Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уначы рух на граніцы пачынаецца пасьля нуля гадзін…”


Поўнач на памежным пераходзе “Брузгі-Кузьніца Беластоцкая”

Поўнач на памежным пераходзе “Брузгі-Кузьніца Беластоцкая”

На памежным пераходзе “Брузгі-Кузьніца Беластоцкая” ў вячэрні час чарга з машынаў на пераезд граніцы замірае да поўначы і толькі пасьля дванаццаці рух аўта аднаўляецца.

Наш карэспандэнт прыехаў на граніцу пасьля 22-й гадзіны, калі ўжо сьцямнела. Цьмянае асьвятленьне і чарга машынаў, што зьехалі на ўзбочыну дарогі, ніхто ня едзе на пераход.

Кіроўцы стаяць групкамі побач з машынамі, паляць, размаўляюць. Цікаўлюся ў іх – чаму ніхто ня едзе на пераход?

Спадар: “Чакаем, пакуль скончацца пятыя суткі, а гэта ўжо пасьля поўначы — пяць дзён скончыцца і можна будзе ізноў ехаць”.

Карэспандэнт: “Я так разумею, што загадзя вы прыехалі дзеля таго, каб заняць чаргу?”

Спадар: “Так, бо калі будзе чарга, каб потым меней стаяць”.

Іншы спадар: “Ну вось прыехалі мы а 17-й гадзіне, а ехаць можна будзе толькі пасьля поўначы”.

Карэспандэнт: “Дык вы яшчэ і не з Горадні?”

Спадар: “Так, мы з раёнаў”.

Пытаюся спадароў – што яны думаюць пра тутэйшую інфраструктуру, чаму не сядзяць у кавярні, пакуль даводзіцца чакаць?

Спадар: “Паглядзіце, які стан прыбіральні тут, а ў кавярні, як правіла, харчы ня сьвежыя”.

Іншы спадар: “От, як холадна, то заходзім калі кавы папіць, а так… Гэта на польскім баку можна добра паесьці, а ў нас тут гэтыя беляшы ды супы з ролтана”.

Пытаюся спадароў – ці зьмянілася нешта на мяжы з таго часу, як дазволілі езьдзіць толькі раз на пяць дзён. Аказваецца, ніхто дакладна ня ведае, які падатак трэба заплаціць за паліва, калі ты жадаеш езьдзіць часьцей.

Спадар: “Я вось тэлефанаваў у рэгіянальную мытню, мяне там з аднаго тэлефона пасылаюць на другі, потым на трэці, а там дзяўчына адказвае, што мы нічога ня ведаем, спэцыялісты таксама, можа толькі начальнік, а яго няма на месцы”.

Іншы спадар дадае, што апошнія новаўвядзеньні вельмі моцна абурылі людзей і нездарма ў Брузгах рашыліся на тое, каб перакрыць дарогу.

Спадар: “Вы ж самі ведаеце, што тут адбылося – і што пасьля гэтага рабіць? Майго знаёмага пасадзілі на суткі, далі два з паловай мільёна штрафу, а другі ў рэанімацыі – і што тут рабіць? І куды ты папрэш супраць улады?”.

Наагул, людзі кажуць, што многіх насамрэч палохае тое, што Лукашэнка можа закрыць межы і пазбавіць людзей апошняга заробку.

Спадар: “Гэта ўсё сур’ёзна, бо невядома дзе ўладкавацца на працу. Давядзецца недзе нешта шукаць, бо дзеці ёсьць, іх трэба карміць, стаяць жа ня будзеш”.

Апошнімі днямі, кажуць людзі, вельмі актыўнічаюць перагоншчыкі машынаў, на польскім баку і на беларускай мытні чарга толькі з іх аўта.

Спадар: “Усе, як заўсёды, адкладваюць на апошні момант. Праўда, шмат хто візы новыя рабіў і ў апошнія дні кінуліся, каб пасьпець прывесьці аўта. На тым баку шмат стаіць людзей, чакаюць, пакуль уладальнікі прыедуць, каб потым самім пераганяць аўта на наш бок”.

Пачалі заводзіцца рухавікі, спадары пасьпяшаліся па сваіх аўта, відаць, настала поўнач, чарга за гэты час яўна разраслася, апошнім яўна давядзецца яшчэ стаяць некалькі гадзінаў, каб пераехаць граніцу. Добра, што кіроўцы паўключалі фары, можна знайсьці дарогу, каб дайсьці да свае машыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG