Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Івана Стасюка арыштавалі на 10 сутак

  • БелаПАН

На 10 сутак адміністрацыйнага арышту асуджаны берасьцейскі актывіст дэмакратычных сілаў Іван Стасюк. Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў Стасюка вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.

Па словах праваабаронцы, Стасюка затрымалі 14 чэрвеня прыкладна ў 22.50 каля Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы і даставілі ў Маскоўскі РАУС. Там у дачыненьні да актывіста быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.

Ноч Стасюк правёў у камэры папярэдняга зьняволеньня райаддзелу міліцыі. Удзень 15 чэрвеня яго даставілі ў суд Маскоўскага раёна. Разгляд матэрыялаў справы быў адкладзены з-за адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі.

З суду Стасюка павезьлі ў РАУС, каб узяць тлумачэньні з нагоды канфіскаваных у яго раней друкаваных матэрыялаў. У райаддзеле яго затрымалі па новым абвінавачваньні. Нібыта ён, калі дастаўлялі ў суд па першай справе, нецэнзурна лаяўся на супрацоўнікаў міліцыі, якія яго канваіравалі.

"У судзе Стасюк не прызнаў сваёй віны. Ён сьцьвярджаў, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго на вуліцы без усялякіх тлумачэньняў. Па другім факце актывіст заявіў, што паміж ім і супрацоўнікамі міліцыі не было ніякіх канфліктаў. Па словах Стасюка, абедзьве гісторыі выдуманыя, каб яго затрымаць і затым падвергнуць адміністрацыйнага арышту з мэтай на час ізаляваць ад удзелу ў сацыяльных інтэрнэт-сетках ", - сказаў праваабаронца.

У судзе Стасюк не прызнаў сваёй віны. Ён сьцьвярджаў, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго на вуліцы без усялякіх тлумачэньняў

Кісьляк адзначыў, што Стасюка затрымлівалі ў ноч з 3 на 4 чэрвеня ў Берасьці, калі той вяртаўся на цягніку з Польшчы. З чыгуначнага вакзала актывіста даставілі ў КДБ і дапыталі ў сувязі з дзейнасьцю ў сацыяльных інтэрнэт-сетках. Допыт доўжыўся каля трох гадзін, пасьля чаго яго адпусьцілі. У час гутаркі, па словах Стасюка, яму пагражалі ціскам на родных.

8 чэрвеня супрацоўнікі КДБ апыталі маці Івана Стасюка з нагоды яго дзейнасьці ў сацыяльных інтэрнэт-сетках.

13 чэрвеня ў кватэры, дзе актывіст жыве з бацькамі, быў праведзены ператрус. Супрацоўнікамі міліцыі прад'явілі пастанову на правядзеньне ператрусу па справе аб падпале Дома правасуддзя ў Менску. Ператрус працягваўся з 16.30 да 17.10. У актывіста канфіскавалі сыстэмны блёк кампутара, флэш-карту, вінчэстар, які мае мэханічныя пашкоджаньні, 1.260 асобнікаў улётак з інфармацыяй аб тым, што Аляксандр Лукашэнка не перамог на выбарах 19 сьнежня.
XS
SM
MD
LG