Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіляграмовая падтрымка аштрафаванаму студэнту


Сёньня ў Гомелі а 19-й гадзіне маладыя людзі сабраліся ў гарадзкім сквэры блізу суду Цэнтральнага раёну, каб распачаць збор сродкаў на штраф студэнту-завочніку Руслану Усьціменку. Колькі гадзінаў таму яго аштрафавала судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка на 770 тысяч рублёў нібыта за лаянку й супраціў міліцыі падчас маўклівай акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Насамрэч Руслан стаяў у чарзе, каб купіць на плошчы сабе й сяброўкам марозіва.

Інфармацыя пра збор сродкаў зьявілася ў сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Twitter» адразу пасьля абвяшчэньня выраку.

У сквэр прыйшоў і сам аштрафаваны спадар Усьціменка:

«Натуральна, я рады, бо такіх грошай у мяне няма. Рады, што людзі адгукаюцца, што людзі салідарныя. У большасьці незнаёмыя мне людзі падтрымліваюць. Штраф я расцэньваю як перасьлед з палітычных матываў, як папаўненьне пустой казны за кошт беспрацоўнага студэнта».

Рэгіянальны лідэр руху «За свабоду» Пётар Кузьняцоў, які таксама прыйшоў у сквэр, так пакамэнтаваў буйны штраф маладзёну:

«У нас краіна такая: адзін чалавек пайшоў на два тэрміны прэзыдэнтам, а сядзіць ужо 17 гадоў. А другі чалавек пайшоў па квас ці марозіва — і атрымаў 770 тысяч штрафу. У нас ня ведаеш, куды пойдзеш і што дзе атрымаеш».

Мясцовая міліцыя, відаць, таксама «сядзіць» у сацыяльных сетках. У сквэры і вакол яго дзяжурылі і міліцыянты, і спэцназаўцы. Заўважаны былі нават старшыя міліцэйскія афіцэры з рацыямі. Таму збор сродкаў перанесьлі да Паляўнічага дамка ў пачатку вуліцы Пушкіна. Бізнэсоўцы прынесьлі сюды кардонную скрыню, у якой было багата розных купюраў. Да іх дадалі свае ўнёскі прысутныя гамельчукі, і вага дапамогі пайшла ўжо не на тысячы, а на кіляграмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG