Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ані зямляк Косінец, ані Лукашэнка ня зробяць Роскі Сялец заможным…»


Невялікая вёсачка з экзатычным назовам Роскі Сялец — малая радзіма цяперашняга кіраўніка віцебскай абласной вэртыкалі Аляксандра Косінца. Я ехаў на Аршаншчыну, каб, паміж іншага, паглядзець: ці адбілася на жыцьці вяскоўцаў тое, што іх зямляк стаў першым чалавекам у вобласьці?

…А 6-й раніцы на пад’езьдзе да вёскі разгаварыліся з 69-гадовай Зояй Мікалаеўнай, ці проста Мікалаеўнай, як яе клічуць усе. Кабета прасьпявала, так бы мовіць, ранішнюю оду віцебскаму губэрнатару.

Мікалаеўна: «Па газэце «Віцебскі рабочы» мне Косінец падабаецца — напісаў артыкул добры пра таваравытворцаў. Пра тое, што калі рабочыя на сельгаспрадпрыемствах трымаюць сваю жывёлу, ім павінны дапамагчы ў нарыхтоўцы сена. І для старых людзей. І ў райпо гэты артыкул я паклала — кажу, прымайце ў мяне, як сьлед. У мяне шмат бульбы, я хачу яе здаць. Я сама працавала ў гандлі, мне тэлефануюць з райпо і кажуць, каб везла яе ў сховішча гародніны. Як везьці? Заплаціце за машыну. Але я не хачу без сваёй прысутнасьці аддаваць бульбу. Інакш дрэнную мне падкладуць і вагу скінуць на мінус 5%. Зашмат! Яна ў мяне ў зямлі не была, а цяпер яшчэ перабрала. Ну добра, кажуць, для вас 3% — выкід ад сумы з кожных 100 кг. Заслуга Косінца!»

Пажылыя жанчыны, што сядзелі побач, пачуўшы размову, разам загаварылі пра надзённае — пэнсіі адстаюць ад росту цэн. Але й тут усіх перакрыла гаваркая Мікалаеўна.

Мікалаеўна: «Яшчэ хачу сказаць. Чаму пэнсіянэры, што з Дома ўраду, кіруючых органаў, атрымліваюць каэфіцыент на пэнсію 4, а мы — 1?! На падставе блату ці за сябе прагаласавалі? Я працавала ўвесь час, выйшла на працу, калі было год дзіця, і мне напачатку далі 96 тысяч! А я працавала на ільнокамбінаце ў шкодным цэху. Яны мне няправільна налічылі, цяпер у мяне нармальна, у хаце карова, сьвіньні. Але намэнклятура па каэфіцыенце атрымлівае мільён 300 ці 2 млн. — я ўбачыла дакумэнтальна. Ну чаму — такая цяжкая праца, адказная? Вы ж і з боку ўсё мелі, калі пры пасадзе! А тая працуе даяркай у гумовых ботах!».
Каб мне зараз далі карову бясплатна, я б яе не ўзяла, а я рабацяга.

Карэспандэнт: «А чаму цяпер не заводзяць людзі кароў у вёсцы?».

Мікалаеўна: «Па-першае, старасьць. Па-другое, няма дапамогі з калгасаў — старшыні мяняюцца вельмі часта. Няма палеткаў — на прывязі трэба трымаць. Каб мне зараз далі карову бясплатна, я б яе не ўзяла, а я рабацяга. Я зараз завяла віетнамскіх сьвіней — гэта траваедныя жывёлы, ходзяць у мяне па двары. Кажу — а ну дахаты! Усе 10 штук бягуць. Каб завяла сьвінаматак, цэлы год ела б дыетычнае мяса, якое зараз каштуе як ялавічына — 40 тысяч!».

Ад шашы да вёскі пару-тройку км ідзем з былой даяркай, спадарыняй Ліляй Дземяшкевіч, якая выконвае ролю гіда.

Дземяшкевіч: «Навацкі тут будуе катэдж — ён намесьнік Косінца — ужо два гады. Будзе жыць, відаць, на пэнсіі. Зямля тут добра родзіць, паветра сьвежае. А во дом Косінца — тут ён нарадзіўся. А насупраць яго цётка — Мікалаеўна, во, карэспандэнта вяду!». (Сьмяецца.)

Насупраць сьвежаашаляванай ды пабеленай пустэльнай хаты бацькоў Косінца — прыземістая хаціна ягонай цёткі. Крыху сагнутая бабуля з кіёчкам шпацыруе да нас.

Карэспандэнт: «Добрага здароўя! Мяне Віталь завуць, а вас?».

Спадарыня: «Вера Мікалаеўна Лапо, мне 80. Я працавала ў калёніі бугальтарам 42 гады. Сюды прыехала толькі таму, што ў мяне муж інвалід 1 групы…».

Карэспандэнт: «А як вы трапілі ў калёнію?».

Лапо: «А абы-дзе працаваць. Муж працаваў інжынэрам-канструктарам, зрабіў рацпрапанову — лыжку зь нержавейкі. Пайшоў заточваць у майстэрню. І зэк зайшоў і ўдарыў шасьцігранным малатком ні з пушчы ні з поля ў скронь… А гэта матчын маленькі домік — у ім дажываю гады свае. Прыяжджаюць сын і дачка, карову трымаю на прывязі. Бяз працы ня выцягнеш і рыбку…».

Карэспандэнт: «А Косінец дапамагаў — той, што вышэйшы начальнік?».

Лапо: «Аляксандар Мікалаевіч? Ён мой пляменьнік. А чым паможа? Толькі па мэдычнай частцы. У мужа на язьве ў Віцебску рабілі апэрацыю. А так дзеці дапамагалі, другі раз чалавека найму бульбу абагнаць. А ў вяскоўцаў праблема — няма крамы. Аўталаўка прыедзе калі раней, калі пазьней. Узімку па 2 гадзіны прастойвалі…».

Карэспандэнт: «А ў ягоным доме хто жыве?».

Лапо: «Ніхто, маці жыла, а зараз у горадзе — проста як памяць пра бацьку. Падрамантаваў яе, і ўсё…»

Карэспандэнт: «Дарогу, казалі, падрамантавалі дзякуючы яму?».

Лапо: «А хто яго ведае! Ваду правялі, а газ — не. Пэнсію даюць…».

Карэспандэнт: «А пра краму зьбіраецеся папрасіць у пляменьніка?».

Лапо: «Каб я бачыла яго, абавязкова сказала б, што — Саша, неабходна крама…».

Карэспандэнт: «Думаеце, зрабіў бы?».

Лапо: «Хто яго ведае…».

Праз колькі хат бачу на парозе 78-гадовую спадарыню Ядзю Рабіцкую. Яна дэталізуе вясковыя праблемы.

Рабіцкая: «У 2008-м ваду правялі ў калёнкі — водаправоду няма. Не было калодзежаў — адзін быў там на яры. Хадзілі за кілямэтар да крыніцы — раней карова ў кожнага была, а вады мала. А што рабіць? Зімой замярзаў…».

Карэспандэнт: «А дарогу пяском калі ўклалі?».

Рабіцкая: «А, гэта даўно было!».

Карэспандэнт: «А тое, што Косінец адсюль — дапамагае?».

Рабіцкая: «А мы ня ведаем — з райвыканкаму былі людзі. У нас ФАП, а ходзяць чуткі, што могуць закрыць. А ён у нас гадоў сорак, 500 чалавек пражываець. Трэба скардзіцца, каб не скарачалі. Дык а што нам — да Косінца трэба зьвяртацца ці да цёткі — яму скажа? Во магільнік, прыяжджалі, зрабілі. Ёлкі, помнікі валіліся. Але во быў суботнік — прыбралі, і добра…».

Пасьля, праўда, вясковыя казалі, што ў часе «намэнклятурнага» суботніка пад корань высеклі навакольны маліньнік і здаровыя ялінкі, пад якімі сядзелі — паміналі памерлых…

* * *
Памянёнай спадарыні Рабіцкай задаў і «палітычнае» пытаньне.

Карэспандэнт: «Скажыце, а хто ж у вас дэпутат сельсавету?».

Рабіцкая: «Ня ведаю! Ведаеце, хадзіце — тутачка Стамінскі, яму за 80, ён болей ведае…».

84-гадовы Мікалай Хведаравіч Стамінскі глядзіць насьцярожана, спадылба. У 44 пасьпеў паваяваць зэнітчыкам, пасьля 35 год кіроўцам у калгасе. Перажыў багата нягодаў.

Стамінскі: «Пацаном год 14 — быў тут калгас імя Сталіна… Жылі дрэннавата — за палачкі. Прысядзібны ўчастак быў — трымалі кароў, сьвіней, з чаго выжывалі. А зараз на вёсцы 5 кароў, а да вайны было 60. У вайну ці партызаны зьяўляліся, ці бандзюкі. Солі дасі, сала. Многа было паліцаяў у дзярэўні. Нахабна бралі. Мяне ледзь ня злапалі — павязку, вінтоўку, і ты супраць Савецкай улады. Паліцай і ўратаваў — я ў падпольлі сядзеў. Ён адкрыў і — „вылязай“ — на мяне. Кажу — Іван, ты ж малец свой, прыходзь. Я яго накарміў, напаіў. Адкупіўся — самагонку адагналі. У маткі карову забралі — рабавалі ўсе, каму не лянота. Але пасьля расплата. Кулікоўскі быў у нас памочнікам начальніка паліцыі — забралі адразу сям’ю зь дзецьмі і выселілі. А яго расстралялі…».

Да стварэньня калгасаў сямейства Стамінскіх жыло больш-менш заможна.

Стамінскі: «Бацька сьпярша не пайшоў у калгас — пабудаваў сваімі рукамі і пуню, і ток, і хату, конь быў, каровы. А ў калгасе ўсё забралі. Судзьдзі судзілі „тройкай“ — год далі. Канавы капаў. Прыйшоў — стаў адчуваць сябе дрэнна. У свой калгас не ўзялі, пайшоў у Панізоўе…».

Сёньня суразмоўца жыве ў інфармацыйнай блякадзе — па «яшчыку» толькі БТ ды ОНТ. Адсюль і адпаведнае «веданьне».

Карэспандэнт: «А як вы сёньняшнюю ўладу ацэньваеце — старэйшына ёсьць у вёсцы, дэпутат сельсавету?».

Стамінскі: «Няма, а ці ёсьць дэпутат? Я на выбары не хадзіў — нага балела, прыяжджалі. Але што панарабілі з урадам — судзілі ж тады кандыдатаў…».

Карэспандэнт: «Як вы лічыце — гэта правільна ці не?».
Правільна, я б іх павесіў. Гэта ж уладу хацелі перавярнуць — а Лукашэнка гэты стараецца.

Стамінскі: «Правільна, я б іх павесіў. Гэта ж уладу хацелі перавярнуць — а Лукашэнка гэты стараецца. Вы ж ведаеце, якія галасы былі за іх — адзінкі. Я за Лукашэнку прагаласаваў, і ўсё…».

Карэспандэнт: «А кім Лукашэнка быў, калі Кебіча зьвяргаў?».

Стамінскі: «Нікім. Тады справа іншая была — разруха, у Менску ўсё паразрыта…».

Карэспандэнт: «А самі ў Менску даўно былі?».

Стамінскі: «Даўно, год 15…».

Роскі Сялец, дзе жыве якія паўсотні чалавек, ужо два гады месьціцца пасярод аднайменнага аграгарадка, жыхароў у якім паўтысячы. Мацаваць паселішча павінна была нібыта школа, што за кілямэтар ад вёскі. Але дзяцей з пасёлку, дзе прэзыдэнцкія домікі, возяць на аўтобусе. У вёсцы ж усяго тры маладыя сям’і. Па шляху я сустрэў 33-гадовую школьную прыбіральшчыцу Натальлю Батуру. Напачатку пытаньне пра ўплывовага земляка.

Карэспандэнт: «Адчуваецца на вашым жыцьці, што Косінец сюды прыяжджае?».

Батура: «Ён сюды не прыяжджае…».

Карэспандэнт: «А колькі табе паклалі заробку?».

Батура: «530. Каровы, куры ёсьць, трусы, козы. Малако дзяржаве здаём за 900 рублёў — за 10 дзён зь дзьвюх каля 300 тысяч маем. У краме крэдыты ўзялі на мэблю, пральную машыну — стараемся выплачваць. Страшна, што дзяржаве будзем вінныя за крэдыты з-за крызісу, што настае. А ў вёсцы дык выжывем — не гаворка…».

Карэспандэнт: «Як маладому чалавеку чаго табе не хапае ў вёсцы?».

Батура: «Дзецям нешта пацяшальнага — спартзалі хаця б. У школе 56 дзетак, а свайго клюбу няма…».

Дарогі да школы ў звычайным разуменьні не існуе. Вузкай сьцяжынкай з хісткім кладаўем праз ручаіну караскаюся наверх да старога ліпавага гаю, пасьля якога і адкрываецца двухпавярховы школьны будынак. Але я накіроўваюся ў хаціну побач, дзе чатыры дзесяцігодзьдзі пражывае былы дырэктар, былы сакратар парткаму ды намесьнік старшыні калгасу «Барацьбіт» аж да канца мінулага веку — спадар Мікалай Ісакаў. Гісторык па спэцыяльнасьці, ён вядомы тым, што дзесяцігодзьдзямі зьбіраў ды захоўваў краязнаўчы музэй, які быў, кажуць, літаральна зьнішчаны. Высокі, статны мужчына, паводле намэнклятурнай звычкі, пра мэту візыту не пытаецца — маўляў, «таварыш з цэнтру» ўсё скажа сам. Пачынаю з чыста краязнаўчага пытаньня.

Карэспандэнт: «А назва дзіўная адкуль паходзіць?».

Ісакаў: «Яшчэ з часоў Івана Жахлівага, калі тут вяліся войны Расеі і ВКЛ. Вёска апынулася на мяжы. Паколькі да ўсходу бліжэй, называлася „Рускі Сялец“. Жылі тут да 1918-га дзьве старыя дзевы — пані Лабкоўскія. Іх бацька быў царскі генэрал, які пабудаваў сядзібу. Тут разьмяшчалася школа, цэнтар калгасу да вайны. А ліпавы гай у 1850-х разам зь сядзібай узьнік. Я прыйшоў пасьля гістфаку сюды ў 1968-м. Музэй узьнік на пачатку 60-х. Экспанатаў было каля 3000 — 12 зашклёных вітрын з дакумэнтамі, манэтамі. Растранжырылі, калі пайшоў у калгас працаваць — стэнды паламалі, спалілі ў кацельнай пры маім наступніку Кавалеўскім Сяргею Пятровічу — ён і зараз дырэктар. Быў настаўнікам у Талачынскім раёне, але на паляваньні застрэліў чалавека. Дзед дровы зьбіраў, а ён пальнуў праз кусты. А ён брат начальніка Талачынскага райаддзелу міліцыі — справу замялі. Там яму заставацца нельга было. Я прызначыў яго завучам…».

Карэспандэнт: «У Талачынскім раёне чалавека забіў, а ў Аршанскім музэй спаліў…».

Спадар Ісакаў быў нейкі час сябрам КПБ. Але…

Іскаў: «Паступова сышоў. Калі я бываў на сходах, зьвярнуў увагу на тое, што справа ня мае пэрспэктывы — адны пэнсіянэры глыбокага ўзросту…».

Крытычна Мікалай Хведаравіч ставіцца і да аграгарадка.

Іскаў: «Мне падаецца, мы гэта праходзілі ў 60-я гады пры Хрушчове, каб спыніць адток людзей зь вёскі. Трэба было даць жыльлё. Прыяжджаюць далёка не сялянскія людзі, а „летуны“. Прыходзіць час аддаваць крэдыт, яны здымаюцца і ад’яжджаюць у іншае месца. Паколькі я вясковы, кажу, што каб чалавек сам свой дом будаваў, жыў у ім — прыжыўся б і зьбярог. І цяперашні, і той вопыт былі няўдалымі…».

У вёсцы на палянцы сабраліся мясцовыя ў чаканьні малаказборшчыка. Абступілі мяне з усіх бакоў.

Спадарства: «Гэта не аграгарадок!.. Што такое аграгарадок — інфраструктура, садзік дзіцячы, школа, заасфальтавана ўсё, платы — нічога няма!.. Да школы даехаць немагчыма — кладаўе пракладзена! А ў нас пакуль СВК „Роскі Сялец“… Калі ёсьць гаспадар, ён усюды гаспадар. А калі спадзявацца на тату-маму, на Косінца альбо Лукашэнку — толку ня будзе…».
Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG