Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Да вечара 22 чэрвеня ўлады рыхтуюцца фундамэнтальна. ОНТ паказала паўгадзінны сюжэт, у якім знайшлося месца расповедам і пра шкоднасьць сацыяльных сетак, і пра сумныя вынікі эгіпэцкай рэвалюцыі, і пра злавесныя пляны вашынгтонскіх ястрабаў.

А сёньня да кампаніі далучылася ГУУС, апублікаваўшы зварот да грамадзянаў з угаворамі, пагрозамі і казуістыкай.

«Калі паміж людзьмі ўзьнікае канфлікт, то закон устае на абарону таго, чые правы былі патаптаныя. Гэта ж датычыцца і грамадзкіх адносін: калі ім наносіцца ўрон, то закон проста АБАВЯЗАНЫ ўстаць на іх абарону,» – піша ГУУС. Залатыя словы, заўсёды б так. Але далей – працяг тэатру абсурду, які можна было назіраць падчас працэсаў па справе 19 сьнежня: «З прававога пункту гледжаньня вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў «сацыяльных рэвалюцый» – цалкам рэальнае, прамое парушэньне беларускага заканадаўства. Арганізатары заклікаюць маўчаць або мычаць, тупаць або пляскаць – заканадаўству важны ў першую чаргу сам факт арганізацыі падобных мерапрыемстваў».

Якіх мерапрыемстваў? Такія «мерапрыемствы» ў цэнтры любога гораду штодзень зьдзяйсьняе натоўп мінакоў – ідзе сабе па сваіх справах, часам стаіць, часта маўчыць. Калі людзі, сабраўшыся на плошчу, паводзяць сябе як звычайныя мінакі і тыя, хто проста гуляе па сваім горадзе, то як адрозьніць іх ад мінакоў і тых, хто проста гуляе? Дарэчы, у сваім папярэджаньні тыдзень таму ГУУС само падкрэсьлівала гэты чыньнік: маўляў, цяжка адрозьніць. Дык калі паводзіны ўдзельнікаў «мерапрыемства» такія ж, як паводзіны законапаслухмяных мінакоў, да якіх, здаецца, ГУУС пакуль ня мае прэтэнзіяў, то значыць яны гэтак жа не парушаюць закон.

Адрозьненьне – у закліках прыйсьці на плошчу? Але ізноў жа – як адрозьніць тых, хто паслухаўся закліку, ад тых, хто проста выйшаў пагуляць? У выпадку мітынгу, шэсьця, пікету адрозьненьне палягае ў спэцыфічных дзеяньнях – прамовах, лёзунгах, мэтанакіраваным руху. А калі іх няма, то ў прыняцьці якіх мераў можа абвінаваціць удзельнікаў «мера-прыемства»?

У якіх, у якіх – усё ўжо бачылі на працэсах 19-га: «присоединился к бесчинствующей толпе».

Сказана ж: «калі паміж людзьмі ўзьнікае канфлікт, то закон устае на абарону таго, чые правы былі патаптаныя». Ёсьць такі чалавек, і мы ўсе яго ведаем, які трактуе свае правы неабсяжна шырока – любыя дзеяньні, акрамя выкананьня яго загадаў, трактуюцца як нахабнае парушэньне яго правоў.

Прэсавы сакратар ГУУС Аляксандар Ластоўскі, не абмежаваўшыся афіцыйным зваротам, апублікаваў на сваім блогу ва ўласьцівым яму панібрацкім стылі некалькі парадаў тым, хто на плошчу ўсё ж пойдзе. Ускосна – гэта прызнаньне, што відаць, нягледзячы на ўсе запалохваньні і пагрозы, прыйдзе шмат. Многія зь яго прапановаў, дарэчы, бясспрэчна слушныя: папярэдзіць бацькоў, узяць з сабой пашпарт, ня піць сьпіртовых напояў, не паддавацца на правакацыі. Некаторыя іншыя слушныя ў тым сэнсе, што тыя, хто хочуць пазьбегнуць канфліктаў зь сіламі правапарадку, павінны ведаць, якія дзеяньні ўспрымаюцца гэтымі самымі сіламі як агрэсія. Сп-р Ластоўскі добра ведае правілы і норавы сваіх калег.

Паводзіны міліцыі падчас акцыі «Стоп-бэнзін» паказалі, што сама па сабе яна зусім ня мае імпэту душыць усё, што шавеліцца. Не было наўпроставай каманды з самага верху – і больш за гадзіну на цэнтральным праспэкце Менску віравала сьвята непаслушэнства. Зараз такая каманда прагучала – на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка дзяржавы. У сьвятле надзвычайнай зьмястоўнасьці і дарэчнасьці развагаў пра памытых даярак і іншыя надзвычай актуальныя тэмы, узьнікае падазрэньне, ці не дзеля гэтага загаду, агучанага urbi et orbi, тая прэсавая канфэрэнцыя праводзілася?

Ну, а служывыя людзі загады выконваюць. Калі ўсьведамляюць іх юрыдычную абсурднасьць, імкнуцца мінімізаваць людзкія пакуты, што ўласна і зрабіў сп-р Ластоўскі ў сваім блогу.

Хаця палітычна для ўлады такі загад разумны і цалкам зразумелы. Сытуацыя няўстойлівая, народ незадаволены, злы, у маўклівых мітынгах ёсьць пэўная дынаміка – раз за разам на іх прыходзіла больш людзей. Рэвалюцыя – занадта гучнае і адказнае слова, яны не здараюцца на замову. І на змову. Але насамрэч эгіпэцкія блогеры, дамовіўшыся першы раз выйсьці на плошчу, не чакалі таго эфэкту, які дасьць іх выхад, у чым потым шчыра прызнаваліся.

Такога эфэкту «сьнежнага кома» ўлада і асьцерагаецца. Можа, і дарма. Пакуль на маўклівыя мітынгі выходзяць пераважна людзі ідэалаў, людзі інтарэсаў пакуль альбо маўчаць дома альбо ладзяць іншыя акцыі. Інтэрвію лідэра «Стоп-бэнзін» Арцёма Шаркова, у якім ён даволі прахалодна выказаўся пра маўклівыя мітынгі – сьведчаньне таго, што дзьве плыні пратэстных настрояў пакуль не аб'ядналіся і нават не знайшлі агульнай мовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG