Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль тры месяцы таму, 22 сакавіка, Нацыянальны банк спыніў продаж валюты камэрцыйным банкам для абменных пунктаў, што прывяло да зьнікненьня са свабоднага продажу ня толькі даляраў, эўра ды расейскіх рублёў, але і ўкраінскай грыўні, польскага злотага, літоўскага літа. Вынікам стаў неакрэсьлены ў тэрмінах ажыятаж вакол замежных грошай і іх татальны дэфіцыт. Якая сітуацыя на валютным рынку сёньня?

Споўнілася тры месяцы, як старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч, дакладваючы Аляксандру Лукашэнку, заявіў: дзяржаўныя і камэрцыйныя банкі цалкам задавальняюць попыт насельніцтва на валюту. Пры гэтым ён запэўніў, што пры ім ніякай разавай дэвальвацыі ў Беларусі ня будзе: "Наш досьвед кажа, што рэзкая дэвальвацыя — дрэннае рашэньне для беларусаў". На думку аналітыка Рамана Касьціцына, каб замест гэтых заяваў улады прызналі відавочную страту кантролю над працэсамі, сёньня сітуацыя была б іншай:

"Ведаеце, фраза, выказаная Пракаповічам, адносіцца да сярэдзіны сакавіка.
Калі б у сярэдзіне сакавіка за гэтай фразай пайшлі канкрэтныя дзеяньні і адпаведныя інфармацыйныя камэнтары, курс цяпер быў бы ў межах 3600 рублёў за даляр і ўсё было б нармальна ...

Гэта быў зусім іншы час, а з гледзішча сёньняшняга дня — зусім іншая эпоха. Калі б у сярэдзіне сакавіка за гэтай фразай пайшлі канкрэтныя дзеяньні і адпаведныя інфармацыйныя камэнтары, курс цяпер быў бы ў межах 3600 рублёў за даляр і ўсё было б нармальна. Мы ўжо вялі б працу на пераадоленьне цяжкасьцяў, а не рыхтаваліся да гэтай, поўнай нягод і бяссонных начэй, працы, якую нам толькі давядзецца рабіць. І ўжо з курсам ня тое што 5000, а больш значным, бо цяжка нават спрагназаваць, які скачок можа быць яшчэ. Таму адсылаць да той фразы я асабліва сэнсу ўжо ня бачу".

На пятнічнай прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў стабілізаваць сытуацыю на валютным рынку за "пару месяцаў". Але не ўдакладніў, якімі мэтадамі і што замінала не дапусьціць абвалу дагэтуль. Затое чарговым разам скрытыкаваў беларусаў за стварэньне ажыятажу на валютным рынку ды спробы перавесьці рублі ў даляры — Лукашэнка спрагназаваў да восені рэзкае "падзеньне вартасьці амэрыканскіх паперак".

Былы супрацоўнік банкаўскай сфэры Алег Драгун перакананы: такія заявы — толькі "страшылкі" для недасьведчаных. Дый пасьля таго, як беларускі рубель абясцэніўся напалову, пужаць насельніцтва "дэвальвацыяй даляра" — занадта самаўпэўнена:

"Кожная нармальная краіна, напэўна, разумее, да якога ўзроўню можна дэвальвацыю праводзіць. Але страціць прыярытэт усясьветнай валюты — я думаю, што гэта досыць сумнеўна. Схема тут простая: надрукаваў грошай — фактычна атрымаў таварны крэдыт. Розьніца ў чым: ідзе паперка, а насустрач ёй тавар, так жа? І было б недальнабачна страціць гэтую манаполію. Вядома, не магу адказваць за нейкія эканамічныя раскладкі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы і ўраду ЗША, але я чыста па-жыццёваму разважаю, са сваёй званіцы. Да пэўнай меры гэта ўсё праводзіць можна, бо гэта выгадна, але не абсалютна выгадна. Краіна магутная, эканоміка магутная, і амаль заўсёды такія ваганьні адбываюцца".

У ведамствах, якія курыруюць эканоміку, аптымізм наконт хуткага выйсьця з паралічу больш стрыманы: на адзіны курс, агульны для ўсіх сэгмэнтаў рынку, мяркуецца выйсьці да канца году.

Увогуле з вуснаў чыноўнікаў самага высокага рангу абяцаньні разьвязаньня праблемы гучалі неаднойчы. Але нават 56-працэнтная дэвальвацыя рубля не прывяла да пазытыўных зьменаў — людзі канчаткова перасталі давяраць фінансавай сыстэме і не панесьлі валютныя ашчаджэньні ў абменьнікі, як на тое спадзяваліся ў Нацбанку. Наадварот, значная частка зьдзелак як з наяўнымі, так і зь безнаяўнымі грашыма перайшла ў падпольле. Як кажа адзін зь менскіх прадпрымальнікаў, адказнасьць за вымушаную крыміналізацыю фінансавай сфэры кладзецца на сумленьне дзяржавы:

"Скажу шчыра: нібыта нехта моцна баіцца разьлічвацца далярамі альбо набываць за даляры. Не было і няма такога пытаньня, каб разьлічыцца
Ніхто ў рукі ніколі грошы так не бярэ, ёсьць розныя ўмовы: адыходзяць, хаваюцца за 20 мэтраў ад бокса, перакладаюць паперкамі ...

далярамі. Усё робіцца разумна, ціхенька, прадуманыя адпаведныя схемы. Ніхто ў рукі ніколі грошы так не бярэ, ёсьць розныя ўмовы: адыходзяць, хаваюцца за 20 мэтраў ад бокса, перакладаюць паперкамі. Але справа ў тым, што калі быў нібыта стабілізаваны, як лічылася, рубель і за яго можна было спакойна набываць, то людзі трацілі беларускія грошы. А мы ўжо з гэтымі беларускімі хадзілі ў абменьнікі, набывалі валюту. Калі ўжо чалавеку цяжка было 5 баксаў здаць і ён прасіў пералічыць, то мы не адмаўляліся. Магчыма, за дарагія футры пераважна за валюту і раней разьлічваліся, але, хутчэй за ўсё, тут схемы гнуткія. Нічога я тут новага не выдаю, усе пра гэта ведаюць".

Выправіць фінансавыя хібы ўлады Беларусі намагаюцца перадусім праз прыцягненьне крэдытаў. Аднак імідж краіны, сапсаваны палітычнымі рэпрэсіямі і перасьледам іншадумства, зачыняе перад рэжымам шмат якія дзьверы. Чарговую спробу Аляксандар Лукашэнка зрабіў сёньня: сустракаючыся з прадстаўнікамі дэпартамэнту фінансавага рынку Народнага банку Кітаю, беларускі кіраўнік папрасіў рэкамэндацый адносна стратэгіі дзеяньняў на валютным рынку, у прыватнасьці — што да працы Нацбанку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG