Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча загадалі пакараць за зьмешчанае на сайце "Свабоды" фота?


Зьміцер Каляда і Мікалай Аўтуховіч. Фота, зробленае тайна пранесеным мабільным тэлефонам у Івацэвіцкай калёніі ў канцы 2010 году. Аўтуховіч, асуджаны нібыта за фінансавыя парушэньні, прызнаны вязьнем сумленьня. Першае турэмнае фота

Зьміцер Каляда і Мікалай Аўтуховіч. Фота, зробленае тайна пранесеным мабільным тэлефонам у Івацэвіцкай калёніі ў канцы 2010 году. Аўтуховіч, асуджаны нібыта за фінансавыя парушэньні, прызнаны вязьнем сумленьня. Першае турэмнае фота

Карэспандэнту радыё "Свабода" паступіў ананімны званок з калёніі строгага рэжыму №5 у Івацэвічах пра тое, што пасьля апублікаваньня на сайце фатаздымка палітвязьня, які даслаў у рэдакцыю былы асуджаны, ён жа аўтар фота, Зьміцер Каляда, Мікалай Аўтуховіч быў выкліканы на так званыя “хрысьціны” размову з кіраўніцтвам гэтай рэжымнай установы.

Аўтуховіч даведаўся, што зь Менску паступіў загад аб зьмяшчэньні яго ў штрафны ізалятар. Аўтуховіч выказаў сваю нязгоду ў сувязі з пакараньнем яго за тое, чаго ён не рабіў і паабяцаў, што ў такім выпадку пачне галадоўку.

Нам таксама паведамілі, што ў калёніі ўжо абвясьцілі галадоўку і іншыя зьняволеныя. Асуджаны Ігар Міхнавец больш за тыдзень галадае з-за таго, што афіцыйна накіраваныя ім у вышэйшыя судовыя інстанцыі дакумэнты з абскарджаньнем ягонага выраку не дайшлі да адрасата, а супрацоўнікі калёніі не даюць гэтаму аніякага тлумачэньня. Вядома, што напярэдадні Мікалай Аўтуховіч выказаў адміністрацыі калёніі сваю крытычную пазыцыю адносна выпадку зь Міхнаўцом.

Раней падчас свайго тэлефанаваньня з таксафона Мікалай Аўтуховіч нагаварыў на аўтаадказьнік "Свабоды" пра тое, як ставяцца ў калёніі да скаргаў зьняволеных.

Аўтуховіч: “Кожны раз, калі мяне вядуць на так званыя “хрысьціны” – мясцовы суд у начальніка – я ўвесь час выказваю свае прэтэнзіі, зьвяртаю ўвагу адміністрацыі на тыя парушэньні, якія дапускаюцца ў дачыненьні да асуджаных. Яны робяць выгляд, што разумеюць, робяць выгляд, што штосьці вырашаецца, аднак рэальна нічога ня робіцца. Хачу падкрэсьліць, што з калёніі шмат людзей пішуць скаргі. Многія з гэтых зьняволеных, скажам так, асуджаныя няправільна, больш за тое, незаконна. У мяне сшытка тоўстага не хапіла на гэтыя прыклады. Я столькі ўсяго напісаў. Сядзельцы пішуць у суды, пракуратуру. Аднак унутры калёніі ўсё наладжана так, каб гэтыя скаргі зьнікалі. Што да нашай калёніі па Івацэвічах, то скаргі адсюль увогуле не выходзяць. А калі асуджаныя зьвяртаюцца да адміністрацыі назваць выходныя нумары дасланых імі у суд лістоў, чуюць у адказ: “А іх не было!” ці “Вам ужо адказалі! З вамі ліставаньне скончанае! Да пабачэньня!” Думаю, што за такое бяспраўе адказны кіраўнік нашага спэцаддзелу, які, хутчэй за ўсё, працуе на спэцслужбы і мае ўстаноўку зьверху, каб такія скаргі не праходзілі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG