Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ельску гарэла мэблевая фабрыка


У мінулыя выходныя ў лякафарбавым цэху Ельскай мэблевай фабрыкі ААТ «Мазырдрэў» успыхнуў пажар. Выратавальнікам удалося яго патушыць. Агонь пашкодзіў лякафарбавую камэру й гатовую прадукцыю. Пацярпелых няма, паколькі фабрыка ў выходныя не працавала.

Паводле прэсавай службы Гомельскай абласной управы МНС, пажар, хутчэй за ўсё, узьнік з прычыны ўзьдзеяньня сонечных промняў і хімічных працэсаў — успыхнулі гаручыя адкладаньні ў фарбавальнай камэры.

Грунтоўнае пажара-тэхнічнае дасьледаваньне мэблевай фабрыкі ў Ельску праводзілася тры гады таму. Было выяўлена звыш 200 парушэньняў правілаў пажарнай бясьпекі ды іншых нарматыўных актаў.

Падчас паўторнай праверкі, праведзенай у 2009 годзе, высьветлілася, што кіраўніцтва прадпрыемства зьліквідавала толькі 55 неадпаведнасьцяў правілам бясьпекі. Сямёх службоўцаў, у тым ліку й дырэктара, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Сёлета ў студзені выратавальнікі паінфармавалі канцэрн «Беллеспаперапрам», а таксама пракуратуру Гомельскай вобласьці й рэгіянальны камітэт Дзяржкантролю пра патэнцыйна небясьпечныя аб’екты, сярод якіх была названа й Ельская мэблевая фабрыка.

У папярэднія гады пажар здараўся і на «Мазырдрэве», і на Калінкавіцкай мэблевай фабрыцы. Акурат на апошняй пры канцы мінулага году згарэла каля 100 крэслаў ды іншая мэбля.

А найбольш ахвярным быў выбух і пажар у кастрычніку 2010 году на прадпрыемстве «Пінскдрэў», у выніку якіх ад апёкаў і цяжкіх траўмаў памерлі 14 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG