Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве падобныя акцыі, а такія розныя рэакцыі. Пасьля акцыі “Стоп-бэнзін” у Менску, хаця і было некалькі затрыманьняў і штрафаў, але абышлося безь сілавога здушэньня, а самае галоўнае – атрымаўся выбітны посьпех, вышэйшая ўлада пайшла на беспрэцэдэнтныя саступкі.

Адказам на акцыю кіроўцаў, якія перакрылі памежны пераход у Брузгах, сталі амапаўскія дубінкі і пагрозы. Спачатку з вуснаў старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры, а потым і самога Лукашэнкі. Маўляў, усё тое зладзілі “сьвядомыя”, удзельнікі акцыі – спэкулянты, “я пагляджу, а потым шарахну так, што за мяжу зьбегчы не пасьпееце”.

Чаму ў Менску так, а ў Брузгах – гэтак? Магчыма, прычына якраз у складзе пратэстоўцаў у першым і другім выпадках, і ў прыродзе іх патрабаваньняў, і ў характары пратэсту.

Нягледзячы на кансьпіралягічныя вэрсіі наконт рукі сьвядомых, ніякіх “рук” у Брузгах не было наагул: калі акцыя “Стоп-бэнзін” у Менску была зладжаная аднайменнай грамадзкай арганізацыяй, то блякада памежнага пераходу была чыстай народнай сацыяльнай стыхіяй. Што насамрэч для сьвядомасьці, заточанай пад змовы, выглядае больш небясьпечным, бо незразумелым.

Гэта як у знакамітым гісторыі, калі Ганна Ахматава падчас апалы зьявілася на нейкім пісьменьніцкім сходзе і публіка ўстала на знак павагі таленту. Сталін, калі яму далажылі пра гэтую дэманстрацыю, задаў толькі адно пытаньне: “Хто арганізаваў уставаньне?”

Ну і сапраўды – ня можа ж быць, каб само, каб самі, павінен жа быць нехта, хто гэтым усім маніпулюе. А калі незразумела, хто “арганізаваў уставаньне” ў Брузгах, то тым страшней і небясьпечней: значыць, добра замаскаваўся вораг.

Іншы момант – розная сацыяльная база, адрасат абодвух пратэстаў. З крызісам у Беларусь вярнулася палітыка. Ня ў сэнсе выйсьці пракрычаць “Далоў Лукашэнку”, “Сыходзь” або нешта іншае. (Гэта можа быць палітыкай, а можа – адно індывідуальным самавыражэньнем. Нават калі індывідаў шмат.) А ў сэнсе пошуку і выражэньня масавых інтарэсаў і адстойваньня іх. У Менску дэманстравалі за інтарэсы аўтааматараў, якіх добрая траціна краіны. Улада палічыла, падумала і пайшла на саступкі. Траціна – гэта шмат. Хаця, на думку лібэрала, і патрабаваньне бязглуздае з эканамічнага пункту гледжаньня, і саступка такая ж бязглуздая, але палітыка – гэта не акадэмічная дыскусія.

А ў Брузгах удзельнікі хваляваньняў выказвалі інтарэс групы значна меншай, стаўленьне да якой у грамадзтве значна больш складанае, больш кепскае, папросту кажучы, чым да аўтааматараў.

Улада зноў падлічыла і вырашыла – мала. Таму і было сказана пра спэкулянтаў. Заўважым, пра “Стоп-бэнзін” Лукашэнка не сказаў анічога. Не, было сказана ўжо і пра кепскі народ, які сам у крызісе вінаваты. Але абстрактна. А канкрэтна, па канкрэтных групах – калькуляцыя. Шмат – значыць, лепш не чапаць, можна і нават трэба саступаць. Мала – можна душыць. Ну і трэба, зразумела.

Мала ці шмат – ня ў сэнсе ўдзельнікаў акцыі, а ў сэнсе тых, чые інтарэсы яны выражаюць. Такая вось сацыяльна-палітычныя арытмэтыка.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG