Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошай няма. Банкі згортваюць крэдытныя праграмы


Адсутнасьць абаротных сродкаў прымушае камэрцыйныя банкі згортваць праграмы крэдытаваньня насельніцтва. Так, з падачы Аляксандра Лукашэнкі скасоўваецца праграма льготных -- пад 5% -- пазыкаў на будаўніцтва жыльля. Гэтаксама банкі адмаўляюцца ад крэдытаваньня пад набыцьцё новага і патрыманага аўтатранспарту. Лічаныя адзінкі банкаў яшчэ даюць сродкі пад спажывецкія тавары, але такая паслуга становіцца нерэнтабэльнай.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларусы мусяць самі вырашаць праблему жыльля і загадаў істотна абмежаваць выдачу крэдытаў пад ільготнае будаўніцтва. Менскі гарвыканкам ужо прыняў адпаведнае рашэньне, аналягічныя загады чакаюцца ў іншых рэгіёнах Беларусі. На практыцы гэта азначае, што бальшыня тых, хто меў патрэбу ў кватэры, такой магчымасьці пазбаўляецца: пры цяперашняй эканамічнай сытуацыі нерэальна сабраць неабходную суму на долевае – ня кажучы пра камэрцыйнае -- будаўніцтва.

Эканаміст Іван Анташкевіч перакананы: ад захадаў уладаў, якім вымушаныя падпарадкоўвацца банкаўскія ўстановы, пацярпяць перадусім самыя бедныя. Той жа, хто будаваў дамы і кватэры дзеля наступнага перапродажу, будзе ўкладаць грошы ў нерухомасьць і надалей:

"Ну і чаго яны гэтымі крокамі дамагліся? Горш будзе толькі бедным. Хай бы паток нейкі ішоў, заставалася нейкая магчымасьць крэдытавацца, а так
ўнутранае незадавальненьне, канечне, будзе значнае ...

будзе вяртаньне да ранейшай праблемы. Разам з тым, гэта не перашкодзіць людзям, якія маюць грошы, будаваць сабе яшчэ кватэры – другую, трэцюю, чацьвёртую. Урэшце рэшт, ніякай пагрозы інвэстыцыйнаму клімату гэта не пагражае і ня думаю, што гэта выкліча буру гневу ці пройдзе асабліва заўважна ў грамадзтве. Ніхто ня будзе абурацца -- як мінімум публічна. Але ўнутранае незадавальненьне, канечне, будзе значнае".

Гэтаксама бальшыня банкаў згортваюць праграму крэдытаваньня на пакупку аўтамабіляў. Варта нагадаць, што менавіта аўтааматараў з падачы Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікі пачалі абвінавачваць ў валютным дэфіцыце: маўляў, у жаданьні набыць машыну да 1 ліпеня, калі пачнуць дзейнічаць новыя мытныя пошліны, людзі забралі з абменных пунктаў даляры ды эўра.

Узяць грошы на аўто пад працэнт ў валюце немагчыма ад пачатку фінансавага крызісу. Рублёвыя пазыкі штомесяц абрастаюць такімі сумамі, што попыт на іх сьціплы нават ва ўмовах дэвальвацыі. Прыкладам, крэдытная стаўка на патрыманыя аўто перавышае 30%, але няма гарантыі, што заяўку задаволяць нават пад такія ўмовы. Да таго ж, як кажа аналітык у аўтамабільнай галіне Вольга Канашыц, робіцца неакрэсьленай магчымасьць крэдытаваньня ў афіцыйных дылераў, якія працавалі па дамовах з банкамі:

"У прынцыпе, афіцыйных дылераў у нас ня так і шмат. І для тых, хто
падобныя захады прывядуць да стратаў у эканоміцы ...

працуе афіцыйна, варта было б зрабіць нейкае выключэньне. Таму што гэтыя грошы ў любым выпадку абарочваюцца, прычым, на працягу доўгага часу. Яны ўвогуле маглі б быць нявыкарыстанымі ў абароце. А вось з аўтакрэдытам яны ідуць ў абарот, яны круцяцца, прыносяць прыбытак. І галоўнае, што яны застаюцца ў краіне досыць працяглы час. Таму я лічу, што падобныя захады прывядуць да стратаў у эканоміцы. Трэба ўсё ж паглядзець і пакінуць найбольш лягічныя выключэньні".

Да мінімуму зводзіцца магчымасьць крэдытаваньня пад набыцьцё спажывецкіх тавараў. Адзін зь менскіх банкіраў прызнаецца, што няма ніякага зацікаўленьня выкідваць грошы ў такой няпэўнай сытуацыі. Па яго словах, банкі будуць да апошняга трымаць у запасьніках ня толькі валюту, а нават рублі, каб пры зручным выпадку згуляць на стаўках:

"Прагнозамі пакуль што ніхто сур'ёзна не займаецца. Усе намагаюцца
Усе намагаюцца любым чынам акумуляваць нейкія сродкі, чакаючы мінімальнага піку падзеньня вартасьці рубля ...

любым чынам акумуляваць нейкія сродкі, чакаючы мінімальнага піку падзеньня вартасьці рубля дзеля таго, каб пры першай жа магчымасьці адразу ж укласьці, згуляць потым на падвышэньне і г.д. То бок, у каго грошы ёсьць, яны іх папросту трымаюць, не аддаюць, спрабуючы злавіць той самы момант – "мініморум", як кажуць у нашых колах. Каб у гэты час найбольш выгодна укласьціся са сваімі запасамі".

Разам з тым, імкліва расьце аб'ём крэдыторскай запазычынасьці перад банкамі. З аднаго боку, фізычныя асобы, якія некалі бралі валютныя крэдыты, ня маюць магчымасьці плаціць працэнты ў далярах ці эўра – валюты ў вольным продажы няма ўжо тры месяцы. Прымаць у рублёвым пераліку банкі часьцей за ўсё адмаўляюцца.

Зь іншага боку, расьце памер пратэрміноўкі плацяжоў з боку прадпрыемстваў, якія ва ўмовах фінансавага дэфіцыту рэзка абмежавалі сваю дзейнасьць. Па зьвестках Нацыянальнага статыстычнага камітэту, крэдыторская запазычанасьць на 1 траўня перавысіла 66 трыльёнаў рублёў, рост у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году – на 38%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG