Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Былі вынесеныя тры сьмяротныя прысуды; два выкананыя. Улада жорстка абмяжоўвала правы на свабоду слова і сходаў, затрымлівала і штрафавала мірных дэманстрантаў. Не праводзілася бесстароннае расьсьледаваньне цьверджаньняў пра катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня. Вязьням сумленьня адмаўлялі ў мэдычнай і юрыдычнай дапамозе” – так рэзюмуецца сытуацыя ў Беларусі ў сёлетнім дакладзе Amnesty International “Правы чалавека ў сучасным сьвеце”. Пра гэта паведамляе сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Прапануем вам вытрымкі з прысьвечанага Беларусі разьдзелу дакладу.


Сьмяротнае пакараньне


Прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады выказалі гатовасьць ўзаемадзейнічаць зь міжнароднай супольнасьцю ў пытаньні аб сьмяротным пакараньні. У лютым 2010 году ў парлямэнце была створаная рабочая група для вывучэньня праблематыкі сьмяротнага пакараньня. У верасьні на Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека ўрад прызнаў, што насьпела неабходнасьць у адмене найвышэйшай меры пакараньня. Прадстаўнікі кіраўніцтва краіны заявілі пра намер настроіць грамадзкую думку на карысьць адмены выключнай меры пакараньня і працягнуць супрацоўніцтва зь міжнароднай супольнасьцю. Аднак, нягледзячы на гэта, у Беларусі па-ранейшаму выносіліся і выконваліся сьмяротныя прысуды.

У сакавіку 2010 году пакаралі сьмерцю Васіля Юзепчука і Андрэя Жука, прысуджаных да найвышэйшай меры пакараньня ў чэрвені і ліпені 2009 году адпаведна. Як і ў выпадку з усімі астатнімі карамі ў Беларусі, ні вязьняў, ні іх сваякоў не папярэдзілі загадзя пра дату выкананьня прысуду. Маці Андрэя Жука даведалася пра тое, што пакараньне яе сына адбылося, 19 сакавіка, калі прынесла яму перадачу з прадуктамі. Пакараньне сьмерцю адбылося насуперак таму, што абодва асуджаныя зьвярнуліся ў Камітэт ААН у пытаньнях правоў чалавека і 12 кастрычніка 2009 году Камітэт папрасіў улады краіны адкласьці выкананьне пакараньня да часу, пакуль ён ня вывучыць іх справы.

14 траўня Гарадзенскі абласны суд асудзіў Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыку да найвышэйшай меры пакараньня за наўмыснае забойства, разбой, падпал, выкраданьне непаўналетняга, крадзеж і рабаваньне. Вярхоўны суд 17 верасьня 2010 году пакінуў іх касацыйныя скаргі без задавальненьня.

14 верасьня Магілёўскі абласны суд асудзіў Ігара Мяліка да сьмерці за сэрыю разбойных нападаў і забойстваў, учыненых у 2009 годзе на аўтатрасе Магілёў – Гомель. Яшчэ аднаго фігуранта справы прысудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня, а трэці памёр пад вартаю да таго, як скончыўся суд.


Свабода выказваньня меркаваньняў


У траўні прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ ў лісьце да беларускіх уладаў выказала заклапочанасьць ціскам, які робіцца на незалежныя СМІ ў краіне, і заявіла, што “запалохваньне журналістаў робіць эфэкт стрымліваньня на журналістыку расьсьледаваньняў, і без таго аслабленую ў Беларусі”.

3 верасьня рэдактар і заснавальнік недзяржаўнага навіннага сайту “Хартыя'97” Алег Бябенін быў знойдзены мёртвы ў сябе на дачы. Яго знайшлі павешаным на вяроўцы, замацаванай на бэльцы. 4 верасьня зьявіліся першыя вынікі судмэдэкспэртызы, дзе гаварылася, што, хутчэй за ўсё, прычынаю сьмерці стала самагубства. Аднак калегі і сваякі паставілі афіцыйнае заключэньне пад сумнеў, паказаўшы на шэраг неадпаведнасьцяў з тым, у якім становішчы знайшлі цела; на тое, што раней ён ужо зьяўляўся аб'ектам перасьледу ўладаў, а таксама на тое, што незадоўга да сьмерці ён далучыўся да выбарчага штабу апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

1 ліпеня набыў сілу ўказ прэзыдэнта № 60 “Аб мерах для ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт”. Сярод іншага ўказ патрабуе ад інтэрнэт-правайдэраў правяраць асобу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг і даваць уладам інфармацыю аб абанэнтах. Акрамя таго, уводзяцца меры, накіраваныя на абмежаваньне доступу да інфармацыі, якая можа лічыцца экстрэмісцкай, парнаграфічнай, зьвязанай з прапагандай гвалту, жорсткасьці і іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам. У дасьледаваньні, падрыхтаваным па заданьні АБСЭ, гаворыцца, што названыя меры “вядуць да неабгрунтаваных абмежаваньняў права грамадзяніна на атрыманьне і распаўсюджваньне інфармацыі» і даюць уладам занадта шырокія паўнамоцтвы для абмежаваньня доступу да пэўных крыніц інфармацыі.


Свабода сходаў


Абмежавальны закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” па-ранейшаму ўціскае свабоду слова і сходаў. Закон патрабуе ад дэманстрантаў зьвяртацца па дазвол да мясцовых уладаў. Апрача таго, закон забараняе правядзеньне масавых мерапрыемстваў на адлегласьці, меншай за 200 мэтраў ад падземных пешаходных пераходаў і станцыяў мэтрапалітэну. Згодна з законам, арганізатары нясуць адказнасьць за забесьпячэньне грамадзкага парадку, а таксама за меры, зьвязаныя з аказаньнем мэдычнай дапамогі і прыбіраньнем тэрыторыі пасьля масавага мерапрыемства, фінансуючы гэта з уласных сродкаў. З прычыны такіх палажэньняў шматлікія заяўкі былі адхіленыя.

8 траўня 2010 году Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў у выдачы дазволу на правядзеньне 15 траўня “Славянскага гей-параду” праз тое, што прапанаваны маршрут пралягаў на адлегласьці, меншай за 200 мэтраў ад станцыяў мэтрапалітэну і падземных пешаходных пераходаў. Аднак група дэманстрантаў ўсё-ткі правяла 15 траўня шэсьце, нягледзячы на забарону. Васьмёх дэманстрантаў затрымалі на выходныя; пяцёх зь іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі.

Пераважна мірная дэманстрацыя, якая адбылася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў вечарам 19 сьнежня, была жорстка разагнаная байцамі АМАПу. Больш чым 700 асобам былі выстаўленыя абвінавачаньні ў адміністрацыйных парушэньнях. Іх арыштавалі на тэрміны ад 10 да 15 дзён. Затрымалі іх адвольна за тое, што яны мірна скарысталіся правам на свабоднае выказваньне меркаваньняў. У дачыненьні да многіх дэманстрантаў супрацоўнікі праваахоўчых органаў ўжылі празьмерную сілу.


Катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня


У жніўні Беларусь перадала чацьвёрты пэрыядычны даклад у Камітэт ААН супраць катаваньняў. У дакладзе адпрэчваюцца рэкамэндацыі, зробленыя камітэтам у 2000 годзе, аб унясеньні ў Крымінальны кодэкс краіны вызначэньня катаваньняў у адпаведнасьці з вызначэньнем, дадзеным у Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў. У дакумэнце таксама гаворыцца, што ўсе заявы аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня вывучаюцца пракуратурай. Аднак, паводле незалежнага дакладу, прадстаўленаму некалькімі НДА ў сьнежні, заявы ў пракуратуру рэдка канчаюцца пачаткам крымінальнай справы аб катаваньнях, яны, як правіла, зьяўляюцца прадметам павярхоўнага разбору, які не выходзіць за рамкі допыту супрацоўнікаў міліцыі, на якіх пададзена скарга.

18 студзеня пракуратура Савецкага раёну Менску адмовіла ў завядзеньні крымінальнай справы па заяве аб катаваньнях, пададзенай Паўлам Леўшыным. 9 сьнежня 2009 году з падазрэньня ў крадзяжы яго затрымалі супрацоўнікі Савецкага РУУС. Па словах Паўла Леўшына, 10 сьнежня з 17:00 да 20:00 супрацоўнікі міліцыі катавалі яго і жорстка зь ім абыходзіліся. У заяве ў пракуратуру ён напісаў, што супрацоўнікі міліцыі надзелі на яго кайданкі, паклалі на жывот і захілілі ногі так, што іх трымалі счэпленыя рукі (так званая “ластаўка”). Яго білі гумовай дубінкаю і плястыкавымі бутэлькамі з вадой. Акрамя таго, пяць разоў яму надзявалі на галаву пакет і трымалі да таго часу, пакуль ён не пачынаў задыхацца. Судмэдэкспэртыза пацьвердзіла, што характар траўмаў адпавядае яго апісаньню, аднак пракуратура, спаслаўшыся на міліцэйскую справаздачу, заявіла, што ніякіх доказаў катаваньняў ня выяўлена.


Вязьні сумленьня


Паводле стану на канец году 29 асобам, уключаючы шасьцёх апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, членаў іх выбарчых штабоў, а таксама журналістаў, былі выстаўлены абвінавачаньні ў “арганізацыі масавых непарадкаў” у сувязі зь іх удзелам у дэманстрацыях 19 сьнежня. Ім пагражала да 15 гадоў турмы. Многіх зь іх абвінавацілі выключна за тое, што яны мірна выказвалі свае погляды, ня менш за 16 чалавек зь іх ліку зьяўляюцца вязьнямі сумленьня.

Андрэя Саньнікава – кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі – затрымалі на дэманстрацыі 19 сьнежня. Яго зьбілі байцы АМАПу, траўмаваўшы яму ногі. Разам з жонкаю – журналісткай Ірынай Халіп – яго павезьлі ў лякарню, аднак машыну зь імі спынілі супрацоўнікі праваахоўчых органаў. 27 сьнежня супрацоўнікі службы апекі прыйшлі да іх трохгадовага сына Данілы і паведамілі яго бабулі, што ёй давядзецца запоўніць паперы аб узяцьці на сябе апекі над дзіцем, у адваротным выпадку яго забярэ дзяржава. 29 сьнежня Андрэю Саньнікаву выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве – арганізацыі масавых непарадкаў. Неўзабаве Ірыну Халіп таксама затрымалі і абвінавацілі ў злачынстве. Адвакату Андрэя Саньнікава толькі зрэдку дазвалялі ўбачыцца з падабаронным. Адвакат выказаў занепакоенасьць тым, што яго кліенту не аказвалі належнай мэдычнай дапамогі ў сувязі з траўмамі. Пасьля адвакату прыгразілі пазбаўленьнем ліцэнзіі за тое, што ён падняў пытаньне аб стане здароўя свайго кліента.

Служба ў войску па-ранейшаму заставалася абавязковай, аднак пачалося абмеркаваньне законапраекту аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. На працягу году двух сьвядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы апраўдалі.

Даклад Amnesty International-2011 зьмяшчае зьвесткі пра становішча з правамі чалавека ў 157 краінах і тэрытарыяльных утварэньнях ў 2010 годзе.
XS
SM
MD
LG