Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: Калі б ня Бонэр, то сахараўскага каледжу ў Беларусі не было б


Алена Бонэр

Алена Бонэр

У Бостане памерла ўдава акадэміка Андрэя Сахарава Алена Бонэр. Ёй было 88 гадоў. Разьвітаньне адбудзецца ў ЗША. Паводле запавету Алены Бонэр, скрыню зь яе прахам пахаваюць на Вастракоўскіх могілках у Маскве побач з магіламі мужа, маці і бацькі. Што згадваюць пра Алену Бонэр у Беларусі?

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч быў знаёмы з Андрэем Сахаравым і Аленай Бонэр. Ён кажа, што Алена Бонэр была для яго вялікім аўтарытэтам чалавечнасьці і павагі да дэмакратыі, правоў чалавека.

Станіслаў Шушкевіч

"Я вельмі сумую з гэтай нагоды. Жанчына гэта была вельмі рашучая, і яна нікога, нічога і ніколі не баялася. Яна паходзіла з інтэлігентнай сям'і, у якой усе прытрымлівалася прыстойных прынцыпаў. Таму гэта вялікая страта".

Спадар Шушкевіч адзначае, што Алена Бонэр багата зрабіла для Беларусі і дала дазвол на тое, каб навучальнай установе ў Менску было прысвоена імя Андрэя Сахарава.

"Калі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце паўсталі пытаньні ўдасканаленьня адукацыі пасьля чарнобыльскага выбуху, то яна праявіла ініцыятыву, каб дапамагчы стварыць у Беларусі каледж, у якім вывучалі б асновы бясьпекі пры працы зь ядзернымі крыніцамі энэргіі. Яна прыцягнула прафэсара Рычарда Вілсана з Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 1989 годзе быў утвораны камітэт, які паставіў сваёй задачай стварыць у Беларусі навучальную ўстанову экалягічнага профілю па ядзернай фізыцы і па ядзернай бясьпецы. Вельмі актыўны ўдзел у гэтай працы браў Аляксандар Люцко, які тады быў дацэнтам катэдры, якую я ўзначальваў. І Бонэр яму дапамагала. Калі б не яна, то сахараўскага каледжу ў Беларусі не было б. Бо яе аўтарытэт быў такі вялікі, што калі прафэсару Вілсану казалі — дзякуй вам, што вы ўзялі ўдзел, — ён казаў: як жа ж, сама Алена Бонэр сказала, што гэта трэба, і таму я падтрымліваў і буду падтрымліваць".

Актывісту АГП Аляксандру Дабравольскаму давялося супрацоўнічаць з Андрэем Сахаравым. Ведаў ён і Алену Бонэр. Ён адзначае, што для Андрэя Сахарава была вельмі важнай падтрымка Алены Бонэр. Паводле спадара Дабравольскага, такіх людзей вельмі мала, і калі такі чалавек адыходзіць, то гэта трагедыя для ўсіх, хто лічыць прынцыповасьць адной з галоўных чалавечых рысаў.

Аляксандар Дабравольскі

"Без такіх людзей, як Сахараў і Бонэр, немагчыма зьмяніць рэчаіснасьць, ня будзе ніякіх ідэй і сілаў, і нават жаданьня. Бо людзі хочуць, каб іх нехта вёў. І нават калі гэтыя людзі не вядуць, а проста кажуць праўду, якая, магчыма, не падабаецца і нязручная, то гэта вельмі важна. Сахараў казаў праўду, нязручную для шмат каго ў Савецкім Саюзе. Бонэр таксама. І ў тым іх заслуга, што праз пэўны час гэтая праўда знайшла сваіх прыхільнікаў. Яны былі адзінкамі. Але адзінкамі, якія вартыя мільёнаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG