Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравецкую АЭС маюць намер будаваць паводле паскоранай тэхналёгіі


Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС

Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС

Беларуская атамная электрастанцыя будзе будавацца па тэхналёгіі ўзбуйненых блёкаў, якая дазволіць скараціць тэрміны ўзьвядзеньня станцыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар дэпартамэнту па ядзернай энэргетыцы Мінэнэрга Мікалай Груша на III міжнароднай канфэрэнцыі «Атамная энэргетыка ў XXI стагодзьдзі».

Абраная тэхналёгія трохі даражэйшая, бо патрабуе першапачатковых выдаткаў, але выйгрыш у часе, паводле разьлікаў спэцыялістаў, дазваляе кампэнсаваць гэты недахоп.

Каб рэалізаваць абраную тэхналёгію, праектны інстытут унясе ў беларускі праект пэўныя зьмены. «Гэта пытаньне яшчэ некалькіх гадоў, паколькі спачатку трэба правесьці падрыхтоўчыя работы па катлаване. Да таго часу, калі будзе будавацца будынак рэактара, павінна быць створана база, якая дасьць магчымасьць ажыцьцяўляць такую тэхналёгію », - сказаў кіраўнік дэпартамэнту.

Стварэньне гэтай базы беларускія спэцыялісты ўжо пачалі і плянуюць завяршыць да 2014 года.

Першая атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе будавацца паводле расейскага праекту АЭС-2006. Распрацоўка катлавана для будаўніцтва беларускай АЭС на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці пачнецца ў верасьні 2011 года. Генэральны падрадчык будаўніцтва - расейскае ЗАТ «Атамбудэкспарт». Станцыя будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю да 2,4 тыс. МВт. Першы з іх плянуецца запусьціць у 2017-м, а другі - у 2018 годзе. Кошт беларускай АЭС з улікам інфраструктуры складзе 9 млрд. даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG