Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Больш даіць і менш карміць"


Якія рашэньні праблем, што стаяць перад краінай, прапанаваў Аляксандар Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі? Якія зьмены ў эканамічнай палітыцы ён паабяцаў? Пра які адказ на выклікі сацыяльна-палітычнай сытуацыі вёў размову кіраўнік дзяржавы? Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць шэф рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько і палітолягі Ўладзімер Падгол і Аляксей Пікулік.


Лукашэнка рэанімуе тэзу, што вінаваты народ


Юры Дракахруст

Дракахруст: Якія адказы прапанаваў Лукашэнка на выклікі моманту, выклікі часу? Што вас найбольш уразіла ў яго сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі?

Уладзімер Падгол

Падгол: Дзьве рэчы мяне ўразілі. Першае: ён для падтрыманьня свайго рэйтынгу выбраў сабе вобраз мудраца, маўляў, я ж вас папярэджваў яшчэ ў верасьні летась, а вы мяне не паслухалі, таму ўсе гэтыя праблемы з падвышэньнем коштаў і гэтак далей. Ён некалькі разоў зьвяртаўся да гэтай тэмы, што ён такі разумны, ён папярэджваў людзей, а яны, дурні, яго ня слухаюцца, адсюль і праблемы. Ён рэанімуе тэзу, што вінаваты народ.

І другое, што мяне ўражвае ва ўсіх выступах і ўрадоўцаў, і Лукашэнкі пасьля таго, што адбылося -- гэта мая згадка пра апошні ўсебеларускі сход. Там Лукашэнка казаў, што вось-вось мы зробім сярэдні заробак у 1000 даляраў, што ўсё разьвіваецца цудоўна. І раптам празь некалькі месяцаў -- крах, абвал. Дык што -- вы тады хлусілі людзям ці абсалютна не маглі прагназаваць? Ці сьвядома напампоўвалі грашыма эканоміку і ведалі, што ўсё гэта абваліцца?


Лукашэнка найперш зьвяртаўся да тых, у каго кароткая памяць

Дракахруст: Андрэй, а што б вы адзначылі самае галоўнае, самае важнае ў гэтай прэсавай канфэрэнцыі?

Андрэй Дынько

Дынько: Мне падаецца, што Лукашэнка найперш зьвяртаўся да тых, у каго кароткая памяць. Чалавек, які памятае, што было і гаварылася ў краіне некалькі месяцаў таму, ня можа гэта ўспрымаць усур'ёз. Мне здаецца, што Лукашэнка быў шматслоўным, бо ў яго не было нічога пазытыўнага, што ён мог бы паведаміць на тэму эканомікі. Ён прызнаўся, што валюты ў абменьніках ня будзе, ён не сказаў нічога такога, што магло б супакоіць фінансавы рынак і прамысловасьць.

Дракахруст: Аляксей, а што б вы адзначылі, як самае важнае, ў заявах Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі?

Аляксей Пікулік

Пікулік: Я не пачуў нічога новага. Калі ён пару разоў спрабаваў казаць, што ўсе вакол нас плятуць змовы, мне здаецца, што ён сам сабе ня верыў. Такі крыху крызіс жанру. Пэўна, самае важнае -- тое, што Лукашэнку ўпершыню даводзіцца даваць справаздачу за крызіс, бо сытуацыя склалася вельмі неспрыяльная і яму даводзіцца выкручвацца.

Дракахруст: Лукашэнка казаў пераважна пра эканоміку, але давайце пачнём з таго, што ўсё ж такі гаварылася пра палітыку. Ацэнкі акцыі "Стоп-бэнзін" і акцыяў маўчаньня -- як ён мяркуе сабе паводзіць да такога кшталту мерапрыемстваў? І наконт палітвязьняў -- ці азначаюць ягоныя заявы (ён фактычна паўтарыў тое, што казаў у Астане), што магчымае іх вызваленьне?

Дынько: Што да масавых акцый, то ў мяне стварылася ўражаньне, што Лукашэнка яшчэ ня вызначыў да канца, якая будзе тактыка ў дачыненьні да гэтых новых нечаканых акцый, якія арганізаваныя не апазыцыі, а ўзьнікаюць як бы зь ніадкуль. Ён упершыню ў жыцьці згадаў пра сацыяльныя сеткі, згадаў Вконтакте, Одноклассники і іншыя. Што да палітвязьняў, то ў чарговы раз прагучаў намёк на тое, што яны выйдуць на свабоду. Праўда, Лукашэнка сказаў, што толькі тры чалавекі былі асуджаныя -- Саньнікаў, Статкевіч і Вус, прычым наконт Статкевіча ён зрабіў выгляд, што забыў яго прозьвішча. Гэта спараджае пытаньне -- ці зьбіраюцца яны вызваліць толькі былых кандыдатаў у прэзыдэнты, а шэраговых удзельнікаў Плошчы пакінуць за кратамі для падтрыманьня градусу страху, ці яны будуць вызваляць усіх.

Дракахруст: Аляксей, выказваньні прэзыдэнта пра акцыі кшталту "Стоп-бэнзін", развагі пра тое, што палітвязьні "паганяць" айчынныя турмы -- які прагноз унутранай палітыкі вынікае з гэтых выказваньняў?

Пікулік: Санкцыі супраць удзельнікаў наступных акцый пратэсту і салідарнасьці не абмяжуюцца штрафамі, а хутчэй за ўсё атрымаюць адміністрацыйныя арышты. Улады ўсяляк спрабуюць стрымаць акцыі пратэсту, яна іх баіцца, баіцца любой мабілізацыі насельніцтва, баіцца стыхійных выступаў. І натуральна, каб іх прадухіліць, трэба паказальнае пакараньне ўдзельнікаў такіх акцый.

Падгол: Лукашэнка ўпершыню, гаворачы пра палітвязьняў, зьнітаваў іх з прыкладам пра эканамічных вязьняў. Кажучы пра апошніх, ён сказаў, што яны селі, але ёсьць рахунак у банку і калі ты хочаш быць на свабодзе, то пералічы туды грошы і купіш сабе свабоду.

Я інтэрпрэтую гэта як намёк, што калі мне дадуць вялікія грошы, крэдыты, тады я іх выпушчу.


Матрыцу эгіпецкіх падзеяў яны пераносяць на сябе


Дракахруст: Уладзімер, а зараз - наконт рэакцыі Лукашэнкі на сацыяльныя пратэсты. Што ў яго заявах адносна гэтых акцый спэктакль, а што - сапраўдны плян дзень?

Падгол: Гледзячы па гэтым мініспэктаклі наконт апошніх акцый пратэсту, ён жудасна напалоханы. Пры гэтым ён выкарыстаў прэсавую канфэрэнцыю, каб гэтак прымітыўна сказаць: а я і ня ведаў, што праспэкт быў перакрыты, але пры гэтым пачаў прыгадваць назвы сацыяльных сетак. Гэта значыць, што ён глыбока пагрузіўся ў гэтую праблематыку. І яны ня ведаюць, што рабіць. Калі ён загадвае міністру ўнутраных справаў усё гэта прыпыніць, а інакш здыме пагоны зь яго, дык і дурню зразумела, што міністар ня можа спыніць такія маўклівыя акцыі. У Лукашэнкі страх, у камандзе разгубленасьць, яны ня ведаюць, што рабіць.
Таму быў зладжаны такі мініспэктакаль, маўляў, недзе нехта сабраўся -- нас гэта не цікавіць. Але ў яго і на Эгіпет спасылка прасьлізнула, сказаў, што гэтыя дурні маладыя зьбіраюцца, а потым да іх лідэры зьявяцца. Матрыцу эгіпецкіх падзеяў яны пераносяць на сябе і ў жаху думаюць, што рабіць, калі такое паўторыцца.

Лукашэнка даў старт новай хвалі паніцы


Дракахруст: Уладзімер, на ваш погляд, наколькі тое, што гаварылася на прэсавай канфэрэнцыі, здольнае супакоіць простых людзей? Усе гэтыя карцінкі маляўнічай, ціхай, прыгожай Беларусі, дзе прэзыдэнт клапоціцца нават пра тое, каб даярка да мужыка ў ложак памытай клалася.

Падгол:
Сёньня гэта можа ўзьдзейнічаць толькі на вяскоўцаў. І то крышачку. На тых старых вяскоўцаў, якія не выяжджаюць нават у бліжэйшыя гарады, а глядзяць толькі БТ. Вось пасадзіць рабочых МАЗа ці МТЗ і даць ім прагледзіць гэтую прэсавую канфэрэнцыю -- народ бы ў паніцы пабег у банкі забіраць апошнія грошы, ў каго засталіся.

Лукашэнка спрабаваў супакойваць народ, кажучы, што калі вы пабяжыце ў банкі і ўсё здымеце, ў мяне ня будзе грошай вам падвышаць заробак. Ён даў старт новай хвалі паніцы. Калі гэты выступ растыражуюць -- трэба чакаць чарговай панікі.

Варта сказаць па БТ, што ў нас вялікія запасы запалак, дык людзі кінуцца ў крамы запалкі купляць


Дынько: Апошнім часам зьявіўся анэкдот, што варта сказаць па БТ, што ў нас вялікія запасы запалак, дык людзі кінуцца ў крамы запалкі купляць.
У мяне было ўражаньне, што Лукашэнку сёньня няма чаго сказаць краіне. Напачатку быў уступ 65 хвілінаў, як ён арганізоўваў вытворчасьць камбайнаў у краіне, як палепшылі нарыхтоўку кармоў. Гэта мала цікавіць людзей. А вось на пытаньне рэдактара "Беларусаў і рынку", як краіна вырашыць пытаньне з замежнай запазычанасьцю, якая ўжо падступае да крытычнай мяжы, ён сышоў ад адказу. Ён таксама ня даў канкрэтных адказаў на пытаньне пра рост цэнаў. Ён казаў, што цэны будуць уздымацца і ў той жа час ня будуць уздымацца.

Гэта здаецца адна з самых доўгіх прэсавых канфэрэнцый за ягоную кар'еру, але і адна з самых малазьмястоўных. Гэта адпавядае той сытуацыі, ў якой апынулася беларуская эканоміка, калі няма адказаў.

Мэта адна - чакаць, пакуль Беларусь не атрымае крэдыт ад МВФ


Дракахруст: Аляксей, мы ўжо пачалі размову пра галоўную тэму прэсавай канфэрэнцыі -- пра эканоміку. На ваш погляд, што новага сказаў прэзыдэнт у гэтым пытаньні? Ён сказаў, што крызісу няма, ёсьць толькі паніка і ажыятаж. Ну а як хаця б зь імі мяркуецца змагацца?

Пікулік: А ніяк. Уся прэсавая канфэрэнцыя была ілюстрацыяй старога анэкдоту: як зрабіць так, каб карова давала больш малака і менш ела? -- Больш даіць і менш карміць.

Ніякіх антыкрызісных мер на прэсавай канфэрэнцыі не было прапанавана. Лукашэнка не прызнаў нават наяўнасьць крызісу. Мэта адна - чакаць, пакуль Беларусь не атрымае крэдыт ад МВФ, каб нейкім чынам закрыць дзірку. Ніякіх іншых шляхоў зараз няма.

Дракахруст: Вакол прэсавай канфэрэнцыі гучалі даволі супярэчлівыя паведамленьні. Зьявілася інфармацыя, што расейскі калійны магнат Сулейман Кэрымаў зьвярнуўся ў Сбербанк Расеі па крэдыт для набыцьця "Беларуськалія". Зь іншага боку віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што "Беларуськалій" ня будзе прадавацца. А Лукашэнка заявіў, што можа і прададзім, але па высокай цане. Якая ж пазыцыя афіцыйнага Менску адносна ўмоваў атрыманьня тых самых крэдытаў, ўмоваў, якія выстаўляюць як Расея, гэтак і МВФ?

Продаж "Беларуськалія" па цане 15 мільярдаў за кантрольны пакет быў бы абсалютным глупствам

Пікулік: Продаж "Беларуськалія" па цане 15 мільярдаў за кантрольны пакет быў бы абсалютным глупствам, не паспрабаваўшы вывесьці прадпрыемства хаця б на ганконскае IPO, а потым прадаваць меншымі пакетамі. Найбольш, я мяркую, ў гэтай сытуацыі зьдзіўлены сам сп. Кэрымаў, бо ён наўрад ці разумее, што адбывацца зь Беларусьсю і наўрад ці разумее, чаму перамоўная пазыцыя беларусаў так часта мяняецца.

Пазыцыя Сбербанку тут будзе вельмі важнай, бо ва "Ўралкалія" ня хопіць ліквіднасьці, каб самому забясьпечыць пакупку "Беларуськалія".

Ніякіх зьменаў ня будзе, чакайце цуд, а цуд я вам забясьпечу


Дракахруст: Уладзімер, а як бы вы ацанілі шматлікія заявы на эканамічныя тэмы, якія прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі? Як мяркуецца змагацца з "панікай і ажыятажам"?

Падгол: З гэтага стала абсалютна зразумела, што, па-першае, рэформаў ня будзе. Па-другое, цывілізаванай прыватызацыі ня будзе. Па-трэцяе, бізнэсоўцы застануцца ў статусе ворагаў народу. Па-чацьвёртае, ёсьць толькі спадзеў на нейкія мітычныя 10 мільярдаў ці нейкія іншыя мільярды, якія ці Бог, ці д'ябал дадуць. Вось і ўвесь зьмест: ніякіх зьменаў ня будзе, чакайце цуд, а цуд я вам забясьпечу.

Лукашэнка быў вельмі прымірэнчы, не кідаў вялікіх захадаў ані Захаду, ані Расеі


Дынько: У мяне склалася ўражаньне, што ў Лукашэнкі не атрымліваецца знайсьці рэсурсы, патрэбныя для стабілізацыі фінансавага рынку краіны, шляхам атрыманьня крэдытаў. Але ў яго не атрымліваецца і прадаць тыя актывы, якія ён быў бы гатовы прадаць, што таксама магло б вырашыць сытуацыю.

На прэсавай канфэрэнцыі пасьлядоўна гучалі вельмі несуцяшальныя прагнозы: ён казаў, што і мэліярацыйныя праекты на Палесьсі, і будаўніцтва лядовых палацаў, і будаўніцтва жытла ня будзе рабіцца ў ранейшых маштабах.

У перакладзе з дэмагагічнай мовы гэта азначае, што фінансавы крызіс можа перарасьці ў эканамічны, нас можа чакаць запавольваньне эканамічнага росту.

Лукашэнка быў вельмі прымірэнчы, не кідаў вялікіх захадаў ані Захаду, ані Расеі, ён намякнуў на магчымасьць вызваленьня палітвязьняў, было нешта кшталту флірту з грамадзтвам, многім сацыяльным групам "мір у абмен на мір", вы тут асабліва не чапайце ўладу, палітычную сыстэму, а тады і бізнэсоўцы змогуць працаваць, і прэса, калі будзе ўзважанай.

Мая выснова такая, што ўлады будуць імкнуцца атрымаць крэдыт ад МВФ. Лукашэнка разумее, што шанцы атрымаць яго вельмі малыя, калі ня будзе палітычных і эканамічных зьменаў. Я мяркую, што ўлады пойдуць на такія зьмены, каб атрымаць гэтыя грошы ад Захаду.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG