Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: новыя санкцыі — сур’ёзнае папярэджаньне праўладным бізнэсоўцам


Міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу сёньня на сустрэчы ў Люксэмбургу пашырылі абсяг санкцыяў супраць Беларусі. Яны замарозілі актывы трох кампаніяў, якія зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта кампаніі «Белтэхэкспарт», якая займаецца гандлем зброяй, «БТ Тэлекамунікацыі» — генэральны спонсар Прэзыдэнцкага спартовага клюбу сына Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя, а таксама маркетынгавая фірма «Спорт-пары», якая таксама зьвязаная з Дзьмітрыем Лукашэнкам.

Сёньняшняе рашэньне прынятае з мэтай узмацненьня фінансавага ціску на беларускія ўлады, каб вымусіць іх спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі. Вырашана таксама дадаць у «чорны сьпіс» да 188-мі невыязных беларускіх службоўцаў яшчэ некалькі бізнэсоўцаў. Такім чынам, эўрапейскія санкцыі ўпершыню закрануць бізнэсовы сэктар.

І, як сказаў «Свабодзе» доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба, гэта сур’ёзны сыгнал для іншых бізнэсоўцаў:

«Можна палітычна ацэньваць гэты крок як яшчэ адно папярэджаньне. Пакуль што ў сьпіс трапілі гэтыя фірмы. А заўтра могуць быць санкцыі і на фірмы, якія займаюцца экспартам нашых нафтапрадуктаў. І гэта будзе самая балючая мера. Таму палітычна сёньняшняе рашэньне можна ацэньваць як папярэджаньне».
Палітычна сёньняшняе рашэньне можна ацэньваць як папярэджаньне.

Зь фірмаў, якія патрапілі пад сёньняшнія санкцыі, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў асабліва вылучае гандляроў зброяй зь «Белтэхэкспарту». Ён кажа, што тут праходзяць вялікія грошы, але ўсе працэсы нясуць налёт таямніцы:

«Што тычыцца зброі, дык тут толькі калі разьлікі за яе ідуць у эўра, то яны могуць праходзіць праз эўрапейскія банкі. Тады іх можна блякаваць альбо зрабіць яшчэ нешта. Аднак і гэта, як кажуць, не сьмяротна. Бо разьлікі могуць ісьці ў кітайскіх юанях ці ў нацыянальнай валюце. А потым нейкімі шляхамі пераводзіцца ў іншую валюту».

Леанід Злотнікаў кажа, што замарожваньне актываў істотна не паўплывае на эканоміку Беларусі. Але яно закране пэўныя эліты і пэўныя асобы, набліжаныя да кіраўніка краіны. З гэтым пагаджаецца і Барыс Жаліба:

«Гэта закране інтарэсы тых уладных эліт, якія займаюцца гэтай справай. Гэта — закрытая справа, і плыні грашовыя, якія там разьмяркоўваюцца, таксама закрытыя. І таму гэта можна лічыць, на мой погляд, кропкавым ударам».
XS
SM
MD
LG