Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жарсьці вакол дэвальвацыі, або ў чым Беларусь падобная да Грэцыі


Эканамічны аглядальнік «Нямецкай хвалі» Андрэй Гуркоў параўноўвае крызісы ў Беларусі і Грэцыі і тлумачыць, чаму беларусам ня варта пераходзіць на расейскі рубель.

Беларусы дарма мараць аб пераходзе на расейскі рубель: грашовая адзінка сыравіннай краіны забясьпечыць і ім "галяндзкую хваробу". Пры больш цьвёрдай валюце іх эканоміка, як і грэцкая, стане яшчэ менш канкурэнтаздольнай.

Крызісы вельмі спрыяюць сцэнарнай актыўнасьці. У тым сэнсе, што любы эканамічны катаклізм звычайна спараджае масу сцэнароў яго пераадоленьня. Пры гэтым самыя простыя і быццам бы відавочныя рэцэпты аказваюцца, як правіла, найбольш ілюзорнымі і нават небясьпечнымі. У цяперашні момант у гэтую катэгорыю трапляюць як прапановы Беларусі перайсьці на расейскі рубель, так і досыць папулярная ў Грэцыі ідэя адмовіцца ад эўра і вярнуцца да драхмаў.

Для адных - бяда, для другіх - надзея

Наагул у Беларусі і Грэцыі ня так шмат агульнага, калі не лічыць таго факту, што абедзьве дзяржавы перажываюць у цяперашні час экзыстэнцыйны крызіс, выкліканы хранічнай неканкурэнтаздольнасьцю нацыянальных эканомік. Аднак абедзьве краіны радніць сёньня яшчэ і тое ключавое значэньне, якое набыла для іх тэма дэвальвацыі. З той толькі розьніцай, што для беларусаў зьніжэньне курсу нацыянальнай грашовай адзінкі - гэта рэальная бяда, а для грэкаў – недасягальная мара.

Бо настальгічныя летуценьні аб старой добрай драхме зьяўляюцца нічым іншым, як тугой па тых часах, калі нізкая канкурэнтаздольнасьць грэцкай эканомікі досыць лёгка кампэнсавалася шляхам дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Любое зьніжэньне яе курсу аўтаматычна падвышала прывабнасьць грэцкіх курортаў у вачах замежных турыстаў і ўмацоўвала пазыцыі грэцкай сельгаспрадукцыі на міжнародным аграрным рынку. А таму і Атэны, і, скажам, Рым ці Лісабон часьцяком зьвярталіся да гэтага мэханізму.

Але потым Грэцыя, Італія і Партугалія разам зь іншымі краінамі ЭЗ перайшлі на эўра, які вызначаецца падвышанай цьвёрдасьцю, за што яго, уласна, многія і любяць. У цьвёрдай валюты сапраўды маса перавагаў, вось толькі зрабіць яе "мякчэйшай" вельмі цяжка. А гэта азначае, што павышаць канкурэнтаздольнасьць даводзіцца цяпер шляхам доўгай і маруднай рацыяналізацыі, аўтаматызацыі, аптымізацыі вытворчых і кіраўніцкіх працэсаў, чым так любяць займацца нуднаватыя немцы, галяндцы і іншыя фіны, але што зусім не па душы шматлікім гарачым жыхарам Поўдня.

Расейскі рубель як крыніца "галяндзкай хваробы"

Так што, як кажуць, “его пример - другим наука”. Беларусам, якія мараць аб пераходзе на адносна цьвёрды расейскі рубель, варта было б больш уважліва прыгледзецца да сумнага вопыту грэкаў. Для невялікай краіны, якая ня мае значных запасаў сыравіны, а таму вымушаная зарабляць за кошт экспарту тавараў і паслуг, лепш мець больш мяккую грашовую адзінку. Ва ўсякім выпадку на тым этапе, пакуль такая краіна не навучылася выпускаць запатрабаваную ва ўсім сьвеце высакаякасную і інавацыйную прамысловую прадукцыю.

Беларусь гэтай стадыі пакуль яшчэ відавочна не дасягнула. А таму расейскі рубель стаў бы для яе тормазам на шляху непазьбежнай мадэрнізацыі. У Расеі - сыравінная эканоміка, а гэта - зусім іншая мадэль, чым тая, якая падыходзіць невялікім дзяржавам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Экспарт энэрганосьбітаў забясьпечвае Расеі магутны прыток цьвёрдай валюты, што немінуча вядзе да ўмацаваньня рэальнага курсу рубля. Гэта стымулюе імпарт гатовай прадукцыі і зьніжае шанцы расейскай апрацоўчай прамысловасьці прабіцца са сваімі таварамі на сусьветны рынак. Выжывае яна за кошт дзярждатацый і вялізнага ўнутранага рынку, дзе многія спажыўцы гатовыя задавольвацца якасьцю трэцяга гатунку айчыннай прадукцыі пры адносна нізкай яе цане, маўляў, "Лада" - гэта ня мара аўтамабіліста, але яна нашмат больш даступная за імпартны "Фольксваген".

Расея ў значнай меры пакутуе ад той самай "галяндзкай хваробы", якая нанесла шкоду нават прамыслова вельмі разьвітым Нідэрляндам у другой палове ХХ стагодзьдзя пасьля нафтагазавага буму, які там распачаўся. Калі Беларусь пяройдзе на расейскі рубель, яе таваравытворцы і аграрыі абавязкова інфікуюцца гэтым вірусам.

Мяккая валюта як прынада для замежных інвэстараў

Замест ілюзорна-гіпатэтычнага пераходу на расейскі рубель перад ёй адкрыўся цяпер цалкам іншы шлях: скарыстацца тым шанцам, які дае магутная дэвальвацыя, і хутка раскруціць сваю прамысловасьць. Грэкам, для якіх выхад з эўразоны быў бы самагубствам, аб такім варыянце застаецца толькі марыць, а магутны Кітай, напрыклад, усімі праўдамі і няпраўдамі спрабуе дзеля стымуляваньня экспарту ўтрымаць курс юаня на нізкім узроўні. Зрэшты, Кітаю і нават Грэцыі ёсьць што прапанаваць на зьнешнім рынку, уключаючы турыстычныя паслугі.

Праблема Беларусі ў тым, што яна вырабляе занадта мала тавараў, запатрабаваных як у суседняй Расеі, так асабліва за яе межамі. Але гэта таксама – справа, якую можна паправіць. Ва ўмовах, калі ў Кітаі і цэлым шэрагу іншых былых краін разьвіцьця, прыкметна даражэе працоўная сіла, дзяржава з дэвальваванай валютай на самай мяжы Эўразьвязу магла б у сьціслыя тэрміны прыцягнуць вялікую колькасьць замежных інвэстараў. Яны з задавальненьнем разгарнулі б тут сучасную вытворчасьць і ахвотна забясьпечылі б беларусаў працай па выпуску сваіх экспартных тавараў.

Але для гэтага патрэбныя рэформы. Ня столькі радыкальныя, колькі рашучыя, недвухсэнсоўныя і пасьлядоўныя. На жаль, пакуль гэты шлях таксама зьяўляецца ілюзорна-гіпатэтычным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG