Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень, сябра Руху "За Свабоду", Мікіта Ліхавід чацьвёрты раз за два месяцы зьмешчаны ў штрафны ізалятар – гэтым разам адміністрацыя Наваполацкай калёніі абвінаваціла асуджанага за Плошчу ў неданясеньні на сваіх сукамэрнікаў.

15 чэрвеня ў калёніі актывіста наведала адвакат Дар’я Ліпкіна, перадае радыё "Рацыя".

"Ён выразна заняў сваю пазыцыю і адыходзіць ад яе не зьбіраецца. Была наладжаная праверка, якая падчас агляду камэры №1 выявіла забароненыя для выкарыстаньня прадметы. Дзяжурным па камэры быў прызначаны Ліхавід, які ня выканаў абавязкаў дзяжурнага і не паведаміў аб наяўнасьці забароненых прадметаў, – расказала Дар'я Ліпкіна.

Паводле рашэньня начальніка атраду “Каранцін” Наваполацкай калёніі Аляксандра Панкрата, віна Мікіты Ліхавіда – у неданясеньні пра наяўнасьць у штрафной камэры цыгарэт у асуджаных.

Зарэгістраваная ў Чэскай Рэспубліцы арганізацыя “Малады фронт” выступіла са зваротам, у якім зьвяртае ўвагу на жорсткае стаўленьне да палітычнага вязьня Мікіты Ліхавіда, што адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 10 у Наваполацку.

“Малады чалавек ужо чацьвёрты раз за 40 дзён зьмешчаны ў турэмны штрафны ізалятар, умовы якога па міжнародных нормах можна аднесьці да катаваньняў. Такое абыходжаньне з маладым 21-гадовым чалавекам мы лічым антычалавечым і просім зьвярнуць увагу на кіраўніцтва калёніі, спраўдзіць кампэтэнтнасьць іх ды іншых супрацоўнікаў гэтай установы”, – гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту зазначаюць, што Мікіта Ліхавід лічыць сябе незаконна асуджаным. Кожны дзень у калёніі ён працягвае дамагацца справядлівасьці і перагляду яго крымінальнай справы, а таксама свайго поўнага апраўданьня, за што кіраўніцтва калёніі зьмяшчае яго ў штрафны ізалятар.

27 траўня, калі Мікіта адбываў у карцэры 15-суткавы тэрмін, яму дазволілі сустрэчу з маці, каб тая паўплывала на яго.

"Спатканьне доўжылася гадзіну ў кабінэце ў намесьніка начальніка калёніі па выхаваўчай частцы. А перад гэтым адбылася гутарка з начальнікам калёніі. Ён перапыніў сваю нараду і пайшоў на тое, каб са мной пагаварыць. Сказаў, што ўсё разумее, інтэрнет і газэты чытае і, натуральна, у курсе ўсяго таго, што адбываецца. Сказаў, што размаўляў зь Мікітам і разумее, што ён не крымінальнік і такіх, як ён, шмат, і да іх такія яшчэ прыедуць, – распавядала Алена Ліхавід пасьля таго спатканьня. – Дзесьці я і кіраўніцтва калёніі разумею: закрыць вочы на тое, што Мікіта адмаўляецца выконваць умовы калёніі, яны ня могуць, таму што на яго глядзяць іншыя... І ў размове начальнік калёніі даў зразумець, што пакуль ён прымяняе да Мікіты больш мяккія меры, а можа прымяніць і больш жорсткія. Але куды ўжо больш жорстка – мне цяжка сказаць".

  • Падтрымаць 21-гадовага хлопца можна лістамі салідарнасці:

211440, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8
Папраўчая калёнія № 10
Мікіту Ліхавіду


  • Можна напісаць адміністрацыі калёніі:

211440, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8
Начальніку папраўчай калёніі № 10
Сівоху Аляксандру Мікалаевічу


  • Можна патэлефанаваць:

прымальня начальніка: тэл./факс (8-02145) 557127
кадравы апарат: тэл. (8-02145) 77143, 77130

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG