Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Алена Бонэр




Сёньня, 19 чэрвеня, стала вядома аб сьмерці ўдавы акадэміка Андрэя Сахарава Алены Бонэр. Яна памерла 18 чэрвеня ў Бостане. Алене Георгіеўне Бонэр было 88 гадоў. Разьвітаньне зь ёй пройдзе ў ЗША. Паводле запавету Алены Бонэр, скрыня зь яе прахам будзе пахаваная на Вастракоўскіх могілках у Маскве побач з магіламі мужа, маці і бацькі.

Голас Алены Бонэр ня раз гучаў у эфіры Радыё Свабода. Алена Георгіеўна камэнтавала для нашага радыё актуальныя падзеі, брала ўдзел у праекце «Галасы салідарнасьці»:

Алена Бонэр, дысыдэнтка савецкіх часоў, удава Андрэя Сахарава


А ў канцы сьнежня 2010 году яна пакінула свой апошні камэнтар на сайце Радыё Свабода, ён быў прысьвечаны мітынгу "Масква для ўсіх", які прайшоў на Пушкінскай плошчы расейскай сталіцы 26 сьнежня. Тады ліст Алены Георгіеўны з трыбуны мітынгу зачытаў Віктар Шандаровіч. Яна пісала:

"Я масквічка, габрэйка "каўкаскай нацыянальнасьці". У 1941-м абараняла краіну, у 1945-м плакала ад радасьці. У 1953-м пратэставала супраць "справы лекараў". І ўсе гады зь вясны 1937-га чакала, што з карагандзінскага лягеру вернецца мама. А калі яна вярнулася, пазваніла ў дзьверы, я яе не пазнала, прыняла за жабрачку. І ўсе гэтыя гады ў снах залівалася сьлязьмі па маім расстраляным тату. А ў таты была язва страўніка, і па вечарах ён прасіў "Люся-джан, налі мне грэлку, жывот баліць вельмі". І плакала па бабулі, якая гадавала трох сірот 37-га году і зрабіла свой апошні ўздых у блакадным Ленінградзе. І ўсё жыцьцё мучылася -- вінаватая, што маму пасадзілі, што я яе не пазнала. Вінаватая, што бацьку расстралялі, што стаіць на Вастракоўскіх могілках помнік яму, а пад помнікам пуста. Вінаватая, што не засталася паміраць у блакадным Ленінградзе разам з бабуляй. Радзіму мне, бачыце, трэба было ратаваць! Радзіму! А цяпер ужо сіл ратаваць радзіму няма. І нават няма сіл самой сабе наліць грэлку. І як яе ратаваць -- радзіму? Як ня ведала, так і ня ведаю. Далучыце мяне да тых, хто 26-га прыйдзе на Пушкінскую. Лічыце, што я прыйшла туды, зноў ратаваць радзіму, хоць ногі ня ходзяць".

Алена Георгіеўна Бонэр нарадзілася 15 лютага 1923 году ў сям'і партыйных работнікаў у Туркмэніі. У 1937 годзе бацькі былі рэпрэсаваныя. У 18 гадоў сышла на фронт, служыла мэдсястрой у ваенна-санітарным цягніку, атрымала цяжкое раненьне. Пасьля вайны скончыла Ленінградзкі мэдычны інстытут. Яе выключалі з інстытуту за выказваньні пра "справу лекараў", узнавілі ўжо пасьля сьмерці Сталіна. У 1965 годзе Бонэр уступіла ў КПСС, што называла потым адной з самых сур'ёзных памылак у сваім жыцьці. У 1972-м годзе выйшла з КПСС і занялася актыўнай праваабарончай дзейнасьцю.

У тым жа 1972 выйшла замуж за акадэміка Андрэя Сахарава. Шмат пазьней яна скажа ў адным з інтэрвію: "Я не люблю, калі мяне завуць жонкай Сахарава, удавой Сахарава ... Я сама па сабе ..."

Алена Бонэр была ўдзельніцай перадачы дзёньнікаў Эдуарда Кузьняцова на Захад, у 1973 годзе яе неаднаразова дапытвалі ў гэтай справе. Заснавала фонд дапамогі дзецям палітвязьняў, аддаўшы ў яго атрыманую Сахаравым прэмію Чына дэль Дука.

Алена Бонэр прадстаўляла акадэміка Сахарава ў 1975 годзе на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Осла. 12 траўня 1976 году падпісалася пад устаноўчым дакумэнтам Маскоўскай Хэльсынскай групы. Разам з Сахаравым паехала ў ссылку ў горад Горкі (1980). У 1984 годзе была асуджаная Горкаўскім абласным судом паводле арт. 190-1 КК РСФСР (паклёп на савецкі грамадзкі і дзяржаўны лад), пакараньне адбывала па месцы высылкі мужа ў г. Горкім. У сьнежні 1986-га разам з мужам вярнулася ў Маскву.

Ўваходзіла ў камісію па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі да 28 сьнежня 1994 году. Выйшла з складу камісіі, ня лічачы для сябе магчымым супрацоўніцтва з палітычным рэжымам, які распачаў чачэнскую вайну. Алена Георгіеўна кіравала Фондам імя А.Сахарава.

У апошнія гады Бонэр жыла ў ЗША.

10 сакавіка 2010 яна першай падпісала зварот расейскай апазыцыі да грамадзянаў Расеі "Пуцін павінен сысьці".

Алена Бонэр падтрымлівала актывістаў беларускай апазыцыі і праваабаронцаў.

Глядзі таксама:

Алена Бонэр чытае імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010.

Алена Бонэр успамінае пра Андрэя Сахарава.

“Парадак па-чэкісцку”. Алена Бонэр у перадачы пра Юрыя Андропава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG