Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэс-канфэрэнцыі беларускім мэдыям кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць разглядаць пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў. Прэс-канфэрэнцыя цягнулася каля пяці гадзінаў, і большую яе частку Лукашэнка прысьвяціў сытуацыі ў эканоміцы. Ён паабяцаў таксама, што не дапусьціць масавых пратэстаў.

На сайце нашага радыё прэс-канфэрэнцыя асьвятлялася ў онлайнавым рэжыме.

Лукашэнка лічыць непрымальным, што з боку Эўразьвязу публічна выстаўляюцца пытаньні аб вызваленьні палітвязьняў. Ён заявіў, што гатовы разглядаць пытаньне аб памілаваньні, але ў тым выпадку, калі да яго будзе адпаведны зварот. Маўляў, «яны нам не патрэбныя ў турме».

«У нас жа толькі два-тры чалавекі — Саньнікаў, Вус і Статкевіч — асуджаныя. І вось яны кажуць: „Вы вызваліце“. Мы не крыважэрныя. Мы нікога ў турме ў нагрузку дзяржаве не трымаем. Ня толькі гэтых, так званых палітвязьняў. Усе іх твар убачылі. Вы ня думайце, што Лукашэнка іх трымае ў сувязі з тым, што яны яму канкурэнты. Ужо канкурэнцыю гэтую прайшлі. Парушылі закон — адказалі. Прыйдзе час — заўтра, пасьлязаўтра ці яшчэ калі. Ды ня будзем мы іх у той турме трымаць. Занадта гэта дорага для іх і занадта вялікі гонар для іх — апаганьваць турмы, там годныя людзі сядзяць, і яны яшчэ там».

Асноўную ўвагу ў сваім уступным слове і падчас адказаў на пытаньні журналістаў Аляксандар Лукашэнка аддаў сытуацыі ў эканоміцы. Ён некалькі разоў паўтарыў, што ў Беларусі крызісу няма, а ёсьць наступствы панікі і ажыятажу. Жорсткія захады дзеля ўрэгуляваньня валютнага крызісу ён паабяцаў зрабіць пасьля аналізу сытуацыі за паўгодзьдзе.

«Калі вы хочаце мяне спытаць, ці будзе ў абменьніках валюта. Ня будзе пакуль. А можа і будзе, калі нехта панясе. Але дзяржава ў гэтую гульню, як мінімум да 1 ліпеня, гуляць ня будзе».

Лукашэнка паабяцаў, што цяперашняя мадэль у Беларусі будзе захаваная, яна ня рухнула і ня рухне. Маўляў, «мы не адступім ні на ёту ад гэтай мадэлі». Але чыноўнікам «ня трэба ляпаць языком, што трэба тужэй зацягваць паясы». Маўляў, няма той сытуацыі, каб зацягваць паясы.

Кіраўнік краіны не зьбіраецца шукаць вінаватых у цяперашняй сытуацыі і адпраўляць у адстаўку ўрад і кіраўніцтва Нацыянальнага банку, каб не спарадзіць крызіс улады.

«Многія кажуць: хто вінаваты? Чаму прэзыдэнт дагэтуль не адрэзаў некаторым галовы? Я не пацан і ня хлопчык. Я бачу аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Я бачу, хто вінаваты і хто не вінаваты. Таму вы мяне не нахіляйце. Я ня толькі кажу тым, хто так думае, але і тым, хто ўчора задаваў пытаньні маім прадстаўнікам: калі Лукашэнка некага зарэжа? Вінаваты будзе — зарэжу».

Лукашэнка папракнуў мэдыі ў распальваньні ажыятажу і панікі і назваў інтэрнэт «сьметніцай».

«Сёньня людзі перажываюць, што цэны высокія. А некаторым імпарту не хапае. Але паесьці ёсьць што. Купіць у краме і паесьці ёсьць што. Грошай не хапае? Некалькі месяцаў — і мы выйдзем з гэтай сытуацыі. Але галоўнае, што мы можам вырабіць сваё. І калі наагул будзе катастрофа, зачынім межы і будзем купляць толькі тое, што нам трэба, па імпарце».

Таксама Лукашэнка паабяцаў, што акцыі ў цэнтры Менску будуць спыняцца. А ў выпадку паўтору акцыі «Стоп-бэнзін» кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў пазбавіцца пагонаў. Таксама ён выказаўся пра акцыю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі»:

«У нас сёй-той спрабуе ўкараніць гэтыя тэхналёгіі і асвоіць у Беларусі. Мы гэта бачым. Дзяржава будзе ў гэта ўмешвацца. Вось так пачынае раскачвацца краіна. І гэта падстава таго, што зьявяцца па закліку „Стань героем“ такія героі, якія ў мэтро ўчынілі тэракт».

Акцыі пратэсту на памежных пераходах Лукашэнка паабяцаў разглядаць надалей як выпад ня толькі супраць улады, але і народу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG