Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль ня будзе гандляваць зь Менскам ні фінкамі, ні калючым дротам, ні хлярыдам пікрылу


Пастанова аб дадатковых санкцыях супраць Менску, прынятая міністрамі замежных справаў Эўразьвязу 20 чэрвеня, прадугледжвае таксама забарону на гандаль вайсковай тэхнікай, узбраеньнем і матэрыяламі, якія могуць быць скарыстаныя рэжымам для ўнутраных рэпрэсій і здушэньня вулічных непарадкаў.

У Эўразьвязе існуе адмысловы сьпіс вайсковай тэхнікі, узбраеньня і матэрыялаў, гандаль якімі падлягае строгаму кантролю адпаведных органаў Эўразьвязу. Гэты сьпіс, пад назвай «Агульнага вайсковага сьпісу» (Common Military List), быў зацьверджаны ў 2008 годзе.

Рэзалюцыя адносна санкцыяў супраць беларускага рэжыму дапаўняе згаданы «Агульны вайсковы сьпіс» дадатковымі адзінкамі тэхнікі і найменьнямі матэрыялаў, якія краінам-сябрам Эўразьвязу нельга прадаваць Беларусі або купляць у гэтай краіне.

У прыватнасьці, рэзалюцыя забараняе гандаль транспартнымі і тэхнічнымі сродкамі з усталяванымі вадамётамі або машынамі, якія могуць служыць для перавозу затрыманых і вязьняў ці могуць скарыстоўвацца для разбурэньня вулічных барыкадаў.

Рэзалюцыя забараняе гандаль шэрагам выбуховых матэрыялаў, між іншым: аматолам, нітрацэлюлёзай, нітрагліколем, хлярыдам пікрылу.

Нельга таксама прадаваць Менску (і купляць ад яго) бронекамізэлькі, каскі і шчыты, сымулятары для практыкаваньня ў стральбе, прыборы начнога бачаньня, калючы дрот для гэтак званых калючых стужкавых загараджэньняў, вайсковыя нажы і штыхі даўжэйшыя за 10 сантымэтраў, ды тэхналёгіі для вытворчасьці гэтага рыштунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG