Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва абяцае ўжо гэтым летам пачаць выдаваць свае нацыянальныя візы для беларусаў за сымбалічную плату. Пра гэта паведаміў у Вільні літоўскі міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс.

Такая магчымасьць зьявілася пасьля таго, як 20 чэрвеня парлямэнт Літвы дазволіў ураду перайсьці на больш гнуткую сыстэму ўсталяваньня платы за нацыянальныя візы. Раней зьніжаць стаўку аплаты альбо наагул адмяняць яе можна было толькі на парытэтных асновах.

Сваю заяву пра сымбалічную плату за нацыянальныя візы для беларусаў Аўдронюс Ажубаліс зрабіў празь дзьве гадзіны пасьля рашэньня парлямэнту. Такая хуткая рэакцыя міністра замежных спраў у гэтым выпадку выглядае лягічнай, — сказаў сёньня ў размове са "Свабодай" літоўскі палітоляг Томас Янялюнас. І дадаў: міністар Ажубаліс яшчэ зь мінулага году некалькі разоў абяцаў зрабіць уезд беларусаў у Літву значна таньнейшым:

"Рашэньне, якое абвясьціў наш міністар, зьвязанае з выразнай пазыцыяй літоўскага кіраўніцтва. Яго сутнасьць у тым, што трэба як мага хутчэй адкрываць магчымасьць для звычайных жыхароў Беларусі прасьцей наведваць Літву. А гэта таксама зьвязана і з наведваньнем іншых краін Эўрапейскага Зьвязу".

Томас Янялюнас нагадвае, што Літва сёлета старшынюе ў АБСЭ, і гэта таксама стымулюе яго краіну. Маўляў, пабачыўшы на ўласныя вочы жыцьцё ў Эўропе, беларусы захочуць пабудаваць грамадзянскую супольнасьць і ў сябе дома:

"Усялякія кантакты паміж людзьмі, якія належаць альбо да іншых міжнародных арганізацыяў (Літва — у Эўразьвязе, Беларусь — не), альбо жывуць па розныя бакі дзяржаўных межаў, самым разнастайным чынам стымулююць агульныя інтарэсы. У тым ліку заахвочваюць і да шанаваньня правоў чалавека".

На сёньня нацыянальная літоўская віза каштуе гэтулькі ж, як і шэнгенская, кажа супрацоўніца амбасады Літвы ў Беларусі Віта Наўякайціце.

"60 эўра, як і шэнгенская. Тая самая цана. Нацыянальныя візы выдаюцца людзям, якія едуць у Літву працаваць альбо вучыцца".

Што тычыцца яшчэ дзьвюх краін Эўразьвязу, якія маюць агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю, то і Латвія, і Польшча ўжо выдаюць свае нацыянальныя візы грамадзянам Беларусі наагул бясплатна. Гэтую інфармацыю нашаму радыё пацьвердзілі ў абедзьвюх амбасадах.

У размове з нашым карэспандэнтам супрацоўнік амбасады Польшчы Павал Марчук сказаў, што цяпер польскі бок чакае рашэньня аб спрошчаным перасячэньні мяжы жыхарамі памежных тэрыторыяў:

"Ужо ўсе падпісалі гэты дакумэнт. Але беларускі бок чамусьці не сьпяшаецца. Патрэбна выканаўчае рашэньне, каб адкрыць мяжу і выдаваць спэцыяльныя дакумэнты. Наш прэзыдэнт падпісаў дакумэнт у сьнежні, Аляксандар Рыгоравіч — у студзені. Ужо ж амаль паўгода прайшло".

Польскі дыплямат тлумачыць, чаму гэта так важна:

"Гэта ж экспэрымэнт. Польшча, Літва, яшчэ некаторыя краіны хочуць даказаць усяму Эўразьвязу, што беларусы не ствараюць іміграцыйнай небясьпекі для Эўразьвязу. І можна думаць, што ад таго, як хутка і якасна атрымаецца спрошчанае перамяшчэньне ў памежнай зоне, будзе залежаць зьняцьце візаў для беларусаў.

Нам у Эўразьвязе трэба прымаць супольнае рашэньне. І Польшчы, Літве, Нямеччыне неабходна пераканаць, напрыклад, партугальцаў ды італьянцаў, што Беларусь — не Паўночная Афрыка. І адсюль ня хлынуць масы людзей у Эўропу".
XS
SM
MD
LG