Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды


Паліцай

Леанід Галубовіч
Слова „паліцай“ у мяне як у паэта выклікае далёкую асацыяцыю з паліцай. А вось слова „міліцыя“ асацыюецца як з дубінкай, так і з мыліцай.

Яшчэ з маленства ўбівалі ў нашыя галовы: паліцыя і паліцыянты — гэта чужое і варожае, а „наша міліцыя нас сьцеражэ“. Асабліва ў п’яных і цёмных закутках, дадаў бы я ад сябе.

Аднак і па сёньня ніхто ў маёй вёсцы ня скажа нічога дрэннага пра былога паліцая, майго далёкага дзядзьку Мікалая, што ахоўваў сваё і людзкое ад партызанскіх рабункаў. І ўсе толькі зайздросьцяць, як добра ён дажывае век у Брытанскім каралеўстве, пішучы ім лісты на іх матчынай мове, якую яны смакуюць, перачытваючы вечарамі ў хаце маёй цёткі Мані.

Сястра ж цёткі жыве ў Маскве, на Кашырскай шашы, побач з падарваным домам, і ўсё кляне тую іх міліцыю. Там жа побач, у Люберцах, служыў міліцыянтам мой колішні аднаклясьнік Валодзя. Ахоўваў не сваё і ня так, як трэба. Дык цяпер сядзіць у адной камэры са сваімі расейскімі супольнікамі.

А мае знаёмцы браты Грушы служаць у раённай міліцыі, выслужваюцца перад начальствам, хоць блізкія людзі і шэпчуцца, што хлопцы „хорам грушы абтрасаюць“: тутэйшыя, чужое абтрасуць, а сваё і затопчуць.

Карацей кажучы, паліцыя ахоўвае людзей у дзяржаве, а міліцыя — дзяржаву ад людзей. І дзе пануе закон, там паліцыя незаўважная, а дзе беззаконьне — там зь міліцыяй не разьмінуцца.

О, як я сумую па сваім далёкім дзядзьку Мікалаю…

Рэвалюцыя

Віталь Тарас
Слова „рэвалюцыя“ за савецкім часам звычайна ўжывалася побач са словам „кастрычнік“. Нагадайма, што „рэвалюцыя“ паходзіць ад лацінскага „revolutio“, што ў перакладзе азначае „абарот, пераварот“. Зьдзейсьніўшы яго, бальшавікі ахрысьцілі спакойны восеньскі месяц, калі, здаецца, прырода адпачывае, пачаткам новай эры. А каб не было сумневу, увялі дэкрэтны час і новы каляндар, паводле якога кастрычніцкая рэвалюцыя здарылася… у лістападзе.

Як мэлянхалічна пісаў Купала з нагоды 10-годзьдзя ўтварэньня БССР: „Рэвалюцыя. Воля. Верх узяў пралетарый... Беларусь, як жабрачка, брыдзе зь “бежанства” хмарай“.

Імем рэвалюцыі раскулачвалі й высылалі зь Беларусі ў Сібір сялянаў, зьнішчалі нацыянальную інтэлігенцыю, мову, гісторыю.

Паступова рэвалюцыя зрабілася штампам — звычайным, шэрым, як той восеньскі дзень, калі масы людзей у шэрай вопратцы шпацыравалі пад чырвонымі штандарамі перад аднолькавымі трыбунамі ў тысячах аднастайных з выгляду савецкіх гарадоў. З вышыні трыбунаў масы віталі, так бы мовіць, правадыры рэвалюцыі — мажныя, пешчаныя, з азызлымі тварамі. І не было ў рэвалюцыі, як сьпявалася ў аднэй савецкай песьні, cканчэньня…

Потым была „перабудова“, якую таксама называлі рэвалюцыяй.

А наагул ХХ стагодзьдзе атрымалася багатым на рэвалюцыі — навукова-тэхнічную, кампутарную, сэксуальную. Савецкага Саюзу гэты рэвалюцыйны „бум“ як быццам не закрануў. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы да слова „рэвалюцыя“ дае такі прыклад з часопіса „Беларусь“: „Аўтаматы сыстэмы Чарвені для набіўкі запалкавых карабкоў зрабілі цэлую рэвалюцыю на камбінаце“.

А напрыканцы стагодзьдзя выбухнулі сьпеўная рэвалюцыя ў краінах Балтыі ды аксамітная — у Чэхаславаччыне. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Хабар

Сяргей Навумчык
Слова хабар паходзіць зь цюрскай мовы. Хабар у ХХ стагодзьдзі — гэта зусім ня тое, што было ў мінуўшчыне. Пляшка самагону брыгадзіру ад бабулькі, каб даў каня ўзараць соткі пад бульбу. Мех той самай бульбы ад брыгадзіра — начальніку рамонтнай майстэрні, каб па-за чаргой давёў да ладу трактар. Скрыня каньяку ці зуброўкі начальніку маскоўскага глаўку ад менскага міністра, каб уключылі ў плян дабудову якога-небудзь прамысловага гіганта. У падобных выпадках хабар выглядаў спосабам выйсьці зь лябірынтаў сацыялістычнай эканомікі, адміністрацыйнай сыстэмы ці так званага „самага справядлівага правасудзьдзя“. І ніхто ня кіне камень у маці, якая несла хабар пракурору, каб вызваліць несправядліва засуджанага сына.

Але было і інакш, і хабарам магла выступаць — пэўны факт — калекцыйная стрэльба за дзясяткі тысячаў рублёў, якую Машэраў ад ЦК КПБ падараваў Леаніду Брэжневу на ягоны чатырохзорны юбілей.

У апошнія пяць гадоў нашага стагодзьдзя ў хабара зьявілася слова-спадарожнік — такса. Любая паслуга — ці то паступленьне ў інстытут, ці то пазачарговае атрыманьне візавага штампіку ў пашпарце — мае свой дакладны грашовы эквівалент.

Заўважана, што хабарніцтва буяе там, дзе ўлада начальства, а ня ўлада закону.

Цнатлівасьць

Андрэй Дынько
Цнота, то бо чэснота, спачатку была якасьцю мужчыны, чэснага ваяра. Яе можна было заслужыць сьмеласьцю, разумнай стрыманасьцю, сілай духу, адданасьцю. Пра гэта сьведчыць і лацінскі адпаведнік цноты, virtus, ад vir — мужчына; гэта значыць — „заслуга мужчыны“. Мужчынскае неўнікнёна ставала агульначалавечым, і цнота паступова стала абазначаць дабрачэснасьць увогуле, каб урэшце ня ўнікнуць дэвальвацыі ў цнатлівасьць, уласьцівасьць хутчэй жаночую.

Добра быць цнатліваю дзяўчынаю, кепска быць цнатлівым хлопцам.

Мужчыны дамагаюцца ад жанчын цнатлівасьці. Мужчынам падабаецца разбураць. Бо разбурэньне — гэта авалодваньне. Зруйнаваць — значыць апанаваць. Расейцы насадзілі сваю ўладу ў Беларусі, ламаючы ўсе нашы цноты — ад цэркваў і ратушаў да ляндшафтаў і правапісу. Калі Купалава „Раскіданае гняздо“ мэтафара, дык гэта мэтафара зваяванай і падуладнай краіны. Паніч дурыць галаву Зосьцы, а Сымонка грае на скрыпачцы… Імпэрская ідылія!

Ёсьць нешта рамантычнае ў слове „цнота“ і нешта трагічнае ў слове „цнатлівасьць".

Беларусы й цяпер застаюцца ў стане вартай жалю мужчынскай цнатлівасьці. Вобразна кажучы, у Беларусі няма алькагалізму, у Беларусі спойваюць малалетак.

Эўропа

Ігар Бабкоў
Ніхто ня ведае — далёка яна ці блізка, дзе яна пачынаецца і дзе сканчаецца. Ніхто ня ведае — ці яна ўвогуле ёсьць, ці гэта не чарговы міраж падчас шматгадовага блуканьня беларусаў па пустэльні.

Усё XX стагодзьдзе яна была прыязная альбо варожая, але перадусім недасяжная, схаваная за зялезнай заслонай. Сёньня яна сьвеціць нам, як зорка Вэнэра — недзе здалёк, зь недасягальных вышыняў. Кліча ў дарогу.

Калі мы прыйдзем — мы зразумеем, што сьвяціла ніякая ня зорка, а звычайны ліхтар з правага берагу парыскай Сэны, з вуліцы Гравёраў. Але гэта для іх — звычайны ліхтар. Для нас — зорка Вэнэра, залатое Руно, Эўрыдыка.
XS
SM
MD
LG