Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды


Кавярня

Алег Дзярновіч
Гэтае месца заўжды лёгка пазнаць. Водар кавы, нягучная гамонка, ніхто нікуды не сьпяшаецца.

У ХХ стагодзьдзі кавярні станавіліся легендамі культураў. У першай палове стагодзьдзя ў парыскай „Ратондзе“ стала зьбіраліся вядомыя літаратары, у віленскім „Чырвоным Штралі“ рэгулярна сыходзіліся нашаніўцы. Праская „Славія“ ў 60–70-х гадох была слынным дысыдэнцкім асяродкам.

У Беларусі ўсё ж бракавала традыцыяў кавярняў. Іх папросту было замала. Але беларускі горад прагнуў кавярняў як асяродкаў іншай рэальнасьці. У Менску на працягу 70–80-х андэграўнд ды вальнадумцы абіралі для сустрэчаў не заўжды самыя шыкоўныя кавярні, галоўнае, каб больш-менш хапала месца. Для многіх менчукоў нешта значаць такія назовы, як „Рамонак“, „Хвілінка“, „Сьвіцязянка“, „Траецкае“, „На Паддашку“. Гэтыя назвы асацыююцца з добрай кавай, пераважна па-турэцку, павольнай дыскусіяй, тварамі сяброў. Кавярні былі тэрыторыяй свабоды, таму яны трапляюць у лік найважнейшых мясьцінаў сучаснага беларускага гораду.

„Кафэ“, у адрозьненьне ад кавярняў, вельмі неканкрэтны тэрмін. Так маглі называць і рэстаран, і хуткую ядальню, і нешта падобнае да ўласна кавярні. Беларусы акультурваюць свае гарады ў тым ліку і праз кавярні — праз слова і зьяву. Цяпер беларускія кавярні часам выступаюць пад сваім уласным іменем, на іхных шыльдах так і напісана — "Кавярня".

Камуніст

Міхась Скобла
Ня ведаю, як былі разьмеркаваныя 20 мільёнаў камуністаў па ўсім савецкім абшары, але на нашае заходнебеларускае мястэчка іх перапала амаль тры дзясяткі.

Камуністамі, альбо „парцейнымі“, былі кіраўнікі ўсіх рангаў, пачынаючы ад школы і канчаючы калгаснай фэрмай. Нягледзячы на гэткую немалаважную акалічнасьць, бацькі почасту асьцерагалі сваіх самастойных ужо дзяцей ад уступленьня ў партыю. Адна цётка замест матчынага блаславеньня параіла сыну апамятацца і ня лезьці ў сабачую скуру.

Калгасная сыстэма трымалася на прыгоне і крадзяжы, прычым апошні не лічыўся злачынствам. Сымбалічна, што сынонімам да слова „красьці“ стаўся нэалягізм „скамунізьдзіць".

Надзвычайнай папулярнасьцю ў народзе ад часоў грамадзянскае вайны карысталася пагардлівае „камуняка".

Слова камуніст, ужытае ў назьве мастацкага твора, як бы сыгналіла наверх, што мастак — свой, служыць верай і праўдай і заслугоўвае афіцыйнага прызнаньня. І прызнавалі, як мастака Савіцкага, чыя карціна „Пяюць камуністы“ мусіла сьцьвердзіць у вачох грамадзкасьці нязломнасьць і стойкасьць членаў КПСС.

Перад словам камуніст бездапаможна ніякавелі нават народныя паэты. Яно нівэлявала паэзію, ператварала твор у рыфмаваны лёзунг. Талент здаваўся ў палон ідэалёгіі. Школьнікі завучвалі на памяць верш Куляшова, раз-пораз спатыкаючыся на розных хібах: русізмах, няправільных канчатках альбо не ўласьцівых для беларускай мовы націсках:

Камуністы — гэта слова, як са сталі...
Маркс і Энгельс нам імя такое далі…

Камуністы зьбілі з тропу ня толькі паэтаў...

Лысіна

Рыгор Сітніца
„Як у калгасе ні працуй, а маеш чорта лысага“, — казаў раз-пораз хтосьці зь вяскоўцаў, атрымаўшы гаротныя працадні. Хто такі гэты лысы чорт, я тады ня цяміў. Бо ведаў, што лысымі бываюць вясновыя пагоркі, і жыта, і сенажаць, у якіх ад макрэчы парабіліся лысіны.

Лысымі маглі быць таксама цяляты і коні, а ледзьве ня кожная другая карова звалася Лыскаю ці Лысухаю. Лысым яшчэ быў нейкі дзядзька на партрэце ў калгаснай канторы, пра якога вяскоўцы казалі, што на ягонай лысіне хоць боб малаці. Пазьней я даведаўся, што звалі таго дзядзьку Мікіта Хрушчоў.

За тым часам, калі ўсім нам і ўдзень і ўноч сьвяціла ярчэйшая ад сонца лысіна колішняга правадыра сусьветнай галоты, слова „лысы“ набыло дадатковае адценьне. „На халеру ўвіхацца, калі ўсё роўна лысага пакажуць“, — гаварыў хтосьці са знаёмых будаўнікоў камунізму. „Дык што я, лысы, каб гарбаціцца задарма“, — казаў нехта іншы з гегемонаў, хаця за „лысага“, гэта значыць, за дзесяць рублёў ён мог набыць ажно дзесяць пляшак пладова-ягаднага.

А тым часам міліцыянты хвацка „рабілі лысага“, зацягнуўшы ў пастарунак якога-небудзь тутэйшага хіпака. Зрэшты, мне й самому аднойчы надарылася пабыць лысым, прыкра патрапіўшы ў савецкае войска.

Праз пэўны час, калі лысае сонца экс-правадыра пачало заходзіць, над нашым краем узышло адразу некалькі зыркіх галоваў, паміж сабой аднак прыкметна вылучаючы постаць Ведзьмака Лысагорскага зь ягонымі паэмамі „Сказ пра Лысую гару“ і „Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт“. Хто такі гр. В.Лысагорскі, ня высьветліла нават судовае сьледзтва.

Мытня

Уладзімер Арлоў
Мытня -- старажытнае беларускае слова, якое ў ягоным цяперашнім значэньні можна сустрэць ужо ў дакумэнтах часоў князя Вітаўта. Ахоўваючы эканамічную прастору Вялікага Княства Літоўскага, мытні стаялі на яго межах і тады, калі айчына нашых продкаў уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітае.

На мытнях служылі мытнікі. Яны зьбіралі з падарожных адмысловую плату -- мыта.

Калі Беларусь апынулася ў кіпцюрох двухгаловага расейскага арла, слова мытня на два стагодзьдзі амаль цалкам зьнікла з ужытку, працягваючы існаваньне адно ў гістарычных слоўніках.

Але слова гэтае выявіла дзівосную жыцьцяздольнасьць -- як толькі Беларусь вярнула сабе незалежнасьць, яно загучала з вуснаў беларускамоўных дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Чуючы пры абмеркаваньні заканадаўчых актаў слова мытня, расейскамоўная камуністычная большасьць парлямэнту ўквелена круціла носам. Адзін з дэпутатаў, колішні генэрал, аднаго разу ўзьлез на трыбуну й пачаў пратэставаць -- маўляў, гэтую мытню прыдумалі нацыяналісты, "её ніхто не панімает", асабіста ў яго, генэрала, гэтае слова выклікае асацыяцыі не зь дзяржаўнай мяжою, а з мыцьцём і лазьняй.

Прамінула колькі гадоў і словам мытня ўжо анікога ня зьдзівіш. На далёкіх ад міжнародных стандартаў беларускіх мытнях адбываюць сваю дзяржаўную службу то сонныя, як восеньскія мухі, то, наадварот, чамусьці празьмерна ўвішныя беларускія мытнікі. Яны бяруць законнае мыта, што цяпер завецца "мытным зборам", і мыта незаконнае, што спрадвеку завецца хабарам.

Лінгвістычныя дасьледваньні адстаўнога генэрала-дэпутата ўжо ніхто й не ўзгадае, але ў нечым ён безумоўна меў рацыю -- пасьля блізкага знаёмства зь беларускай мытняй хочацца добра памыцца.

Мэтро

Зьміцер Бартосік
У перакладзе з грэцкай мовы слова metropolis азначае горад-маці. Ці сталіца. Францускі выраз chemin de fer metropolitain, сталічная чыгунка, зь цягам часу скараціўся да проста „мэтрапалітэну“. У 1984 годзе сваё мэтро зьявілася і ў Менску.

А першы ў сьвеце мэтрапалітэн быў адкрыты ў Лёндане, тады, калі пад Менскам ішлі баі паміж паўстанцамі Каліноўскага й расейскай арміяй. Цяжка спалучыць гэтыя падзеі ў адным часе: заклік „У нас няма дваран“ і абвестку „Асьцярожна! Дзьверы зачыняюцца“ — такую, здаецца, далёкую гісторыю і такі сучасны від транспарту.

У ХХ стагодзьдзі мэтро разглядалася ня толькі як зручны транспарт. Гэта быў яшчэ і моцны сродак савецкай манумэнтальнай прапаганды. Ад „Плошчы Леніна“ мы праз „Кастрычніцкую“ ехалі да канечнай станцыі „Маскоўская“ і ганарыліся сваёй далучанасьцю да клюбу мэгаполісаў. Да букету менскага паветра дадаўся цёплы, смалісты пах шпалаў, а ў лексыкон менчукоў паступова ўваходзілі новыя фразы: „Сустрэнемся ў мэтро“, „Трэба пасьпець на апошні цягнік“, „Ля якой станцыі Вы жывяце?“.

З набыцьцём незалежнасьці была нават ідэя, што мэтро аўтаматычна станецца прапагандыстам беларушчыны. Але станцыяў „Кальварыйская“ або „Цівалі“ мы так і не дачакаліся. Ня стала нашае мэтро й дзейснаю базаю незалежнага прафсаюзнага руху.

Паводле былых савецкіх плянаў сёлета мусіла запрацаваць трэцяя, апошняя лінія. Але мэтро — штука дарагая. Асабліва пры кошце праезду ў пару амэрыканскіх цэнтаў. Можа, менавіта на трэцяй лініі мы калі-небудзь пачуем: „Станцыя „Каліноўская“. Наступная станцыя — „Плошча 25 сакавіка“. Каб ужо ніколі не праехаць паўз сваё.
XS
SM
MD
LG