Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч скардзіцца на забарону размаўляць па-беларуску


Зьняволены маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч зьвярнуўся з другой заявай у Генэральную пракуратуру. Ён патрабуе правесьці праверку на прадмет парушэньня нормаў Канстытуцыі Беларусі кіраўніцтвам сьледчай турмы №8.

Як паведамляе сайт «Маладога фронту», 10 траўня Дашкевіч накіраваў першую заяву зь пералікам фактаў парушэньня адміністрацыяй СТ-8 “Правілаў утрыманьня асобаў пад вартаю”, абразьлівага стаўленьня да людзей, якія ўтрымліваюцца ў турме. Адным з галоўных парушэньняў ён назваў забарону размаўляць на беларускай мове.

Калі заяву Зьмітра прачыталі цэнзары, яго выклікалі да начальства турмы. Начальнік СТ-8 па апэратыўна-рэжымнай заявіў, што Зьміцер ня мае права размаўляць па-беларуску. Калі Дашкевіч адказаў, што паводле Канстытуцыі гэта дзяржаўная мова, яму было заяўлена, што ён аднабакова інтэрпрэтуе Канстытуцыю, і што ён абавязаны размаўляць па-расейску.

Зьміцер адказаў, што калі кіраўніцтва турмы не разумее дзяржаўнай мовы, няхай наймае перакладчыка. У сваю чаргу кіраўнік апэратыўна-рэжымнай працы ў СТ-8 заявіў, што на Дашкевіча будзе складзены рапарт за грубую размову з начальствам.

З гэтай нагоды маладафронтаўка Наста Палажанка наведала Адміністрацыю СТ-8 і сустрэлася з начальнікам турмы. Палажанка папрасіла спыніць моўную дыскрымінацыю, на што начальнік паабяцаў, што такіх праблем больш ня будзе і што гэта адзінкавы выпадак, які не паўторыцца. “Будзем спадзявацца, што моўны інцыдэнт спынены. Калі інакш – мы будзем рэагаваць у далейшым,” — камэнтуе на сайце «Маладога фронту» Наста Палажанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG