Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры сталіцы зьбірацца забаронена


Правядзеньне масавых мерапрыемстваў у цэнтры Менску забаронена.Такое рашэньне прыняў Менгарвыканкам. Адмысловы дакумэнт, які быў прыняты 2 чэрвеня, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Улады забаранілі правядзеньне масавых мерапрыемстваў на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасьці і Перамогі, праспэктах Пераможцаў і Незалежнасьці (на ўчастку ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Калініна). Таксама забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы на тэрыторыі, прылеглай да будынку Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама ў парку Перамогі.

У дакумэнце вызначаны дазволеныя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гэта цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў, летні тэатар парку культуры і адпачынку імя 50-годзьдзя Кастрычніка і пляцоўка ля фантану ў Кіеўскім сквэры.

Гэтае рашэньне ўладаў праваабаронца Гары Паганяйла называе антыканстытуцыйным:

Гары Паганяйла
«Забаронены самыя асноўныя плошчы, дзе могуць сабрацца людзі для публічных выступаў, і гэтае рашэньне няправільнае. У грамадзянаў ёсьць права на мірныя сходы. І калі іх выганяюць на плошчу Бангалор, дзе практычна не бывае людзей, сэнс публічнага выступу губляецца. Сэнс публічных выступаў у тым, што яны могуць дазволіць ня толькі многім сабрацца, але і прадэманстраваць, чаго хочуць людзі, якія іх лёзунгі і заклікі. Адзінае, што яны павінны мець мірны характар. А права на думку народу гарантавана канстытуцыяй, і выказаць яе можна толькі публічна ў шматлюдных месцах. Інакш гэтыя масавыя акцыі губляюць сэнс і сваё канстытуцыйнае прызначэньне. Але наша ўлада недэмакратычная і ня хоча дзейнічаць згодна з Канстытуцыяй. Гэта справа ўладаў — забясьпечваць правы грамадзянаў. Але ўлады ўсё робяць наадварот. Яны баяцца акцый пратэсту, баяцца, калі людзі дэманструюць сваю актыўнасьць. І таму прымаюць такія антыканстытуцыйныя, антызаконныя рашэньні».


Дазволеныя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG