Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чэргі на мяжы ствараюць штучна…"


Чарга зь легкавых аўта на пагранічным пераходзе "Брузгі — Кузьніца Беластоцкая"

Чарга зь легкавых аўта на пагранічным пераходзе "Брузгі — Кузьніца Беластоцкая"

Нягледзячы на абмежаваньне праезду празь мяжу — не часьцей як адзін раз на пяць дзён, чэргі на праезд на пераходзе "Брузгі — Кузьніца Беластоцкая" зноў вырасьлі.

Яшчэ ўчора ўвечары на памежным пераходзе "Брузгі — Кузьніца Беластоцкая" не было чаргі ні на ўезд, ні на выезд. А сёньня ўжо людзі мусяць чакаць у чарзе, як раней, па некалькі гадзінаў.

Гэта пры тым, што цяпер чалавек з поўным бакам паліва можа праехаць толькі адзін раз на пяць дзён і колькасьць машынаў з гэтай прычыны значна скарацілася.

Размаўляю зь людзьмі ў чарзе, цікаўлюся — чаму яны ізноў мусяць стаяць у чэргах, хоць колькасьць аўта яўна зьменшылася?

Спадар: "Гэтая чарга штучная. Спэцыяльна стрымліваюць, па тры машыны пускаюць з аднае і з другое паласы. У выніку — граніца пустая і ў нашых, і ў палякаў. Хочуць для нечага паказаць, што чарга ўсё роўна ёсьць. А каб працавалі, яе зусім не было б. Гэта штучна стрымліваюць".

Выказваюцца іншыя спадары з чаргі:

Першы спадар: "Стала яшчэ болей непарадку тут, бо ўсе людзі пачалі думаць, як гэта не застацца галоднымі. Бо палова горада працы ня мае, калі ня болей…".

"А з чаго нам цяпер жыць? Працы ж няма…"

Іншы спадар: "Усе толькі праклінаюць прэзыдэнта, праклінаюць на прамую душу. Вось з чаго нам цяпер жыць? Працы няма, я некалькі разоў хадзіў у бюро па працаўладкаваньні, завёў там картку, а ў мяне пытаюць — колькі табе гадоў? Кажу, што 52. Адразу адказваюць, што нічога няма. А я ж на такіх вялікіх машынах езьдзіў".

Людзі кажуць, што многія зараз наагул прыпыняць паездкі, бо ня здолеюць на гэтым нічога зарабляць.

Спадар: "Купі паліва, купі страхоўку за 25 эўра. А як яе потым адпрацаваць? Бо як адтуль едзеш, дык мяса нельга везьці, фаршу нельга, і што людзям — хаваюць у машыне. Я таксама хаваю, але езьдзіць становіцца бессэнсоўна".

"У нас маленькія блізьняты, і мы толькі пампэрсы купляем. Бо ў нас адзін пакунак каштуе 150 тысяч рублёў, а там — у разы таньней"

А вось размаўляю з маладымі людзьмі — мужам і жонкай. Яна ў дэкрэтным адпачынку, а ён — прыватны прадпрымальнік. Пытаюся: ці маглі б вы абысьціся бяз гэтых паездак?

Спадарыня: "Ды мы там усё купляем: парашкі пральныя, пампэрсы, і гэта вельмі значная палёгка для нашай сям’і".

Спадар: "У нас маленькія блізьняты, і мы калі толькі пампэрсы купляем, то ў нас адзін пакунак каштуе 150 тысяч, а там у разы таньней".

Карэспандэнт: "А калі граніцу наагул зачыняць, як казаў прэзыдэнт?".

"Зачыняць мяжу — будзе катастрофа"


Спадар: "Для нас гэта будзе катастрофа".

Спадарыня: "Сапраўды катастрофа, бо нам рэальна дапамагаюць гэтыя паездкі ў Польшчу".


Чарга "тыраў" на памежным пераходзе "Брузгі — Кузьніца Беластоцкая"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG