Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы дакладчык па Беларусі наведае Менск толькі пры ўмове сустрэчы з палітвязьнямі


Андрэс Хэркель

Андрэс Хэркель

Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прызначыў кіраўніка эстонскай дэлегацыі ў гэтай міжнароднай арганізацыі Андрэса Хэркеля асноўным дакладчыкам па Беларусі. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе фінскую парлямэнтарку Сініку Хурскайнэн. Першае інтэрвію спадар Хэркель даў нашаму радыё.

Магістру гісторыі Андрэсу Хэркелю — 48 гадоў. Ён дэпутат парлямэнту Эстоніі чатырох апошніх скліканьняў. З 2003 году ўваходзіць у склад эстонскай дэлегацыі ў ПАРЭ. А ў 2005–2008 гадах Андрэс Хэркель ачольваў падкамітэт Асамблеі па Беларусі.

Паводле Хэркеля, эканамічнае становішча ў Беларусі пагаршаецца, а абмежаваньні палітычных свабодаў яшчэ больш жорсткія, чым раней. Таму ўлады Беларусі павінны зрабіць ясныя высновы з парушэньняў правоў чалавека і абмежаваньня палітычных свабодаў у краіне:

«Сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная. І даклад па Беларусі — адзін з самых складаных у Радзе Эўропы. Але я ўпэўнены, што мы здолеем падрыхтаваць даклад, найперш — апісаць тыя парушэньні правоў чалавека і палітычных правоў, якія, на жаль, мелі месца падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні мінулага году. І пасьля гэтага».
Сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная. І даклад па Беларусі — адзін з самых складаных у Радзе Эўропы.

Эстонскі парлямэнтар сказаў «Свабодзе», што думае вярнуцца ў беларускім пытаньні да фармату так званай «тройкі». Тады гэтым займаліся адначасова тры структуры — Парлямэнцкія асамблеі ПАРЭ, АБСЭ і Эўрапарлямэнт. І гэта дазваляла эўрапейскім арганізацыям лепш каардынаваць палітыку ў дачыненьні да Беларусі:

«Вядома, трэба як мага больш узгадняць эўрапейскую палітыку адносна Беларусі. І таму трэба ўзнавіць супрацу з Эўрапарлямэнтам і Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ. І таму, мабыць, маім першым крокам на новай пасадзе стане сувязь зь людзьмі, якія займаюцца Беларусьсю ў гэтых структурах».

Цікаўлюся ў суразмоўцы, калі ён апошні раз быў у Менску і калі зьбіраецца прыехаць сюды зноў. Спадар Хэркель ставіць магчымасьць наведваньня сталіцы Беларусі ў залежнасьць ад абавязковага наведваньня палітычных вязьняў:

«Калі будзе запрашэньне. І калі будзе магчымасьць наведаць палітычных вязьняў. Калі будзе такая добрая воля, то тады, зразумела, і Рада Эўропы адкажа на гэта адэкватна.

А апошні раз я быў у Менску ў 2006 годзе, калі праводзіліся папярэднія прэзыдэнцкія выбары. Быў, дарэчы, у складзе дэлегацыі АБСЭ, паколькі Рада Эўропы тады так і не атрымала запрашэньня».

Дакладчык згадвае, што Беларусь дагэтуль застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. І гэта накладае значную спэцыфіку на працу групы. Таму, калі зьявіцца першы даклад — сказаць немагчыма, падкрэсьлівае Андрэс Хэркель:

«Вядома, беларускае пытаньне было і будзе пад увагай Рады Эўропы. І, як я ўжо казаў, мінімум таго, што мы здолеем зрабіць, — гэта апісваць тыя парушэньні, якія былі. А іх, на жаль, было нямала.

У прынцыпе, я думаю, што даклады можна рыхтаваць на аснове тых ускосных дадзеных, што паступаюць да нас ад праваабаронцаў ды зь іншых крыніцаў. Наш фармат працы, зразумела, ня той, калі робяцца маніторынгавыя даклады ў дачыненьні да краінаў-сябраў Рады Эўропы».

Андрэс Хэркель таксама сказаў «Свабодзе», што ўчорашняе абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі ў рамках Палітычнага камітэту ПАРЭ выклікала высокую цікавасьць у шмат каго з дэпутатаў. На жаль, часу было няшмат, а некаторым выступам не хапала аналітычнасьці, падсумаваў свае ўражаньні дакладчык па Беларусі.
XS
SM
MD
LG