Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда мусяць сёньня вызваліць з карцэра. Зьмітру Дашкевічу ў жодзінскім сьледчым ізалятары забараняюць размаўляць па-беларуску. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў напісаў ліст, у якім прааналізаваў працэсы ў грамадзтве пасьля 19 сьнежня.


Маці актывіста Мікіты Ліхавіда Алена пацьвердзіла ранейшыя зьвесткі, паводле якіх яе сын мусіць выйсьці з карцэра ў суботу, 18 чэрвеня.

Алена Ліхавід
"Нам сказалі, што выходзіць ў суботу, а як там будзе... Спадзяюся, што выйдзе, як сказалі".

Мікіта Ліхавід быў пераведзены ў Наваполацкую калёнію ў пачатку траўня і з таго часу чатыры разы трапляў у карцэр. Першы раз яго пакаралі за тое, што адмовіўся выконваць пэўныя працы, якія выконваюць вязьні, да таго ж называў сябе "незаконна асуджаным". Другі раз Ліхавіда адправілі ў карцэр за тое, што як дзяжурны па камэры не даклаў ахоўнікам пра тое, што іншыя вязьні палілі ў камэры. У чым быў вінаваты Мікіта Ліхавід яшчэ два разы, калі ён трапляў у карцэр, невядома. Маці актывіста не выключае, што да яго чапляюцца, каб прымусіць да падпарадкаваньня.

Са Зьмітром Дашкевічам ў жодзінскім ізалятары сустрэўся адвакат. Стала вядома пра ціск на вязьня і абыходжаньне зь ім, якое Дашкевіч лічыць незаконным. Наста Палажанка з "Маладога фронту" распавяла пра скаргу, якую Зьміцер Дашкевіч намераны падаць ў пракуратуру.

Наста Палажанка

"Ужо ў першыя хвіліны ўтрыманьня Дашкевіча ў Жодзінскім СІЗА яго прымусілі стаяць тварам да сьценкі, з рукамі за сьпіну, трымаючы у руках сумкі з рэчамі вагой пад 40 кіляграмаў. Ён адмовіўся гэта рабіць, за што яму пагражалі фізычнай расправай. Яшчэ яму забараняюць карыстацца беларускай мовай. На знак пратэсту ён адмовіўся ўвогуле размаўляць з адміністрацыяй жодзінскага СІЗА."

Нагадаю, напярэдадні, 17 чэрвеня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле прысуд, які вынес Маскоўскі раённы суд Зьмітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву. Адбываць пакараньне тэрмінам у 2 гады Дашкевіч мусіць ў калёніі ў Горках, Лобаў свае 4 гады ужо адбывае ў калёніі "Воўчыя норы" пад Івацэвічамі.

Марына Лобава

Маці актывіста Марына Лобава 16 чэрвеня бачылася зь ім у калёніі, а праз дзень была на разглядзе касацыйнай скаргі.

"Суд прайшоў сымбалічна. Чысты фарс – такі суд. Як звычайна".


Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава журналістка Ірына Халіп працытавала вытрымку з апошняга ліста мужа, у якім Саньнікаў аналізуе працэсы, што адбываюцца ў беларускім грамадзтве пад уплывам падзей 19 сьнежня.

Ірына Халіп

"Мне падаецца, зараз узьнікла рэдкая сытуацыя, калі праз нашы пакуты людзі вяртаюцца да нармальнага чалавечага стану. Бо гэта нармальна – спачуваць, нармальна – падтрымліваць адзін аднаго, нармальна – абараняць дзяцей і дапамагаць іх бацькам. Гэта падтрымка вельмі важная і патрэбная для тых, хто знаходзіцца за кратамі – ты сама гэта добра ведаеш – але яна і надзвычай важная для вяртаньня ў наша жыцьцё таго нармальнага стану, пра які мы сталі забываць".

Андрэя Саньнікава па-ранейшаму трымаюць ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Разгляд касацыйнай скаргі палітыка на прысуд яшчэ не прызначаны. Саньнікава пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

Ад былых кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, якіх трымаюць ужо ў калёніях – у Шклове і Магілёўскай №19 – новых зьвестак няма. "Знаходзяцца ў карантыне, адкуль, відаць, немагчыма дасылаць лісты", -- кажуць пра сытуацыю жонкі вязьняў.

Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG