Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч: "Спроба ціску на Міністэрства інфармацыі — беспэрспэктыўная"


Лілія Ананіч

Лілія Ананіч

Намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч заявіла, што міністэрства ня мае намеру адклікаць з Вышэйшага гаспадарчага суду пазоў аб закрыцьці газэт "Наша ніва" і "Народная воля". У сваю чаргу, незалежныя выданьні яшчэ не завяршылі працэдуру абскарджваньня папярэджаньняў, на падставе якіх газэтам пагражае закрыцьцё.

Міністэрства інфармацыі ня мае намеру адклікаць судовыя пазовы аб закрыцьці "Нашай нівы" і "Народнай волі", насуперак пратэстам і просьбам чытачоў, якія гэтымі днямі паступаюць у міністэрства, а таксама публікуюцца на старонках газэт. На брыфінгу для журналістаў намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч у адказ на пытаньне "Свабоды" заявіла:

"Мы вельмі паважаем чытачоў і на кожны іх ліст адказваем. Мы бачым, што гэтыя лісты пішуцца нібыта пад капірку. Таму такая спроба ціску на Міністэрства інфармацыі — беспэрспэктыўная. Назіраючы апошнім часам за "Народнай воляй", я бачу, што больш публікацый цікавых. Можа, кожны таксама вынесе з гэтага нешта станоўчае ў тым сэнсе, што: а ці ўсё мы робім, калі ў дзяржавы ёсьць прэтэнзіі? Самае галоўнае — не парушаць заканадаўства і любіць сваю краіну. І любіць ня толькі так, як мы сабе ўяўляем, а зыходзячы з таго, што гэта твая краіна. І ўсе яе цяжкасьці — гэта твае цяжкасьці, усе яе посьпехі — твае посьпехі. Калі такі настрой будзе ў нашых выданьнях, то гэта цудоўна. Ну, а закон для ўсіх аднолькавы. І калі рэдакцыя задумаецца, што парушэньні ўсё ж ёсьць, то далей усё пойдзе яшчэ лепш і газэты будуць разьвівацца".

Напярэдадні кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выказаўся адносна сытуацыі вакол незалежных газэт, заявіўшы, што ўсе пытаньні павінны вырашацца ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Тым часам пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд Міністэрства інфармацыі накіравала яшчэ да таго, як газэты пасьпелі абскардзіць міністэрскія папярэджаньні. "Наша ніва" працягвае апратэстоўваць апошняе з трох — за публікацыю пра выбух у мэтро. Закрыцьцё газэты за гэтае паведамленьне — пакараньне неадэкватнае, кажа рэдактар выданьня Андрэй Скурко:

Андрэй Скурко

"Падчас той прэс-канфэрэнцыі была прамоўлена вельмі слушная фраза пра тое, што ўлада павінна ставіцца аднолькава да ўсіх і ўсё павінна быць у адпаведнасьці з законам. Мы лічым, што тая мера пакараньня, якая была абраная для незалежных газэт, — яна занадта суровая. Нават калі браць пад увагу, што, магчыма, мы з Марынай Шубіч сапраўды памыліліся ў публікацыях. Але гэта ня ёсьць падставай, каб закрываць газэту. Сёньня "Наша ніва" — гэта газэта, якая мае наклад больш за сем тысяч асобнікаў. І яе зьнікненьне, я думаю, прывядзе да таго, што людзі, якія чытаюць газэту, яны будуць абураныя і ў нейкай меры расчаруюцца ў органах улады".

"Народная воля" таксама працягвае судовы працэс, абскарджваючы папярэджаньне за публікацыю "Гебельс ТВ", прысьвечаную вынікам апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Аляксандар Лукашэнка выявіў асаблівую ўвагу да зьместу публікацыяў газэты, заявіўшы, што тая "іншы раз робіць шкоды дзяржаве больш, чым карысьці". Намесьніца галоўнага рэдактара Сьвятлана Калінкіна гэтак пракамэнтавала словы вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў:

Сьвятлана Калінкіна

"Зараз дзяржаўныя газэты спрабуюць апраўдвацца, што яны таксама не праспалі крызіс, што яны публікавалі крытычныя матэрыялы. І насамрэч вялікае пытаньне, хто займае больш канструктыўную пазыцыю да інтарэсаў дзяржавы: тыя, хто пляскае ў ладкі і ўсё хваліць, ці тыя, хто знаходзіць балючыя моманты, асьвятляе іх і выводзіць праблему на паверхню. Я думаю, што незалежна ад таго, як будуць разьвівацца далейшыя падзеі, разумныя людзі ў нашай краіне зразумеюць, чаму такі перасьлед напаткаў менавіта газэты "Народная воля" і "Наша ніва". І чаму на гэтыя газэты ніхто нікога не прымушае падпісвацца, але людзі падпісваюцца. І чаму на дзяржаўныя СМІ і пад прымусам людзі падпісвацца не заўсёды хочуць".

Сёлета Міністэрства інфармацыі таксама ініцыявала закрыцьцё "Аўтарадыё" і вынесла папярэджаньне незалежнаму журналісту Аляксандру Старыкевічу. Гэтымі ж днямі ў Горадні праходзіць судовы працэс над журналістам Андрэем Пачобутам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG