Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія гісторыкаў з палітыкамі пра ўрокі Рэчы Паспалітай


Дыскусія гісторыкаў і дыпляматаў у МЗС Літвы 17 чэрвеня
Дыскусія гісторыкаў і дыпляматаў у МЗС Літвы 17 чэрвеня
Літве, Беларусі, Украіне і Польшчы ёсьць чаму павучыцца ў агульнага мінулага, лічаць гісторыкі і дыпляматы. У часе дыскусіі ў МЗС Літвы 17 чэрвеня міністар Аўдронюс Ажубаліс адзначыў, што зьнікненьне Рэчы Паспалітай зьяўляецца красамоўным палітычным урокам, актуальным па сёньняшні дзень. А некаторыя гісторыкі, пры гэтым, з шкадаваньнем канстатавалі, што часта ўрокі гісторыі нікога нічому ня вучаць, паведамляе партал DELFI.

Дыскусія гісторыкаў Літвы, Польшчы, Беларусі і Ўкраіны ў МЗС Літвы «Традыцыя Вялікага Княства Літоўскага ў кантэксьце сучаснай дыпляматыі», нягледзячы на агульны сяброўскі і даверны тон, усё ж пазначыла некаторыя пытаньні, якія патрабуюць далейшага абмеркаваньня.

Гэта аспэкты адносінаў да гісторыі Вялікага княства Літоўскага і адносінаў да яго гістарычным традыцыяў у розных краінах.

Кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс, адзначыў, што «ў нас ёсьць, што ўспомніць». Паводле яго слоў, часы, аб якіх ішла гаворка ў ходзе абмеркаваньня (канец 18-га стагодзьдзя), скончыліся трагічна (зьнікненьнем дзяржавы Рэч Паспалітая), «але яны далі бясцэнны гістарычны досьвед і красамоўны палітычны ўрок».

«Гэтыя ўрокі, не баюся гэтага падкрэсьліць, застаюцца актуальнымі і каштоўнымі для літоўскай зьнешняй палітыкі», -- адзначыў ён.

Чаму вучыць гісторыя?


Беларускі гісторык Георгі Галенчанка адзначыў, што фінал Рэчы Паспалітай -- павучальны і для нашага часу. «Мы бачым, што дэмакратычнае разьвіцьцё дзяржаваў Эўропы зьвязана зь пераадоленьнем саслоўнага, нацыянальнага, рэлігійнага абмежаваньня і манапалізацыі», -- сказаў на заканчэньне гісторык.

На гэтую рэпліку ўкраінскі гісторык Олена Русіна заўважыла: рэальнасьць паказвае, што «ўрокі гісторыі, на жаль, нікога нічому ня вучаць". Гісторык І.Марзалюк адрэагаваў на гэта фразай І.Ключэўскага: «гісторыя нікога ня вучыць, яна правучвае тых, хто ня хоча ўспамінаць яе ўрокі».

«Гісторык -- гэта не пракурор, а адвакат. Зразумець і растлумачыць, а не пакараць сваіх продкаў, гэта галоўнае», - сказаў на заканчэньне ён.

Іншы беларускі гісторык Алесь Белы параўнаў гісторыю Рэчы Паспалітай канца 18-га стагодзьдзя з гісторыяй 20-га стагодзьдзя, у прыватнасьці, з часам заключэньня пакту Молатава-Рыбэнтропа, калі асобныя дзяржавы не змаглі супрацьстаяць геапалітычным выклікам часу.

«Мы і зараз жывем у такі час, калі вельмі мала залежым ад саміх сябе і вызначэньня сваіх доўгачасовых інтарэсаў, -- казаў ён. -- І падзеі таго часу могуць падахвочваць нас да пераадоленьня гэтага шматвяковага заганнага кола».

Традыцыі ВКЛ у розных краінах


Дыскусія ў МЗС была прымеркаваная да 220-годзьдзя з дня заснаваньня дыпляматычнай службы Рэчы Паспалітай, аднак яна плаўна перайшла ў абмеркаваньне спэцыфікі ВКЛ.

У ходзе дыскусіі гісторыкі зрабілі асаблівы акцэнт на ролі русінаў (ўсходнеславянская этнічная група) у гісторыі ВКЛ, а пасьля і літоўска-польскай дзяржавы, адзначыўшы, што каталіцызм і дзяржаўная палітыка Рэчы Паспалітай не маглі зрабіць яе дзяржавай трох ці чатырох народаў, паколькі ішла мэтанакіраваная палітыка скарачэньня колькасьці праваслаўнага насельніцтва.

Гісторык Альфрэдас Бумблаўскас заўважыў, што ўсё ж, верагодна, варта казаць ня толькі аб двух народах, якія насялялі тэрыторыю Рэчы Паспалітай, паколькі ВКЛ, як частка дзяржавы, было далёка неаднародным паводле свайго этнічнага складу.

Магілёўскі навуковец І.Марзалюк падкрэсьліў, што пасьля сярэдзіны 17-га стагодзьдзя адбываецца «канчатковая маргіналізацыя русінскіх эліт» і ў выніку казаць аб русінскім палітычным прадстаўніцтве ў Рэчы Паспалітай не выпадае.

У сваю чаргу, спэцыяліст у геаграфіі ВКЛ А.Белы адзначыў, што патрэбная новая калектыўная праца з гісторыі княства, паколькі старыя працы не заўсёды адпавядаюць рэаліям і поглядаў на гісторыю. Паводле яго слоў, гісторыкам розных краін трэба супрацоўнічаць шчыльней.

Украінскі гісторык Олена Русіна распавяла, што гісторыя ВКЛ, як пэрыяд і ўкраінскай гісторыі, практычна адсутнічае ў падручніках краіны. Паводле яе слоў, існуе гісторыя Кіеўскай Русі, пасьля зьяўляецца Багдан Хмяльніцкі, а пэрыяд, які быў паміж гэтым -- не адлюстраваны.

«Сучасная ўкраінская ідэалёгія будуецца на казацкай вольніцы, тады была барацьба. У пэрыяд ВКЛ не адбывалася ніякай нацыянальнай барацьбы. Гэта значыць, патрэбная барацьба, а калі гэтай барацьбы не было -- то такая гісторыя не актуальная», -- казала яна.

Прысутнасьць украінскага народа ў гісторыі княства ў савецкай гістарыяграфіі і ў цяперашняй гістарыяграфіі замоўчваецца, упэўненая яна.

«Цяпер ва Ўкраіне ўсе сілы накіроўваюцца на вывучэньне казацтва. Аднак зьявіліся кнігі, якія для многіх украінцаў адкрылі сам факт існаваньня эпохі ВКЛ. А гэта для нашай краіны -- сярэднявечча, у поўным сэнсе гэтага слова », -- падкрэсьлівае яна.

Ці нацыяналізуюць гісторыю?


Зайшла гаворка і пра нацыяналізацыю гісторыі. Удзельнікі дыскусіі -- прафэсійныя гісторыкі -- у адзін голас адзначылі, што паміж калегамі розных краін ідзе нармальны навуковы дыялёг, без усякага дамешку палітыкі.

Літоўскі гісторык Р.Шмігелскітэ адзначыла, што іншы раз даводзілася сутыкацца з тым, што гісторыю тая ці іншая дзяржава спрабавала нацыяналізаваць. Спробу нацыяналізацыі гісторыі яе беларускі калега Г.Галенчанка назваў спадчынай традыцыі савецкай навукі, «калі гісторыкі дзейнічалі строга ў рамках сваёй краіны» (на той момант рэспублікі).

На яго думку, трэба вывучаць гісторыю Літвы і Русі, як двух асноўных частак ВКЛ. Ён лічыць, што некаторыя беларускія, літоўскія, польскія гісторыкі «перагібаюць палку» ў малюнку тых ці іншых падзей і гістарычных рэалій, аднак адзначыў, што часьцей за ўсё -- гэта навукова-папулярныя працы, якія маюць мала агульнага з навукай. Ён упэўнены, што на гісторыю ВКЛ трэба глядзець у шырокім кантэксьце.

Гісторык І.Марзалюк перакананы, што «тыя гісторыкі, што знаходзяцца ў рамках навуковай парадыгмы, калі нават не заўсёды падзяляюць погляды адзін аднаго, працуюць у рэжыме нармальнай дыскусіі». Ён падкрэсьліў, што неабходна памятаць і пра тое, што калі ўзьнікае нацыя, узьнікае нацыянальны гістарычны наратыў.

«Усё адбываецца паводле хрысьціянскіх прынцыпаў, дзе ёсьць свае культавыя героі, ёсьць адвечныя ворагі, выбудоўваецца просталінейная і ня вельмі навуковая канструкцыя, яна і трансьлюецца на масы насельніцтва, якія павінны стаць мадэрнай нацыяй», -- лічыць ён.

Трэба падзяляць гэтыя рэчы, упэўнены ён. «Мы адбыліся як дзяржавы і гісторыкам няма чаго дзяліць, а трэба вывучаць працэс такім, якім ён быў. Ні хлусіць, ні фальсыфікаваць, займацца навукай, а не навукападобнай імітацыяй. І ў гэтым пляне я ня бачу праблем і канфлікту паміж палякамі, літоўцамі і беларусамі», -- адзначыў ён.

«Калі хтосьці за кошт кагосьці хоча выбудаваць вялікую традыцыю -- пара ўжо акуратней з гэтым, гэта не канец 19-га і не пачатак 20-га стагодзьдзя, -- заклікаў ён. -- Калі гэты тэкст навуковы, значыць, чалавек шукае праўды, у адрозьненьне ад палітыка, які шукае перамогі любой цаной», -- рэзюмаваў ён.

У заключэньне тэмы ўстановы зьнешнепалітычнага ведамства Рэчы Паспалітай, якая і была заяўленая як асноўная, гісторык Р.Шмігелскітэ адзначыла, што вытокі міністэрства замежных справаў трэба шукаць глыбей, чым у падзеях 220-гадовай даўніны, а менавіта ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага і дзейнасьці канцлера. А віцэ-міністар МЗС Эвалдас Ігнатавічус рэзюмаваў, што, так ці інакш, а 19 чэрвеня Літве ёсьць што сьвяткаваць і назваў гэта асноўным вынікам дыскусіі.

На падставе Канстытуцыі 3-га траўня, 19 чэрвеня 1791 году было створана першае ў гісторыі дзяржавы зьнешнепалітычнае ведамства Рэчы Паспалітай, першым міністрам якога стаў апошні канцлер ВКЛ Яўхім Храптовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG