Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Буланава вярнулі з магілёўскай калёніі на "Валадарку"


Дзьмітрый Буланаў і Мікола Статкевіч
Дзьмітрый Буланаў і Мікола Статкевіч
Маці Дзьмітрыя Буланава прыехала на спатканьне зь ім у магілёўскую калёнію, дзе даведалася, што сына вярнулі ў менскі ізалятар. Уладзімер Някляеў мяркуе, што эканамічныя санкцыі супроць асобаў, якія фінансуюць Аляксандра Лукашэнку, будуць падоўжаныя. Жонцы Дзьмітрыя Вуса паведамілі, што ён у калёніі. Ірына Халіп камэнтуе перанос разгляду касацыйнай скаргі.


Асуджанага на 3 гады калёніі за падзеі 19 сьнежня Дзьмітрыя Буланава нечакана для сваякоў перавялі з Магілёўскай калёніі, дзе ён ужо пачаў адбываць пакараньне, зноў у менскі ізалятар на Валадарскага. Нібыта на азнаямленьне з пратаколамі суду, паведаміла дзяўчына Дзьмітрыя Надзея Макарэвіч:

"Дзімава маці прыехала сёньня на спатканьне зь ім у магілёўскую калёнію № 15, а ёй сказалі, што спатканьня не дадуць, бо ён этапаваны зноў у Менск. Я пазваніла ў калёнію, і мне таксама пацьвердзілі, што 18 чэрвеня адправілі яго ў Менск на вывучэньне пратаколаў. 19-га ён ужо прыехаў сюды, у той жа камэры знаходзіцца. Бязь ежы, безь перадачаў. Мы ў роспачы. Ня ведаем, што і думаць".

Ці азначае гэта, што "саўдзельнікаў" Буланава таксама этапуюць у Менск для азнаямленьня з пратаколам працэсу? Жонка Аляксандра Класкоўскага, якога судзілі разам з Буланавым, паведаміла, што сёньня атрымала ліст ад мужа са шклоўскай калёніі. У лісьце няма зьвестак пра магчымы этап у Менск.

Яўгенія Вус

Яўгенія Вус, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса, паведаміла, што атрымала ліст з магілёўскай калёніі № 19 пра мужа:

"Мне прыйшло паведамленьне з калёніі, што ён 12 чэрвеня туды прывезены, зь пералікам таго, на што ён мае права: колькасьць перадач, колькасьць спатканьняў".

Паводле зьвестак, рашэньне вярнуць Дзьмітрыя Буланава ў менскі ізалятар прыняла судзьдзя Людміла Грачова, якая яго судзіла ў Ленінскім судзе. 20 чэрвеня стала вядома, што Эўразьвяз уключыў у сьпіс неўязных у краіны Эўропы пракурораў Чубкаўца і Кажэўнікава, а таксама судзьдзю Грачову, якія датычныя да асуджэньня ўдзельнікаў Плошчы. Пад санкцыі трапіў таксама бізнэсмэн Уладзімер Пефціеў і тры юрыдычныя асобы, зьвязаныя з гэтым чалавекам, якога называюць фінансістам Аляксандра Лукашэнкі. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў вітае гэтае рашэньне і мяркуе, што эканамічныя санкцыі супроць беларускага рэжыму могуць павялічыцца:

Уладзімер Някляеў

"Калі гэты партманэт Аляксандра Рыгоравіча і ня надта схуднее ад прынятых санкцыяў, то ёсьць надзея, што ён схуднее ў далейшым. Бо, мяркую, гэтыя пэўныя рэальныя санкцыі ёсьць сыгналам, што будуць і захады больш сур'ёзныя".

Карэспандэнт: "Цяпер кажуць пра сьпіс з 18 прадпрыемстваў, якім могуць пагражаць санкцыі. Вы пра гэта?".

"Так, менавіта. Я маю на ўвазе, што далей могуць быць валютаздабыўныя прадпрыемствы Беларусі".

З 21 чэрвеня на 19 ліпеня перанесены разгляд касацыйнай скаргі на прысуд журналістцы Ірыне Халіп, сузаснавальніку БХД Паўлу Севярынцу і актывісту Сяргею Марцэлеву.

"Відаць, яны ня ведаюць, што з намі рабіць", — гэтак пракамэнтавала перанос касацыі Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. У Менскім гарадзкім судзе ад камэнтару адмовіліся.

Мікіта Ліхавід

Маці актывіста Мікіты Ліхавіда адказалі ў Наваполацкай калёніі, што ўсе зьвесткі пра сына яна можа атрымаць пасьля пісьмовага звароту ў калёнію. Такім чынам, Алене Ліхавід пакуль так і не паведамілі, ці вызвалілі яе сына з карцэру, куды ён патрапіў чацьвёрты раз з пачатку траўня. Алена Ліхавід вітала тое, што Эўразьвяз прыняў санкцыі ня толькі супроць пэўных асобаў, але і супроць прадпрыемстваў:

"Гэта мяне сапраўды парадавалі. Здаецца, нарэшце лёд зварухнецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG