Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Новае старое" абвінавачаньне супраць Андрэя Пачобута


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

17 чэрвеня наноў выстаўленае абвінавачаньне журналісту Андрэю Пачобуту, закрыты працэс над якім адбываецца ў Ленінскім раённым судзе Горадні. Артыкулы наконт абразы (368-1) і паклёпу (367-1) адносна прэзыдэнта ў ім засталіся, толькі больш чым у два разы павялічыўся тэкст.

Працэс над журналістам польскай "Газэты выборчай" Андрэем Пачобутам па-ранейшаму закрыты. І жонка Аксана, і бацька Станіслаў чакалі навінаў з суду на вуліцы разам з тымі, хто прыйшоў падтрымаць журналіста. Даволі хутка з судовага будынку выйшаў адвакат Аляксандар Бірылаў, які паведаміў пра новае абвінавачаньне журналісту і пра перапынак у працэсе да 23 чэрвеня.

Другі адвакат, Уладзімер Кісялевіч, удакладніў:

"Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня абвясьціў новую пастанову аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага Пачобута. Па кваліфікацыі нічога не зьмянілася: засталіся тыя ж артыкулы і іх часткі. Проста ранейшае абвінавачаньне было на дзьвюх старонках, а цяпер — на пяці: па тэксьце ўзмоцнена — пералічваюцца словы, якія, лічаць экспэрты, гонар і годнасьць прэзыдэнта закранаюць і дзе паклёп быў. Яно па тэксьце пашырылася, больш удакладняецца, у чым парушаюцца нормы артыкула".

Адвакат Уладзімер Кісялевіч таксама паведаміў:

"Пачобут перадаваў усім падзяку і прывітаньне тым, хто стаіць на вуліцы, яго падтрымлівае. Ён заявіў хадайніцтва, і мы яго падтрымалі, каб далі нам пяць дзён на асэнсаваньне і на падрыхтоўку да працэсу. Справа прызначана да разгляду на дваццаць трэцяга чэрвеня а дзясятай гадзіне".

Свае меркаваньні адносна працэсу над Пачобутам выказвае Сяргей Мальчык — кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, які таксама прыйшоў да будынку Ленінскага раённага суду:

"Я думаю, яны ня ведаюць цяпер, што рабіць з Андрэем Пачобутам — якую ступень пакараньня ўжыць. І зьмена самога абвінавачаньня нейкая такая цьмяная. Шырокая хваля салідарнасьці з Андрэем міжнародная, у тым ліку ў суседняй Польшчы, кажа пра тое, што так проста для Лукашэнкі і для рэжыму гэта ня пройдзе. У залежнасьці ад сытуацыі, якая будзе, — эканамічнай і палітычнай: і з крэдытамі, і з рэакцыяй Расеі на прыцясьненьне расейскіх СМІ, — будзе і прысуд вызначацца, зыходзячы з мэтазгоднасьці з пункту гледжаньня рэжыму. Чыста палітычны момант будзе прысутнічаць".

Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай". У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызану" і "Жывога журналу". Журналісту вылучанае абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — 368 (частка 1) — "абраза" і 367 (частка 1) — "паклёп" на адрас прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў.
XS
SM
MD
LG