Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута перадаў прэмію Някляева музэю Быкава ў Горадні


Аляксандар Фядута ў Горадні.

Аляксандар Фядута ў Горадні.

Сёньня намесьнік старшыні грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута наведаў на гарадзенскай кватэры Мікалая Мельнікава — стваральніка грамадзкага музэю пісьменьніка Васіля Быкава. Мэтай было перадаць яму прэмію «За свабоду думкі», якой быў адзначаны паэт Уладзімер Някляеў.

Аляксандар Фядута нагадвае, што 19 чэрвеня ў Бычках, на радзіме Васіля Быкава, лідэру грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімеру Някляеву была ўручана прэмія, заснаваная рухам «За свабоду». Яна носіць імя Васіля Быкава і называецца «За свабоду думкі». Адным з намінантаў быў грамадзкі музэй Быкава ў Горадні. Даведаўшыся пра гэта, Уладзімер Някляеў вырашыў перадаць прэмію разам са статуэткай музэю Васіля Быкава. Пры гэтым паэт застаўся ляўрэатам, зазначае Аляксандар Фядута. У лісьце на імя Мікалая Мельнікава Ўладзімер Някляеў падкрэсьліў, што перадае прэмію ў музэй у дзень сьмерці пісьменьніка. Ён таксама высока ацаніў працу Мікалая Мельнікава: «Асабіста вашыя высілкі і дабрачынную працу вас і вашых паплечнікаў па ўратаваньні і захаваньні ўсяго, што зьвязвае Васіля Быкава і Гродна, я лічу духоўным подзьвігам».

Аляксандар Фядута прызнаўся, што зь Мікалаем Мельнікавым у яго былі складаныя адносіны. Фядута быў студэнтам Мельнікава:

«Магу сказаць: наколькі мы адзін аднаго не любілі ў час, калі ён працаваў, а я вучыўся ва ўнівэрсытэце, настолькі сёньня я быў узрушаны, калі яго ўбачыў. Дай Бог кожнаму з нас ня толькі дажыць да 87 гадоў, але захаваць сьветлы розум, такую ўпартасьць, сапраўдную няўрымсьлівасьць. Ведаеце, зусім іншымі вачыма глядзіш на чалавека. Я ўспрымаю яго празь ягоныя мэмуарныя кнігі пра дзяцінства, пра раскулачваньне, якія я прачытаў зусім нядаўна. І ўспрымаю яго таксама праз тую дзейнасьць, якую ён разгарнуў па стварэньні музэю Быкава. Таксама і ён, я лічу, быў трошкі ўзрушаны, калі мяне ўбачыў, ня толькі таму, што я быў ягоным студэнтам, але й таму, што са мной адбылося...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG