Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: “Шчасьлівы памерці за цара”



З часам усё мацней цьверазееш: чым больш настойліва нагадваць ім пра памятную дошку Кастусю Каліноўскаму, якую яны не павесілі на Савецкай вуліцы, тым болей у іх будуць сьвярбець рукі прыбіць замест яе іншую, ня выключана нават — карнаму генэралу-вешальніку. Так-так, Мураўёву, нашаму гарадзенскаму губэрнатару. Ён жа Каліноўскага павесіў, не наадварот. Губэрнатары цяпер у фаворы, губэрнатары наша ўсё.

Шыльды-шыльды


Другая дошка, якую зацьвердзілі ўлады, а потым схаваліся ў хмызы, мела быць прысьвечанай нашаму пісьменьніку Васілю Быкаву. Гараджане не дачакаліся і паставілі цяпер фанэрныя шыльды: “У гэтым доме жыў пісьменьнік Васіль Быкаў”. У начальства сёньня “на вуме” іншыя героі.

Спатыкаю знаёмага скульптара, прыглядаецца да рогу губэрнатарскага палацу. Вось на тым месцы, паказвае — шыльда Сталыпіну будзе. Канечне, кажа, Быкаву прыямней было б зрабіць, але начальству хочацца, каб Сталыпіну.

Дарэчы, быў якраз дзень нараджэньня Васіля Быкава, а скульптар зрабіў калісьці макет дошкі яму, але начальства забаялася… Калі пісьменьнік яшчэ жыў у Горадні, у абкаме партыі вырашылі забясьпечыць галовы футранымі шапкамі, дзеля дэмакратыі ў сьпісы ўключылі некалькіх чужакоў, вядомых у горадзе людзей. Дык вось: Быкава са сьпісу выкрасьлілі, шапку ён не атрымаў.

Словам, адмашкі на дошку Васілю Ўладзімеравічу скульптар не дачакаўся. Праўда, начальства дазволіла ўшанаваць памяць Аляксандра Шыдлоўскага, кампазытара, дзеяча нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, ён пражыў у Горадні 61 год. Скульптар зрабіў яму адметную дошку, яна вісіць тры дні ўжо.

Што да сталыпінскай, то дошка будзе на рагу камяніцы: з аднаго боку старая вісіць — Фэліксу Дзяржынскаму, зусім побач — Пятру Сталыпіну, гэткі “расстрэльны куток”. А, вось ты пра што, кажа скульптар і ўзгадвае: чуў, што ў нас на Гарадзеншчыне таксама трыста чалавек сьмерцю пакаралі пры Сталыпіне. На гэтым і разьвіталіся…

Біяграфічная даведка


Я хаджу міма гэтай камяніцы кожны дзень і для мяне як для творцы падзея будзе цікавай: дошкі з партрэтамі па суседзтву аўтара царскага тэрору і —чырвонага. Дзяржынскі, што не сакрэт, быў духоўным вучнем Сталыпіна. Вось і будзе ў нас “салодка-гаркавая парачка”.

Думаю, начальства не чытала біяграфіі свайго героя, у начальства часу на такія справы няма. Дый мяне ён не асабліва цікавіў. А слаўная па-свойму, баявая біяграфія. Зазірнем зараз разам, чытаем: за падаўленьне народных паўстаньняў Сталыпін атрымаў падзяку ад цара. А быў жа не генэралам, проста губэрнатарам, у далёкім ад нас Паволжы. Вядома: пачалі паляваць на яго, каб адпомсьціць. Нічога не атрымалася.

Сталыпін, выглядае, быў крэмнем. Выбіўся ў міністры ўнутраных справаў, а неўзабаве была распушчана Дзяржаўная дума, і яго зрабілі прэм’ер-міністрам. Вось тут ужо наш герой і закасаў рукавы: падпісвае славуты ўказ аб ваенна-палявых судах. “Тройка” цягам сарака васьмі гадзінаў павінна была пакараць сьмерцю арыштаванага. Прысуд — бяз права абскардзіць, выкананьне — цягам дваццаці чатырох гадзінаў.

Даходзіла да чорнага гумару: у войсках пачыналіся хваляваньні — колькі можна расстрэльваць?! Вешайце іх! Для вайскоўца — гэта ніжэй гонару ў мірны час рукі ў крыві мець, ды яшчэ порах марнаваць. Адзін з губэрнатараў папрасіў з гэтай нагоды ў Сталыпіна грошы, каб наняць на працу ката-вешальніка і пабудаваць шыбеніцы. І грошы знайшліся.

Дарэчы, Дума адмовілася зацьвердзіць ваенна-палявыя суды, але наш герой быў сам сабе рэжысэрам. У губэрні даслаў дырэктыву: “менш арыштоўваць, больш страляць!” Сталыпін павялічыў лічбу зьняволеных у турмах у два разы. Цягам 1907-1909 гадоў не было ніводнага дня безь сьмяротных прысудаў, такія вось сухія зьвесткі.

Словам, Сталыпін распускаў Думу, душыў прафсаюзы, будаваў турмы, нястомна расстрэльваў, ну і праводзіў аграрную рэформу, што выклікае замілаваньне ў начальства (хаця, каб яно пацікавілася, ён быў рашуча супраць “калгасаў”, ён за фэрмэрства выступаў). Яму адпомсьцілі, апошнімі словамі былі: “Шчасьлівы памерці за цара”. Як на сцэне папросту, зрэшты здарылася ў тэатры, ля аркестравай ямы: дзьве кулі з браўнінга.

У гарадзенскіх аналах таксама застаўся запіс: на другі дзень працы губэрнатарам Сталыпін закрыў у горадзе “польскі клюб” за “паўстанцкія настроі”. Хіба на бюсьцік у бюджэце ўжо не нашкрэбсьці, толькі на дошку.
І сапраўды: за Быкава яго кнігі гавораць… А за Сталыпіна хто і што скажа гарадзенцам? Шыбеніц даўно няма, фэрмэрства ў прыдушаным стане. Дык няхай хоць дошка нагадае: жыў курылка-зямлю рыў, за цара-бацюхну сканаў прыгожа, вечная памяць!

Сто год тэракту


Заканчваю я гэты тэкст і да мяне даходзіць, што ўлады-то шыльдай хочуць адзначыць сотыя ўгодкі тэракту, калі тэрарыст застрэліў Сталыпіна. Але ж “сьвята”… Шыдлоўскага ж вось, напрыклад, ушанавалі сто гадоў з дня народзінаў. Як не ўзгадаць, што пры Сталіне зь вялікай помпай адзначалі стагодзьдзе сьмерці Пушкіна. Жарты пайші: каб паэт нарадзіўся на сто гадоў пазьней, ён таксама памёр бы ў 37-м.

Але ж Пушкін загінуў на дуэлі, Сталыпіну менш пашанцавала. Я б на шыльдзе зьнізу абавязкова напісаў гэтае “Шчасьлівы памерці за цара”. На шыльдзе кампазытару Шыдлоўскаму рукой скульптара напісаная назва яго прыгожага раманса “Колькі ў небе зор” і першы нотны радок. Хто чым у гісторыі застаецца…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG