Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: аўтазак з музыкай


Разбор палётаў — ах, якая карысная і цікавая справа! Ахоўнікі рэжыму ўсіх масьцей, ломячы пёры, пішуць справаздачы пра “рэвалюцыю ў галовах”, пра сваё службісцкае дбаньне, пра масавы арышт людзей (буду гаварыць толькі пра гарадзенскіх), пра тое, што давялося распусьціць усіх па дамах, бо не было каманды — за краты дый месца свабоднага ў “кутузцы” няма. А з адваротнага боку “барыкады” — гарачае абмеркаваньне таго, як у паскораным рытме “праваахоўнікі” пнуліся перавыканаць плян, схапілі, загрузілі ў свой любімы аўтазак нават чалавека з роварам. Ну, за гэта проста мэдаль можна прышпіліць, ня думаючы!

Няхай жыве кіно


Можна ўявіць: цэрбэраў рэжымных на інструктажы “з каго пачынаць” вучаць жалезна — з тых, хто вылучаецца чымсьці! Перш, само сабой, хапаць самых нахабных — якія хапун міліцэйскі спрабуюць зафіксаваць тэлефонамі і фотаапаратамі, а ў каго відэакамэра — па-за чаргой! Але высілкі кату пад хвост. Неўзабаве ў інтэрнэце можна паглядзець нават кіно, крыху ў стылі Чарлі Чапліна, толькі злавесная вэрсія атрымалася.

На плошчы, само сабой, Савецкай з вулічнай сцэны з чырвона-зялёнымі сьцягамі з абрэвіятурай накшталт “ВЛКСМ” на ўсю іванаўскую “Любоў, камсамол і вясна!”, крыху асучасьнены варыянт. Пасярод плошчы публіка. Улада, каб згасіць полымя рэвалюцыянэраў з сацыяльных сетак, прыдумала сваё сьвята. Людзі зьмяшаліся. Лішні гемарой для міліцыі: як вызначыць — хто дабранадзейны, а хто — не зусім?

Але прыбывае дэсант: два аўтобусы, два аўтазакі, “варанок-газэль”. Людзі ў фуражках, пад гальштукамі як мае быць, не марудзячы, хапаюць і цягнуць за каршэнь, паасобных па чатыры-пяць фуражак нясуць за рукі-за ногі. І ўсё пад радасныя сьпевы, расчуленаму дыджэю раптам карціць яшчэ бадзёра выгукнуць плошчы: “Віншую са сьвятам гораду!” Дзякуй, хлопча, цябе таксама.

Кінцо, рабяты, хоць адразу ў Бэрлін дасылай на “мядзьведзя” іхняга. Альбо ў Каны, на конкурс рэклямных ролікаў, наш будзе — “турыстычны”: шчыра запрашаем, даражэнькія, такога вы больш нідзе ня ўбачыце — “Прыяжджайце ка мне ў Беларусь, горад Гродна, Савецкая, восем!”

Застой


Разбор палётаў. Хтось самы дасьціпны ўспомніў цытату з фільма пра Мюнхаўзэна — спачатку меркаваліся ўрачыстасьці, затым арышты. Потым вырашылі сумясьціць… Цалкам гарадзенскі выпадак.

Гэта незвычайны творчы досьвед: загусьценьне матэрыялу, сказаў, слоў, нараджэньне абзацаў, твора. Памятаю бабульчыну маслабойку, як нецярплівілася атрымаць масла. Памятаю зьбіваньне ўручную крэму для “Напалеона”.

Тое ж самае адбывалася ў горадзе. На подступах да плошчы купкі, грамады моладзі. Фізычна адчуваеш гэтую “рэвалюцыю ў галовах”, сотні і сотні людзей блізка ад плошчы, дзе плойма фуражак і менш кідкіх, але таксама заўважных “цывільных”, яны таксама паўсюль. Фізычна адчуваеш таксама, што ў мазгах улады застой, трэба праветрыць, але форткі адчыняць строга забаронена.

Гарадзенскі сцэнар — хадзіць паміж дзьвюма плошчамі — то вэтэраны, то Дзеды марозы, другая -- таксама з надзейнай камуністычнай назвай, з валатоўскай статуяй. Моладзь і там, два аўтобусы з “цывільнымі” — таксама. Тут хапаюць з аргумэнтацыяй — чаму сядзіце ў месцы, прызначаным для першамайскіх мітынгаў?! І сапраўды: вам тут не касьцёл, каб сядзець, сьмірна!

“На перавалах Абсурду”


Савецкая плошча — пляц архітэктурных дэкарацый. Палова — шэрых, бяздарных, менавіта савецкіх. Іншыя — творы дойліда… Статуя Хрыста, аўтазакі, танк на пастамэнце, касьцёл на пагорку з пустымі нішамі, зь якіх забралі нядаўна статуі, тэатар з канём-Пэгасам, таксама на месцы касьцёлу.

У тэатры нашым будзе некалі пастаўлены спэктакль “Фуражкі і рэвалюцыя”, з плошчы перанесены на сцэну. Нядаўна паглядзеў “Кароль Убю” Альфрэда Жары, польскі варыянт з ПНР-аўскім акцэнтам. Там на плошчы таксама здарэньне — зьмена ўлады. Цяпер замест кароны Венцэслава толькі фуражка, хаця шыкоўная, само сабой, кароны ў музэйных вітрынах.

Падумалася яшчэ: паляк Віткацы ад Жары таго набраўся творчага імпэту. Драма “Дзюбал Вахазар, або На перавалах Абсурду”, яна таксама — аб празе ўлады, улады аднаасобнай. Цытатай узяты словы Ніцшэ: “Аднак улада дастаецца даволі дорага — яна збалваньвае”. Герой Станіслава Ігнацы Віткевіча гаворыць: “Я і сам трымаюся толькі дзякуючы таму, што на ўсё гляджу як на ўрывак з фантастычнага раману”.

У “Перавалах Абсурду”, да слова, і пісьменьнік узгадваецца: “За сцэнай чуцён вінтовачны залп”, галоўны герой рэагуе — “О, на аднаго літаратара менш. Адразу паветра пасьвяжэла. Сам не люблю пісаць і графаманаў не выношу. Сабачае племя, чорт бы іх падраў!”

У нашым спэктаклі будзе так: удзельнікі “рэвалюцыі ў галовах” — гэта гледачы, яны сядзяць у залі. Доблесныя служакі рэжыму з аўтазакам, само сабой, на сцэне. Яны ствараюць шыхт, інструктаж, рашучы рэйд па радах. Гледачоў замыкаюць у аўтазаку, які — як тунэль, калі раптам не хапіла месца — у аркестравую яму. Зрабіўшы працу, з думкамі пра чарку і скварку хор фуражак сьпявае пустой залі: “Наша служба і апасна і трудна!”

Заслона.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG