Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стабільнасьць у нас толькі ў адным — пастаянным росьце цэнаў…»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Штодня назіраючы, як імкліва мяняюцца ў Беларусі эканамічныя рэаліі, людзі спрабуюць разабрацца: чаму дэкляраваныя ўладамі стабільнасьць і росквіт так хутка скончыліся? І хто павінен несьці адказнасьць за палітыку, якая прывяла народ да выпрабаваньняў, параўнальных хіба толькі з пэрыядам распаду СССР? На гэтую тэму — значная частка нашай пошты апошніх тыдняў.


Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Аляксея Падсьвільскага з Глыбоцкага раёну. Слухач апісвае сёньняшнія рэаліі звычайнага беларускага пасёлка, які ўлада запісала ў аграгарадкі — і таму тэарэтычна ён павінен быць у значна больш выйгрышным становішчы, чым іншыя падобныя мястэчкі. Але што ў сапраўднасьці? Аляксей Падсьвільскі піша:

«Калі раней Падсьвільле было звычайным гарадзкім пасёлкам, то цяпер лічыцца аграгарадком. Але праблемаў ад гэтага меней ня стала. Статус аграгарадка, нібы дэкарацыя, толькі захіліў старыя праблемы: разьбітыя дарогі, якія пэрыядычна падлатваюць пры любым надвор’і напярэдадні начальніцкіх візытаў; пастаянныя зьмены кіраўніцтва мясцовага льнозаводу; старая бальніца, дзе сумленна працуюць, напэўна, ейныя равесьнікі (некаторым дактарам ужо па 80 год); лазьня з іржавымі трубамі, аблупленымі сьценамі і выцертай падлогай (за лета сяк-так адрамантавалі толькі цырульню, але кіраўніцтва, кажуць, адрапартавала пра капітальны рамонт усёй лазьні).

У свой час Падсьвільскі завод харчовых прадуктаў славіўся смачным аўсяным пячэньнем і журавінамі ў цукровай пудры. Але былому дырэктару больш да густу прыйшлося пладова-ягаднае віно. І зараз яго выпускаюць да 9 мільёнаў літраў за год. П’юць таннае віно школьнікі, жанчыны, старыя, а пра мужчын і гаварыць няма чаго. І нават у маладога дырэктара вінзаводу ня вытрымала сэрца — памёр. У фірмовай краме ад заводу віно прадаюць зь мінімальнай гандлёвай нацэнкай. У многіх крамах „чарніла“ дадуць нават бяз грошай — „напавер“, пад запіс у сшытку — а потым яшчэ і падмануць. Людзі пакрысе сьпіваюцца, на глебе бытавога алькагалізму ўчыняюць страшныя злачынствы. На жаль, кіраўнікоў гэта задавальняе. Людзі, залежныя ад алькаголю, бяспраўныя і выканаюць любыя загады і патрабаваньні. Яны без пярэчаньняў будуць працаваць і ў выходныя дні, і на асабістым падворку начальніка».

Слухач таксама апісвае шэраг прыкладаў службовых злоўжываньняў на некаторых падсьвільскіх прадпрыемствах і ва ўстановах. Гэтыя прыклады ён прыводзіў і ў сваім папярэднім допісе. І вельмі незадаволены, што тая частка ліста не была працытавана ў эфіры. Аляксей піша:

«Калі першая палова пісьма, дзе ішла размова пра перадвыбарчую кампанію, была зачытана, то другая частка, дзе гаварылася пра канкрэтныя праблемы і факты, неяк выпала з вашага поля зроку. А што так? Не фармат? Ці на „Свабодзе“ ўжо няма свабоды і зьявілася цэнзура? Чаму ж вы замоўчваеце факты пра салодкае жыцьцё чыноўнікаў, з-за некампэтэнтнасьці і карумпаванасьці якіх пакутуюць простыя людзі?»

Справа тут, спадар Аляксей, не ў цэнзуры. Калі мы з вашай дапамогай зьбіраемся абнародаваць нейкія канкрэтныя факты злоўжываньняў ці злачынстваў пэўных службовых асобаў — то павінны быць упэўнены ў дакладнасьці такіх зьвестак. Мы ня маем магчымасьці дасканала праверыць усе выкладзеныя ў вашым лісьце зьвесткі. Тым больш што самі вы падпісаліся, відавочна, выдуманым прозьвішчам, а зваротнага адрасу ўвогуле не пазначылі. Мы з разуменьнем ставімся да жаданьня некаторых нашых аўтараў захоўваць інкогніта: ведаем, наколькі рызыкуе ў сёньняшніх беларускіх умовах той чалавек, які наважваецца адкрыта выказваць уласны пункт гледжаньня на грамадзкія праблемы. Аднак калі заходзіць размова пра абвінавачаньні канкрэтных асобаў у сур’ёзных службовых злоўжываньнях ці нават злачынствах — тут патрабаваньні да інфармацыі, якая агучваецца ў эфіры, жорсткія: яна павінна быць дакладнай і старанна спраўджанай.


Эканамічнае і палітычнае становішча, у якім апынулася цяпер беларуская дзяржава, турбуе нашага слухача Мікалая Корбута са Ждановічаў Менскага раёну. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Гэтая ўлада паламала нямала чалавечых лёсаў. І справа ня толькі ў тых, хто за свае палітычныя перакананьні пакутуе зараз у турмах і калёніях. А куды падзеліся яркія апазыцыйныя палітыкі Віктар Ганчар, Юры Захаранка ды іншыя?

За ўсё гэта рана ці позна вінаватыя павінны панесьці адказнасьць. Сёньня адзіным лёзунгам павінны стаць словы: „Далоў такую ўладу!“, якая давяла нас да жабрацтва, прыніжэньня, міжнароднай ізаляцыі. Стабільнасьць у нас толькі ў адным — пастаянным росьце цэнаў. Пакуль не пазбавімся ад гэтай сыстэмы — выратаваньня ня будзе. Іншага выйсьця проста няма. Будзем цярпець і далей — давядзем краіну да поўнага краху.

І яшчэ: трэба, каб Міжнародная хакейная фэдэрацыя паставіла перад беларускай уладай жорсткі ўльтыматум: альбо вызваляйце ўсіх палітзьняволеных, альбо ў 2014-м годзе чэмпіянат сьвету адбудзецца ў іншай краіне. Паглядзім, як яны на гэта адрэагуюць. Хакей для іх — гэта нешта накшталт сьвяшчэннай каровы».

Міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі імкнуцца ня ўвязвацца ў палітычныя праблемы — асабліва ўлічваючы ня надта ўдалы досьвед мінулага стагодзьдзя, калі спартоўцы часта рабіліся закладнікамі палітыкаў. Беларуская сытуацыя, аднак — прыклад асаблівы. Надта сур’ёзны выклік кінуты ўсёй заходняй дэмакратычнай супольнасьці. Прычым выклік гэты кінула кіраўніцтва дзяржавы, якая ні па якіх парамэтрах ня можа лічыцца магутнай і ўплывовай у сьвеце.

Вядома, што на працягу апошняга часу да Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі ўжо зьвярталіся некаторыя вядомыя эўрапейскія палітыкі з той жа прапановай, якую выказваеце ў сваім лісьце вы, спадар Мікалай. Магчыма, што наўпрост і публічна міжнародныя спартыўныя функцыянэры ў гэты канфлікт умешвацца ня будуць. Але вельмі малая верагоднасьць таго, што беларускаму рэжыму ўдасца і палітвязьняў у турме трымаць, і хакейны чэмпіянат праводзіць.


А цяпер — некалькі лістоў ад тых нашых даўніх сяброў, якія выказваюцца наконт праграмаў Радыё Свабода; успамінаюць, калі ўпершыню настроіліся на нашу хвалю; адрасуюць у рэдакцыю свае прапановы і просьбы. Вось што піша Бярнард Пакульніцкі з гарадзкога пасёлка Гарадзея Нясьвіскага раёну:

«Магчыма, не зьдзіўлю вас, але выразна памятаю, што пачаў слухаць свабоднае радыё з таго моманту, калі памёр Сталін. Зьяўляюся слухачом „са стажам“. Хаця слухаў перадачы замежных радыёстанцый на розных мовах, але, каб атрымаць дакладную і своечасовую інфармацыю, заўсёды аддаваў перавагу Радыё Свабода.

Вельмі прыемна, што вы супрацоўнічаеце са слухачамі. Гэта выклікае асаблівую цікавасьць і павагу да Радыё Свабода. Дзякую за такую неабходную ўвагу да людзей і за вашу працу. Калі ў вас ёсьць магчымасьць высылаць свае выданьні, то зь вялікай радасьцю хацеў бы іх атрымаць і падзяліцца зь сябрамі і знаёмымі. Наагул цікавіць усё, што ў вас зьяўляецца новае.

Апошнім часам вельмі цікаўлюся краязнаўствам і гісторыяй, наладжваю вэлясыпэдныя вандроўкі і падарожжы па Беларусі. Бачу жыцьцё простых людзей на свае вочы, маю ўласны погляд на сёньняшнюю рэчаіснасьць».


Аўтар наступнага ліста — Ніна Марчук зь вёскі Глінянкі Кобрынскага раёну — таксама зьвяртаецца на «Свабоду» са сваімі ўражаньнямі і просьбай. Яна піша:

«Ужо больш як 10 год я — ваша штодзённая слухачка, пачынаючы з 22-й гадзіны кожнага вечара. Бяз вас ужо не ўяўляю свайго жыцьця, а менавіта — разуменьня таго, што ў нас робіцца. Ня раз дасылала вам гукавыя лісты. Некаторыя зь іх потым пачула па „Свабодзе“.

Праслухала запіс „Птушак пералётных“ Галіны Руднік. Мала сказаць, што мне гэта спадабалася. Я даведалася пра тое, пра што раней нават не здагадвалася. І мне вельмі цікава. Буду рада, калі атрымаю ад вас гэту кнігу. І ня толькі я.

Адзін з маіх унукаў — такі ж аматар гісторыі, як і я. Думаю, і ён з задавальненьнем пазнаёміцца з гэтай кнігай і асэнсуе тыя факты, пра якія можна даведацца толькі ад вас».


І апошні ў сёньняшнім аглядзе ліст — ад Міхаіла Місючэнкі зь вёскі Гарнастаева Капыльскага раёну. Ён таксама наш даўні і адданы сябар. Спадар Міхаіл піша:

«Ужо больш за сорак гадоў слухаю перадачы „Свабоды“, а таксама іншых радыёстанцый, якія, памятаю, у Савецкім Саюзе называлі „варожымі галасамі“. У той час слухаць іх было вельмі цяжка, бо моцна глушылі.

Цяпер часам тэлефаную на менскі нумар „Свабоды“, выказваю свае думкі наконт падзеяў у краіне і сьвеце. Падабаюцца ўсе перадачы. Асабліва — „Званочкі“ зь Янам Максімюком, дзе могуць выказацца ўсе — і прыхільнікі радыё, і ягоныя праціўнікі.

Апошнім часам вы шмат паведамлялі пра судовыя працэсы над удзельнікамі сьнежаньскай Плошчы. Слухаў кожны дзень. Хачу пажадаць мужнасьці і цярпеньня ўсім, хто зараз знаходзіцца за кратамі, а таксама іх родным і блізкім.

Маю да вас просьбу. Вельмі хацелася б мець у сваёй бібліятэцы кнігу Галіны Руднік „Птушкі пералётныя“, а таксама, хоць і сорамна прасіць — дыск з сатырычнымі песьнямі Лявона Вольскага „Саўка ды Грышка“. Вельмі яны мне падабаюцца».

Дзякуй вам, паважаныя сябры, за цёплыя словы на адрас «Свабоды», за вашы ўспаміны і ўражаньні. Мы працягваем свае выдавецкія праекты: лепшыя перадачы, якія гучалі ў нашым эфіры, зьяўляюцца ў выглядзе кніг і дыскаў. Кнігу Галіны Руднік «Птушкі пералётныя», пра якую вы згадваеце ў сваіх лістах, мы ўжо выслалі на адрас дзясяткаў нашых сяброў, аўтараў найбольш цікавых допісаў. Неўзабаве атрымаеце яе і вы. Што да дыска зь песьнямі Саўкі ды Грышкі ў выкананьні Лявона Вольскага — ён пакуль ня выйшаў, але зьявіцца на працягу бліжэйшых тыдняў. Яго ў якасьці падарунка таксама атрымаюць удзельнікі Клюбу сяброў «Свабоды».

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG