Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Міжнародная амністыя” заклікае афіцыйны Менск вызваліць палітвязьняў


Праз шэсьць месяцаў пасьля выбараў у Беларусі і арышту сотняў удзельнікаў пасьлявыбарнага пратэсту “Міжнародная амністыя” працягвае заклікаць да вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня, затрыманых і засуджаных за мірнае ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду сходаў і волевыяўленьня.

У сваёй пятнічнай заяве праваабарончая арганізацыя зноў заклікала ўлады Беларусі паважаць правы ўсіх зьняволеных і правесьці неадкладнае, грунтоўнае і бесстароньняе расьсьледаваньне абвінавачаньняў у парушэньнях правоў чалавека, уключаючы абвінавачаньні ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні зь вязьнямі ў месцах пазбаўленьня волі.

“Апошнія шэсьць месяцаў назіраецца беспрэцэдэнтнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, – адзначаецца ў заяве “Міжнароднай амністыі”. – Ключавыя дзеячы апазыцыі былі затрыманыя, зазналі жорсткае абыходжаньне і былі засуджаныя ў ходзе несправядлівых судовых працэсаў. Крытычна настроеныя да ўладаў няўрадавыя арганізацыі, актывісты грамадзянскай супольнасьці і журналісты зьведвалі перасьлед”.

У заяве праваабаронцаў гаворыцца, што на сёньняшні дзень “Міжнародная амністыя” ўстанавіла 13 вязьняў сумленьня ў Беларусі. Арганізацыя дапускае, што іх колькасьць вырасьце па меры вывучэньня кожнага канкрэтнага выпадку, зьвязанага зь зьняволеньнем апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. “Міжнародная амністыя” нагадвае, што ў ліку беларускіх вязьняў сумленьня – былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, вядомыя апазыцыйныя лідэры і незалежныя журналісты. Арганізацыя заклікае да іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня.
XS
SM
MD
LG