Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міжнародная амністыя» прызнала Фёдара Мірзаянава палітвязьнем


У Наваполацкай калёніі не паведамляюць пра лёс Мікіты Ліхавіда. У падтрымку Фёдара Мірзаянава ва Ўфе прайшоў пікет. Прызначаны дзень разгляду касацыйнай скаргі Паўла Вінаградава і тых, хто быў асуджаны разам зь ім. Ільлю Васілевіча і Алега Гнедчыка адправілі з «Валадаркі» ў калёніі.

20 чэрвеня Алена Ліхавід шмат разоў спрабавала датэлефанавацца да адміністрацыі Наваполацкай калёніі, каб даведацца пра свайго сына Мікіту Ліхавіда. Хлопец 4 разы з пачатку траўня трапляў у турэмны карцэр за тое, што называе сябе незаконна асуджаным і не выконвае некаторыя працы ў калёніі. З апошняга карцэру Мікіта Ліхавід павінен быў выйсьці 18 чэрвеня, у суботу. У той дзень і ў нядзелю тэлефоны калёніі ўвогуле маўчалі. Аднак і сёньня Алена Ліхавід не змагла атрымаць зьвестак пра сына:

«Складана. У 9 гадзінаў раніцы я датэлефанавалася ў калёнію, мяне выслухалі, спыталі, хто я, і сказалі, што інфармацыі не даюць, а трэба дазваніцца да Дзьмітрыя Красько, выхавацеля ў ягоным атрадзе. З таго часу я рэгулярна званю, але ніхто трубку не бярэ».

Актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід пакараны за падзеі 19 сьнежня трыма гадамі зьняволеньня. Сваёй віны палітвязень не прызнае.

Дарэчы, як і Мікіту Ліхавіда, Алеся Атрошчанкава ды іншых беларускіх актывістаў, «Міжнародная амністыя» прызнала вязьнем сумленьня і Фёдара Мірзаянава, таксама асуджанага за Плошчу на 3 гады калёніі. Пра гэта маці Мірзаянава даведалася зь ліста, які днямі атрымала зь Вялікабрытаніі ад «Міжнароднай амністыі». Людміла Мірзаянава распавяла і пра пікет у падтрымку сына:
Сваякі і сябры бацькі Фёдара пікетавалі прадстаўніцтва амбасады Беларусі ў Башкартастане.

«Санкцыянаваны пікет прайшоў днямі ва Ўфе, на радзіме бацькі Фёдара. Сваякі і сябры бацькі Фёдара пікетавалі прадстаўніцтва амбасады Беларусі ў Башкартастане. Людзі стаялі ў адмысловай вопратцы, на якой сьпераду быў фотаздымак Фёдара і словы „Свабоду Фёдару Мірзаянаву“. А на сьпіне — інфармацыя пра сайт uznikiluki.ru. Там зьбіраецца інфармацыя пра Халіп, Саньнікава, Гапонава, Мірзаянава — усіх, хто мае дачыненьне ня толькі да Беларусі, але і да Расеі таксама. Яны выйшлі з плякатамі і патрабавалі, каб вызвалілі ўсіх палітвязьняў, ня толькі Фёдара. І яшчэ патрабавалі, каб не было ніякіх датацыяў рэжыму».

Ільлю Васілевіча накіравалі з «Валадаркі» ў калёнію ў Магілёве, але пакуль невядома, у якую зь дзьвюх: 15-ю ці 19-ю. Пра гэта маці асуджанага за Плошчу Тамары Васілевіч паведаміла сёньня невядомая жанчына праз тэлефон. Маці Алега Гнедчыка Валянціне стала вядома, што яе сына накіравалі ў шклоўскую калёнію. Падрабязнасьцяў таксама няма.

24 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава, асуджанага на 4 гады зьняволеньня. Пра гэта паведаміў бацька палітвязьня Юры Вінаградаў. Разам з Паўлам судзілі Дзьмітрыя Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасеню, Дзьмітрыя Дароніна, Уладзімера Хамічэнку. Паводле зьвестак, будуць разгледжаныя і скаргі іншых асуджаных, якія таксама не пагадзіліся з прысудам, што вынесла судзьдзя Ала Булаш з Кастрычніцкага суду Менску.
Піша, што дактароў ён ня бачыў, ніхто з дактароў зь ім не сустракаўся.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка скончыў азнаямленьне з пратаколам свайго працэсу і чакае на «Валадарцы» прызначэньня касацыі. Пра гэта паведаміла жонка вязьня. Як здароўе Зьмітра Бандарэнкі, у якога сур’ёзнае захворваньне? Зь ліста мужа Вольга Бандарэнка даведалася, што яму зрабілі некаторыя аналізы:

«Піша, што дактароў ён ня бачыў, ніхто з дактароў зь ім не сустракаўся. Але зрабілі яму МРТ, яшчэ некаторыя экспэртызы. Але ніякіх вынікаў ён ня ведае, і лячыць яго ня лечаць».

З-за праблем з пазваночнікам у Зьмітра Бандарэнкі баліць нага, яму вельмі цяжка хадзіць. Адмыслоўцы настойваюць на апэрацыі, папярэджваючы, што без тэрміновай дапамогі Бандарэнка можа стаць інвалідам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG