Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Марым пра момант, калі можна будзе вярнуцца ў Беларусь"


20 чэрвеня — Міжнародны дзень уцекачоў. Ці імкнуцца ўцекачы з замежных краін у Беларусь? І ў якія краіны і чаму ўцякаюць людзі зь Беларусі?

Статус уцекача ў Беларусі маюць 830 іншаземцаў, 70% зь якіх — аўганцы.

Штогод падаюць хадайніцтвы каля сотні чалавек, але атрымліваюць прытулак адзінкі, кажа начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун:

"Да 10% асобаў, якія хадайнічаюць, атрымліваюць статус уцекачоў. Перасьлед з палітычных матываў, паводле рэлігійных поглядаў, прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы — прычыны розныя".

Не дапусьціць некіраванай плыні ўцекачоў, да прыкладу, з Паўночнай Афрыкі дапамагае геаграфічнае становішча Беларусі, кажа Аляксей Бягун:

"Тут пытаньне ў магчымасьці доступу да працэдуры. Ну, мы ж не ў Эўропе, мы ж не каля Лібіі. То бок ня кожны ж можа дабрацца да краіны, каб падаць хадайніцтва. Самалёт жа з Афрыкі не ляціць наўпрост у Беларусь. А так — толькі прамыя самалёты. Грузіны падаюць хадайніцтвы, грамадзяне іншых краінаў".

А вось зь Беларусі ахвотных зьехаць значна больш — і з атрыманьнем статусу ўцекача, і без. Колькі ў Беларусі працоўных мігрантаў — дакладнай лічбы, бадай, ня ведае ніхто. Паводле інфармацыі Белстату, афіцыйна працаваць за мяжу штогод выяжджае каля 6 тысяч чалавек. У 2008 годзе тагачасны міністар эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка на адным з пасяджэньняў Савету міністраў назваў лічбу — 600 тысяч беларусаў былі тады працоўнымі мігрантамі. Цяпер лічба зьменшылася — паўсюль крызіс.

Ёсьць і палітычныя ўцекачы. Беларусы шукаюць лепшай долі ў Польшчы, Літве, Украіне, Швэцыі, Чэхіі. Вымушаны былі зьехаць і атрымаць статус уцекача ў ЗША лідэр БНФ Зянон Пазьняк, старшыня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямён Шарэцкі, у Польшчы — былы дырэктар Беларускай фондавай біржы і дэпутат Валер Кругавы. Сёлета пакінулі Беларусь з палітычных матываў экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, рэдактарка сайту "Хартыя-97" Натальля Радзіна. Апазыцыйныя партыі не хаваюць, што ў некаторых выпадках дапамагаюць прадстаўнікам дэмакратычных сілаў пакінуць краіну.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў:
Мы дамовіліся з тымі, хто займаецца праблемай мігрантаў, каб яны дасылалі нам запыты, ці зьяўляюцца гэтыя людзі чальцамі партыі, ёсьць для іх пагрозы ці няма.

"Напрыклад, Натальля Брэль. Мы дапамаглі ёй выехаць. Некалі яна знайшла форму віншаваньня Аляксандра Лукашэнкі — даслала вяроўку і мыла, і была заведзеная крымінальная справа. Тут мы прыкладаем усе намаганьні, каб гэтыя людзі зьехалі. Ці Андрэй Бандарэнка, які ўжо выйшаў з турмы. Мы яму таксама дапамагалі, каб ён выехаў, калі пасьля выбарчай кампаніі была заведзена крымінальная справа. Ён спачатку зьехаў, а потым вярнуўся назад — у яго дзіця малое, настальгія — і трапіў чалавек у турму. Сытуацыя няпростая, і прыклад таго ж Андрэя Бандарэнкі сьведчыць, што ёсьць пагрозы. Былі вялікія намаганьні і ў нас, і за межамі краіны, каб яго вызваліць".

Анатоль Лябедзька кажа, што бываюць выпадкі, калі некаторыя не зусім сумленныя людзі, дзеля таго каб выехаць з краіны і атрымаць статус уцекача, так бы мовіць, "падстаўляюцца" на акцыях, спэкулююць прыналежнасьцю да апазыцыйных партыяў:

"Мы дамовіліся з тымі, хто займаецца праблемай мігрантаў, каб яны дасылалі нам запыты, ці зьяўляюцца гэтыя людзі чальцамі партыі, ёсьць для іх пагрозы ці няма. І наша пазыцыя тут вельмі ясная. Ёсьць выпадкі, калі нейкія людзі, нават і не беларусы, нешта ведаюць пра АГП і спрабуюць такім чынам вырашаць свае справы. А ёсьць сытуацыі, калі мы пацьвярджаем, што чалавек — сябра партыі, але ніякай пагрозы пазбаўленьня свабоды для яго не было. Сыстэма абсалютна празрыстая, і мы самі не зацікаўленыя, каб ствараць дадатковую матывацыю, каб людзі проста так зьяжджалі".

Многія актывісты перадвыбарных штабоў пасьля выбараў і падзеяў 19 сьнежня зьехалі зь Беларусі ў Польшчу, Літву, Украіну, Расею. Юрась Карэтнікаў разам зь Вячаславам Сіўчыкам, Андрэем Кімам ды іншымі цяпер у Кіеве, але ўцекачамі рабіцца не зьбіраюцца:

"Безумоўна, і тут мы жывем Беларусьсю. І за ўсімі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі, мы сочым. І любую інфармацыю, якая важная для тых людзей, якія зараз у зьняволеньні, пашыраем у тых краінах, дзе мы вымушаны цяпер знаходзіцца. Без пытаньняў, што мы марым пра той момант, калі мы зможам вярнуцца назад у Беларусь. Спадзяемся — прынамсі, наша кіеўская група, — што гэта адбудзецца вельмі хутка".

Дарэчы, некаторыя, паспытаўшы жыцьця на чужыне, вярнуліся ў Беларусь — ня змог адаптавацца да Нарвэгіі паэт Славамір Адамовіч, са Швэцыі вярнулася сястра палітвязьня Аляксандра Класкоўскага Вольга.
XS
SM
MD
LG