Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мэдычная дапамога бясплатная і гарантаваная ўсім грамадзянам Беларусі»


Праваабаронцы лічаць неабгрунтаванымі заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускія будаўнікі, якія працуюць за мяжой, павінны аплачваць мэдычныя паслугі ў Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, «летуны», якія неарганізавана паехалі зарабляць у іншую дзяржаву, павінны стоадсоткава аплачваць мэдычнае забесьпячэньне, а іхнія сем’і — стоадсоткава аплачваць камунальныя паслугі.

«А так — зламаў нагу, галаву яму там адкруцілі, а мы тут яго бясплатна лечым. Камунальныя паслугі аплачвае на 22–25%, а не 100%. Зарабіў грошы — плаці», — заявіў Лукашэнка.

Валянцін Стэфановіч
Камэнтуючы гэтыя выказваньні, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначыў:

«Гэта проста ўскладаньне на людзей адказнасьці за бесталковую палітыку ўладаў. Гэта ня мы вінаватыя, а ён вінаваты, ягоны ўрад.

У Беларусі мэдычная дапамога бясплатная і гарантаваная ўсім грамадзянам Беларусі. І гэта незалежна ад таго, хто дзе працуе і ці працуе наагул. Калі чалавек не працуе, то што тады? Ён таксама ня плаціць падаткі. Таму гэтыя заявы — гэта поўная лухта. Гэта ўсё эмоцыі і гістэрыкі. Тое, што людзі масава павалілі працаваць за мяжу, сьведчыць толькі пра адно: што гэтыя людзі ня могуць знайсьці працы дома. І яны ў гэтым не вінаватыя. А вінаваты ўрад, які нясе адказнасьць за эканамічную сытуацыю ў краіне. А ў Лукашэнкі, як у Савецкім Саюзе: хто заўгодна вінаваты, толькі ня родны ўрад. У яго то людзі валюту паскуплялі, то машыны пазавозілі, то салярку вывозяць. Благі народ такі трапіўся, нешта ня тое робіць.

А што тычыцца камуналкі, то мы хутка ўсе будзем плаціць 100%».
XS
SM
MD
LG