Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляў марозіва — атрымаў штраф


Руслан Усьціменка

Руслан Усьціменка

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка аштрафавала гамельчука Руслана Ўсьціменку на 770 тысяч рублёў.

Спэцназаўцы затрымалі 22-гадовага студэнта-завочніка Ўсьціменку 15 чэрвеня на плошчы Леніна, дзе праводзілася маўклівая акцыя "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку".

Расказвае затрыманы:

"Я чакаў марозіва. Падышлі спэцназаўцы і без прад’яўленьня абвінавачваньня, бяз просьбы паказаць дакумэнты запатрабавалі выняць рукі з кішэняў. Прычым спэцназавец на "ты" зьвярнуўся. І калі я адмовіўся перайсьці на іншы бок плошчы — такая неабгрунтаваная прапанова паступіла, спэцназавец прапанаваў прайсьці ў аўтобус. Я пайшоў зь ім. Пасьля гэтага мне прад’явілі абвінавачаньне ў супраціве і ў нецэнзурнай лаянцы".

Руслана завезьлі ў Цэнтральны РАУС, а пасьля — у ізалятар, дзе ён правёў ноч.

Малады чалавек прывёў на суд сьведак — дзяўчат і хлапцоў, якія чакалі яго з марозівам.

Кацярына, сьведка:

"Мы зь сяброўкай чакалі, пакуль Руслан купіць марозіва. Да нас падышоў амапавец, папрасіў адысьці. Мы адказалі, што чакаем марозіва. І толькі падышоў Руслан, супрацоўнік стаў пытацца: чаго вы сабраліся? Запатрабаваў ад Руслана выняць рукі з кішэняў. Ён дастаў. Руслан размаўляў выключна карэктна, ніякіх нецэнзурных выразаў не было".

На судовым паседжаньні сёньня былі міліцыянты, а не спэцназаўцы, якія затрымлівалі Ўсьціменку. Яны цьвердзілі, што маладзён лаяўся, супраціўляўся — і судзьдзя аштрафавала Ўсьціменку: 700 тысяч — «за супраціў міліцыі», 70 тысяч — «за лаянку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG