Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму эўрапейскія санкцыі былі ўведзеныя менавіта супраць гэтых кампаніяў, чаму Пефціеў? Як мы памятаем, абмяркоўваліся розныя варыянты. Але, відаць, былі выбраныя мішэні, агонь па якіх найменш ударыць па простых людзях, але прынясе найбольшы палітычны эфэкт.

Бізнэс Пефціева – высокатэхналягічны, працазьберагальны, ад санкцыяў супраць яго пацерпяць ня сотні тысяч людзей. Удар нанесены па бізнэсах, рэпутацыя якіх у вачах насельніцтва ня самыя высокая – гандаль зброяй ды лятарэя. Не малако і не трактары. Да таго ж удар па кампаніях, якія належаць беларускаму фігуранту сьпісу Форбса -- самых тлустых «буржуінаў» сьвету – напамін беларусам, што іх краіна – не такое ўжо царства роўнасьці, як часам здаецца.

Але незалежна ад адрасата санкцыяў і ад маштабаў шкоды, якую яны зробяць, куды больш важным зьяўляецца самы пачын -- упершыню ЭЗ увёў прамыя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх кампаніяў. Гэта, безумоўна, пераход канфлікту ў новую фазу, больш глыбокае ўцягваньне Эўропы ў канфлікт з афіцыйным Менскам. Цяпер Эўропе яшчэ цяжэй будзе задаволіцца чым бы там ні было, акрамя перамогі.
Чаму ўвялі? Ну, таму што ранейшыя санкцыі разам з угаворваньнем не далі плёну, рэпрэсіі працягваліся, момант завяршэньня большасьці працэсаў у справе 19 сьнежня 2010 году, які быў удалым для таго, каб усіх вызваліць шырокім жэстам, быў страчаны.

Тут ужо справа ня толькі ў лёсе беларускай дэмакратыі, а ў гонары Эўропы.

Да таго ж, на мой погляд, меў значэньне і міжнародны кантэкст.
Эўропа зараз шырока ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць паўночнаафрыканскіх і блізкаўсходніх дэспатаў, якія топяць у крыві пратэсты. Парог увядзеньня санкцыяў зьнізіўся. І аказаўся ніжэй, чым беларуская сытуацыя.

Беларуская ўлада аказваецца ў няпростым становішчы. Яна, безумоўна, адкажа на гэты ход, і пастараецца зрабіць адказ максымальна балючым. Але крок Брусэля пагаршае стратэгічную пэрспэктыву канфлікту для Менску, рашучасьць ЭЗ абясцэньвае козыры беларускага боку -- магчымасьць балянсу паміж Усходам і Захадам, магчымасьць частковых саступак, у прыватнасьці, гандлю палітвязьнямі ўраздроб.

Калі рашучасьць абодвух бакоў аказваецца роўнай, то пры лабавым сутыкненьні эўрапейскага самазвала МАН і беларускага жыгулёнка апошні ня мае шанцаў. На крокі Менску ў адказ будуць новыя крокі Брусэлю. Так што ня выключана, што ў Менску сёньняшняе рашэньне будзе ўспрынятае, як сьведчаньне таго, што вайна нэрваў скончылася, а пачалася вайна эканамічная. А для гэтай вайны ў афіцыйнага Менску малавата снарадаў, асабліва ўлічваючы гаротны стан айчыннай эканомікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG