Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўчаньне Аляксандра Лукашэнкі


Не, на сваёй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дзяржавы быў гаваркі, як ніколі, распавёў і пра веялкі і жаткі, і пра памытых даярак, і пра тое, што ў турмах сядзяць прыстойныя людзі, зь якімі ня месца агідным апазыцыянэрам, і пра хуткі абвал даляра і эўра. Відаць, вось-вось амэрыканцы і эўрапейцы будуць гэтак жа, як цяпер беларусы па іх валюты, душыцца ў чэргах па запаветны беларускі рубель.

І ўсё ж за вадаспадам словаў праступала магільнае маўчаньне па пытаньнях, якія цікавяць грамадзтва: што будзе зь велізарным зьнешнім доўгам, калі зьявіцца валюта, як улады зьбіраюцца выпраўляць дысбалянс зьнешняга гандлю, калі спыняцца скокі цэнаў? Гэтыя пытаньні Лукашэнку наўпрост задавалі журналісты.

У адказ – гіпнатычныя пасы, усё будзе добра, крызісу няма, ёсьць адно паніка і ажыятаж. Ну хай нават так, а зь імі што рабіць?

Будзе ўсё добра – і ўсё. Год таму прынамсі прамаўляліся словы пра лібэралізацыю, цяпер – бэтон: шлях правільны, што трэба – ужо даўно зроблена, рэформы – згуба, прыватызацыя – ні ў якім разе. Не, калі за добрыя грошы і пад кантролем прэзыдэнта, то можна. Але ў прынцыпе нельга. Ну неяк так.

І да таго – я не магу ўсяго сказаць. Бывае, што і нельга, але навошта тады праводзіць прэсавую канфэрэнцыю?

Ну і яшчэ – пра 10 мільярдаў даляраў, і не крэдытаў нават, якія неўзабаве зьявяцца зь нейкай чароўнай пячоры. Можа і зьявяцца, але неяк не пакідае падазрэньне, што яны – адтуль жа, адкуль разрэклямаваныя раней 15 мільярдаў кітайскіх і 6 мільярдаў расейскіх. Чароўныя скарбы – рэч такая, раптоўна зьяўляюцца і раптоўна зьнікаюць.

Піяр падчас крызісу – рэч у прынцыпе разумная. Як казаў Фрэнклін Рузвэльт у сваёй інаўгурацыйнай прамове ў разгар Вялікай дэпрэсіі, адзінае, чаго мы павінны баяцца – гэта нашага страху.

Але такія мужныя мантры павінны ўсё ж спалучацца і зь нейкімі гаспадарчымі мерапрыемствамі.

На што разьлічвае ўлада? На тое, што пасьля 1 ліпеня спыніцца ліхаманкавы ўвоз замежных машын? Яна сама наўрад ці верыць у тое, што прычына валютнага каляпсу менавіта ў гэтым.
У тое, што 5 тысяч рублёў за даляр – гэта сапраўды раўнаважны курс і з цягам часу ўсё ўстаканіцца? Лукашэнка сказаў – вось дасьць мінстат у ліпені лічбы за паўгодзьдзе, тады і будзе бачна. Значыць, цяпер не зусім бачна.

Разьлік на расейскія грошы? Але яны, па-першае, значна меншыя, чым чакалася і хацелася б, а па-другое, з Масквы наўпрост кажуць, што абыходжаньне беларускіх уладаў з расейскімі СМІ і перашкоды расейскаму экспарту могуць прывесьці да скарачэньня ўжо вызначанай падтрымкі.
Разьлік на грошы МВФ? Але зь імі шмат пытальнікаў, шмат палітычных бар'ераў, пра што на прэсавай канфэрэнцыі шчыра сказаў сам Лукашэнка.

Мэтадам выключэньня прыходзім усё ж да таго, што спадзеў – на прыватызацыю. Купіць Керымаў «Беларускалій» за 30 мільярдаў даляраў, і пару-тройку гадоў можна наагул ні пра што ня думаць.

Дарэчы, расейскі міністар фінансаў Кудрын, які казаў раней, што крэдыт выдадзены пад абавязкі Беларусі правесьці прыватызацыю, на мінулым тыдні паабяцаў апублікаваць адпаведнае пагадненьне. Тады, магчыма, і ўбачым, чаго вартыя заклінаньні, што сьвятое народнае дабро не прадамо нікому і ніколі.

А можа ўсё прасьцей, і спадзевы прэзыдэнта – зусім не ў эканамічнай плашчыні? Бо пакуль народ не выходзіць на вуліцы, эканамічныя праблемы маюць для ўлады досыць абстрактны характар. Пагрозы на адрас тых, хто хацеў бы паўтарыць акцыі кшталту «Стоп-бэнзін» і маўклівых мітынгаў – якраз спроба прадухіліць гэты выхад людзей на вуліцы. Калі атрымаецца, то які крызіс? Адно паніка і ажыятаж, тлум дзяцей, якія проста ня слухаюцца мудрага бацьку.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG