Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" зьвярнуліся да праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" з просьбаю абараніць кіраўніка МФ Зьмітра Дашкевіча ад ціску з боку адміністрацыі Жодзінскай турмы.

Дашкевіч падаў скаргу на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча, патрабуючы правесьці праверку па фактах некарэктнага і абразьлівага стаўленьня з боку адміністрацыі СІЗА-8 да асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартаю.

У скарзе Дашкевіч пералічвае такія факты:

  • Пагрозы фізычнай расправай і катаваньнямі
  • Абраза чалавечай годнасьці
  • Магчымая дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы
  • Забарона мець рэлігійную літаратуру ў камэры, хоць гэта дазволена "Правіламі ўтрыманьня асобаў пад вартай"
  • Беспадстаўная канфіскацыя дазволеных асабістых рэчаў
  • Моўная дыскрымінацыя
  • Непрымальныя санітарныя ўмовы, адсутнасьць мінімальнай павагі да чалавека пад вартай.

"Мы зьвярнуліся ў беларускія дзяржаўныя інстанцыі, такія, як Генэральная пракуратура і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, аднак мы ня маем надзеі, што зь іх боку наступіць нейкая рэакцыя. Просім вас разгледзець вышэйзгаданыя факты й зрабіць пэўныя захады", — пішуць маладафронтаўцы ў звароце да "Міжнароднай амністыі".

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму нібыта за хуліганства. Калі ягоная касацыйная скарга на прысуд яшчэ не была разгледжаная, Дашкевіча нечакана перавялі ў турму нумар 8 у Жодзіна Менскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG