Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Гітлер мог выйграць вайну?


Напярэдадні 70-х угодкаў нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз брытанскі гісторык Эндру Робэртс выдаў кніжку пра гісторыю Другой сусьветнай вайны. Кніжка, якая налічвае больш чым 700 старонак, называецца «The Storm of War» (Ваенная навальніца) і мае падзагаловак «Новая гісторыя Другой сусьветнай вайны».

Адной з адметных рысаў падыходу Робэртса да гэтага канфлікту, які апісаны ў незьлічонай колькасьці даўнейшых і навейшых гісторый, зьяўляюцца разважаньні тыпу «а што было б, калі б...». Аўтар пералічвае шматлікія памылкі, якія на ягоную думку зрабіў нямецкі вэрмахт у розных тэатрах ваенных дзеяньняў, і прапануе чытачу задумацца, а што было б, калі б немцы гэтых памылак не зрабілі? То бок, ці Адольф Гітлер мог выйграць вайну?

Асноўны адказ Робэртса на пытаньне, чаму гітлераўская Нямеччына прайграла вайну, хаваецца ў загалоўку кнігі. Гітлер прайграў вайну таму, што яна аказалася не «маланкавай» (Blitzkrieg), як яму хацелася, а менавіта «навальнічнай». Калі трымацца гэтых мэтафараў, дык можна дапоўніць, што маланка звычайна пачынае навальніцу, а не заканчвае яе. Вэрмахт прайграў, бо нямецкая маланка не асьляпіла і не аглушыла ворагаў дазваньня, а ўсяго пачала доўгую навальніцу.

Чаму вайна аказалася доўгай? Часткова, на думку Робэртса, таму, што прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль, пасьля расправы Гітлера з Польшчай у 1939 і Францыяй у 1940, адмовіўся заключыць замірэньне, як яму прапанаваў Бэрлін, а працягваў ваяваць. Калі б Вялікабрытанія заключыла замірэньне з Гітлерам у 1940 або ў пачатку 1941 і выйшла з вайны, не было б савецка-амэрыканска-брытанскага вайсковага саюзу са сьнежня 1941.

Аднак, як лічыць Робэртс, вайна аказалася для Гітлера доўгай перш за ўсё таму, што фюрэр ставіў сабе нерэальныя мэты.

Нерэальным, паводле Робэртса, была спроба Гітлера заваяваць Савецкі Саюз і ўчыніць зь яго расава чыстую тэрыторыю для нямецкай калянізацыі. Робэртс лічыць, што ход нямецка-савецкай вайны маг бы быць зусім іншы, калі б мэтай Гітлера было толькі заваяваньне Савецкага Саюзу, а не ачышчэньне яго ад расава непажаданых элемэнтаў, якія ўключалі ня толькі габрэяў, але і большасьць славянаў ды іншыя «непаўнавартасныя» нацыянальнасьці. Інакш кажучы, Гітлеру трэба было ваяваць са Сталінам, перацягваючы на свой бок як мага больш нацыянальнасьцяў са шматнацыянальнай савецкай імпэрыі. Гэта была ключавая памылка, за якую была адказная перш за ўсё гітлераўская ідэалёгія, а ня армія. Хаця памылка тут ня надта адпаведнае слова – Гітлер хацеў менавіта такой вайны, так што гэта быў ягоны сьвядомы выбар, ягоны «сьвядомы пралік».

Ці можна было разыграць па-іншаму Другую сусьветную вайну ў стратэгічным пляне? Робэртс прапануе чытачу задумацца і над такой «альтэрнатыўнай гісторыяй», у якой Польшча 1 верасьня 1939 году не ўстае на няроўнае змаганьне зь гітлераўскай навалай, бо раней Варшава прыняла прапанову ваеннага саюзу з Бэрлінам і ў верасьні 1939 польская армія насамрэч займаецца падрыхтоўкай да супольнай нямецка-польскай атакі на Савецкі Саюз. Працягваючы гэты ўмоўны гістарычны лад, можна сказаць, што тады не было б пакту Рыбэнтропа-Молатава, які адчужыў ад Нямеччыны Японію, і атака на СССР магла б пачацца з двух бакоў – з захаду немцы і палякі, а з усходу японцы. Ну і Францыя зь Вялікабрытаніяй ня мусілі б даваць вайсковых гарантый Польшчы і ўступаць у вайну з Гітлерам. А Японія, занятая заваёўваньнем Сібіры, магла б і не паквапіцца на Гаваі ды іншыя амэрыканскія астравы ў Ціхім акіяне... Ці гісторыя сьвету не выглядала б іначай?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG