Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія палітолягі – пра сытуацыю ў Беларусі


Ільля Расолаў і Андрэй Суздальцаў

Ільля Расолаў і Андрэй Суздальцаў

Сёньня на сайце газэты «Московский комсомолец» прайшла онлайн-канфэрэнцыя расейскіх палітолягаў: намесьніка дэкана факультэта сусьветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава і доктара юрыдычных навук, прафэсара Ільлі Расолава на тэму: «Што адбываецца ў Беларусі".


Прапануем вашай увазе найбольш цікавыя фрагмэнты гутаркі.

Незамылены погляд: ЭўрАзЭс выдзеліць 3 мільярды даляраў у якасьці крэдытаў Беларусі. Ці дапамогуць гэтыя грошы справіцца з крызісам?

Адказ: Першы транш 800 млн. пакуль не дайшоў. Прычына: ёсьць першасныя ўмовы атрыманьня траншу, беларускі бок баіцца іх выконваць. Гэтая сума ня вырашыць праблем у эканоміцы Беларусі.

Гіпіус: Ці здольная абяскроўленая рэпрэсіямі апазыцыя арганізаваць зараз масавыя акцыі пратэсту ў краіне?

Адказ: Апазыцыя амаль разгромленая і нямоглая. Адзіная рухальная сіла пратэсту ў Беларусі -- гэта народны супраціў, які ненавідзіць і Лукашэнку, і апазыцыю ў роўнай ступені. Але ні апазыцыя, ні народны супраціў пакуль ня ў сілах арганізаваць масавыя акцыі пратэсту ў краіне, хоць ёсьць форс-мажорныя абставіны.

Госьць: Ці беларуская апазыцыя здольная зараз прапанаваць альтэрнатыву Лукашэнку, спрыяць выхаду краіны з крызісу?

Адказ: Не. Сярод беларускай апазыцыі няма рэальных лідэраў, якія адпавядаюць інтарэсам палітычнай клясы рэспублікі і насельніцтва. З улікам вялізнай залежнасьці рэспублікі ад Расеі, формула ўлады там гучыць так: рэспублікай можа кіраваць толькі той чалавек, які вырашае яе праблемы ў Маскве. Мы чакаем новых лідэраў з вышэйшай і сярэдняй намэнклятуры і народнага супраціву.

Госьць: Расея мякка выціскае Лукашэнку з палітычнага поля. Але хто прыйдзе яму на зьмену? Усе апазыцыйныя лідэры настроеныя па-праэўрапейску. У выніку Беларусь можа быць паглынутая Эўразьвязам і НАТА. Мы гэтага жадаем?

Адказ: Расея знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы ў беларускім кірунку. Зразумела, што Лукашэнка, асабліва пасьля 8 жніўня 2008 году не зьяўляецца нашым дамоваздольным саюзьнікам. Зь іншага боку, там няма з кім пакуль размаўляць і дамаўляцца. Мы не асьцерагаемся, што рэспубліка патрапіць пад кантроль НАТА і Эўразьвязу. Гэты кантроль азначае велізарныя грошы, якіх Захад ня дасьць. Нам Беларусь цяпер абыходзіцца ад 8 да 10 млрд. у год. Такому донару замены няма.

Госьць: Ці здольныя беларускія ўлады справіцца з эканамічным крызісам? Ці адэкватныя прынятыя меры?

Адказ: Гэты крызіс не ліквідуе сувэрэнітэту і незалежнасьці рэспублікі. Улады ня робяць ніякіх рэальных мер па рашэньні праблем крызісу. Мабыць, яны выбралі інэрцыйны варыянт. Гэта значыць, эканоміка часткова працуе, ідзе экспарт, зьніжаецца жыцьцёвы ўзровень, заробак набліжаецца да рэальнай прадукцыйнасьці працы, скарачаецца імпарт, гэта значыць, ідзе аздараўленьне беларускай эканомікі, але за кошт насельніцтва. Можна нічога не рабіць і на ўзроўні прыкладна 150 даляраў месячнага заробку работніка краіна пачне жыць па сродках. Ці вытрымае насельніцтва такую "шокавую тэрапію"?

Госьць: Ці магчымая ў Беларусі зьмена ўлады рэвалюцыйным шляхам? Ці ёсьць для гэтага аўтарытэтныя лідэры, настроі мас? Ці магчымая, напрыклад, змова спэцслужбаў супраць Лукашэнкі?

Адказ: 1. Ня ведаем. Аб'ектыўных прычын для рэвалюцыі няма. Але ведаючы мэнталітэт беларускага народа, мы заўсёды ўлічваем нечаканы ўсплёск абурэньня, які можа прывесьці да зьмены ўлады. Але для гэтага маецца невялікі шанец. 2. Змова спэцслужбаў немагчымая.

Іван Сяргеевіч: Многія праблемы Беларусі так ці інакш зьвязаныя з дваістай пазыцыяй расейскага кіраўніцтва. Ці вы так ня лічыце?

Адказ: Беларусь у нашым сэрцы. Для левай часткі расейскага электарату Беларусь зьяўляецца нейкім сымбалем: недзе там, за заходняй мяжой ёсьць чысьценькая славянская краіна, дзе гавораць па-расейску, дзе кіруе "белы справядлівы" Цар і ўсе задаволеныя і нібыта захаваўся Савецкі Саюз. Нашы ўлады ўлічваюць такія маргінальныя палітычныя ілюзіі, таму яны абмежаваныя ў манэўрах у дачыненьні да Лукашэнкі. Зь іншага боку, Лукашэнка прэтэндуе на частку сымпатыяў расейскага электарату. Акрамя таго, сучасная Беларусь зьяўляецца важным палітычным фактарам на ўнутрырасійскай палітычнай арэне. Гэта трэба ведаць і ўлічваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG