра, каб людзі не прыяжджалі толькі на яго дзеля гучнага імя, а прыехалі пачуць новую музыку і пазнаёміцца з актуальнымі тэндэнцыямі сучаснай этнікі", — сказаў ён.

Як адзначылі ў прэс-службе мерапрыемства, удзел у музычным сьвяце возьмуць артысты зь Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы і Сэрбіі, якія "ў сваёй творчасьці спалучаюць сучасную музыку і аўтэнтычную культуру розных краін сьвету".

Выступленьні пройдуць на дзьвюх канцэртных сцэнах. Акрамя гэтага, арганізатары прадугледзелі некалькі дадатковых пляцовак з дыджэямі, а таксама кінатэатар пад адкрытым небам. Госьці фэстывалю змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях і забавах.

На месцы правядзеньня мерапрыемства будзе арганізаваны паўнацэнны сэрвіс, паведамілі ў прэс-службе фэстывалю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG