Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры "Чэрвеньскага" бароняць Анатоля Шумчанку


Пракуратура Ленінскага раёну Менску вынесла папярэджаньне кіраўніку грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва" Анатолю Шумчанку. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі сходу гандляроў рынку "Чэрвеньскі". Цяпер тыя працягваюць бараніць сваё права на працу, а таксама распачынаюць збор подпісаў у абарону Шумчанкі. Наша карэспандэнтка наведала Чэрвеньскі рынак і пагутарыла з гандлярамі.

Прадпрымальнікі менскага рынку "Чэрвеньскі" гэтымі днямі спрабуюць вырашыць для сябе дзьве асноўныя праблемы: як знайсьці выйсьце з эканамічнага крызісу і як захаваць сваё права на працу ў якасьці дробных гандляроў. Сёлета "Чэрвеньскі" выносяць з цэнтру гораду ў адпаведнасьці з плянам рэканструкцыі, кажа кіраўнік рады прадпрымальнікаў рынку Васіль Вараноўскі:

Васіль Вараноўскі

"Рынак наш бедны — маем мы ў асноўным па адным гандлёвым месцы. І перайсьці ў гандлёвыя цэнтры з арэнднай платай у 4—7 разоў вышэйшай, чым тут, а там жа вышэйшыя і падаткі, — мы ня можам, мы не багатыя людзі. А для многіх прадпрымальнікаў і іх сем'яў — гэта адзіная крыніца даходаў. Людзі страцяць магчымасьць вярнуць крэдыт, аплаціць навучаньне дзяцей і гэтак далей. Гэта шмат што азначае — страціць працу, асабліва ў гэты час, калі дзяржава сама са сваімі грашыма разабрацца ня можа. А мы ж частачка гэтай дзяржавы!".

Гандляры "Чэрвеньскага" — гэта 1300 чалавек, у пераважнай бальшыні — жанчыны. Акрамя абароны сваіх правоў, актывісты распачынаюць збор подпісаў у падтрымку лідэра грамадзкай арганізацыі "Пэрспэктыва" Анатоля Шумчанкі. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі сходу гандляроў, кажа прадпрымальніца "Чэрвеньскага":

"Але на гэтых сходах былі таксама прадстаўнікі адміністрацыі раёну і гораду. Нас абражаў кіраўнік управы Менгарвыканкаму Каліноўскі, і калі за нас заступіўся спадар Шумчанка, тады і зьявілася гэтае вінавачаньне пра арганізацыю сходу, хоць яны самі ў ім і ўдзельнічалі".

Карэспандэнтка: "Якая бліжэйшая будучыня ў вас і вашых дзяцей?".

"Гэта жахліва. Рэч такая, што гэта ня проста нас выганяюць: у нас сем'і, бацькі, дзеці — усіх 7—8 тысяч чалавек, каго гэта закране. І так ставіцца да нас, як дагэтуль Менгарвыканкам ставіцца, — нельга. Таму мы будзем змагацца і дамагацца таго, каб горад падрыхтаваў для нас пляцоўку, куды мы можам спакойна пераехаць.

Папярэджаньне пракуратуры Ленінскага раёну Менску Анатоль Шумчанка назваў дробнай помстай за тое, што грамадзкая арганізацыя стала на абарону гандляроў "Чэрвеньскага", а сытуацыю на рынку ён пракамэнтаваў наступным чынам:

"На рынку сытуацыя неадназначная: напачатку частку людзей выпраўлялі ў "Ждановічы", безь якіх-колечы гарантый, частку на "Дынама", якое зачыняецца. Калі "Пэрспэктыва" паспрабавала гэтую сытуацыю вырашыць, то ўлада зашавялілася. Кіраўнік Менгарвыканкаму Ладуцька заявіў, што мы выдзелім зямлю і, нібыта, нікога бяз працы не пакінем. Пасьля ўсяго зробленага цяжка паверыць уладам, але мы стараемся гэта рабіць. У кожным разе мы будзем адстойваць свае правы да канца".

Рэканструкцыю "Чэрвеньскага рынку" сёлета распачынае іранская кампанія, якая ўзьвядзе на гэтым месцы забаўляльна-гатэльны комплекс. Час высяленьня гандляроў застаецца няпэўным. Кіраўніцтва гораду прапанавала прадпрымальнікам кавалак зямлі ў мікрараёне Лошыца, каб яны за свой кошт пабудавалі там новы рынак.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG